USDКурс снизился 1.9746
EURКурс вырос 2.1262
Воля Чайкоўская | 23 января 2014

20 гадоў жыць і маляваць на вуліцы

Пасля адкрыцця выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі і прэзентацыі фільма “Скрыжаванне” 64-гадовы бяздомны гомельскі мастак Валерый Ляшкевіч стаў славутасцю. Ён вось ужо 20 гадоў, як жыве на вуліцы… Хаця некаторыя яго карціны захоўваюцца ў беларускіх і замежных калекцыянераў, а вартасць яго творчасці прызнаюць мастацтвазнаўцы.

У холад мастак ратуецца на гомельскім вакзале. А калі цяплее, спіць у кардонных каробках. Пасля выставы ў  сталіцы простыя гамяльчане, міліцыянты ды супрацоўнікі мясцовага вакзалу ўсё яшчэ віншуюць Валерыя з поспехам, распавядаюць, што бачылі яго па тэлебачанні, у інтэрнеце. Мастак шчасьлівы, што яго мара пра выставу нарэшце здзейснілася. А рэжысёр дакументальнага фільма пра Валерыя Ляшкевіча “Скрыжаванне” Настасся Мірашнічэнка хвалюецца, што калі цяпер, на хвалі свежага непадробнага інтарэсу да мастака, пытанне з яго жыллём не вырашыцца, яно не вырашыцца ніколі…

На выставе ў Нацыянальным прадстаўлена амаль 25 работ гомельскага творцы з яго ўласнай калекцыі. Цікава, што мастацтвазнаўцы выбралі творы пераважна апошніх гадоў, а не ранейшыя, некаторыя з якіх захоўваюцца ў гомельскіх калекцыянераў. Гэта значыць, што з узростам ды жывучы ў складаных вулічных умовах мастак не згубіў свой талент і толькі вырас у канцэптуальным сэнсе. Але гэта зусім не значыць, што мастак мусіць быць галодным і надалей.

Настасся Мірашнічэнка даўно хацела зрабіць фільм пра Валерыя Ляшкевіча. І калі нарэшце адважылася, то доўга шукала спонсара для праекту, а потым доўга ўгаворвала Валерыя на фільм. Мастак урэшце пагадзіўся, а спонсар так і не знайшоўся. І Настасся вырашыла рабіць фільм без фінансавання. Каманда, у складзе якой яшчэ сцэнарыст Алена Антанішына, аператар Аляксандра Мароз, гукааператар Святлана Сокал, рэжысёр відэамантажу Варфаламей Курага і кампазітар Аляксей Варсоба зрабілі фільм абсалютна бясплатна, трацячы грошы толькі на квіткі да Гомеля ды Пецярбурга і на ежу. Ну, і вядома, чым маглі, яны дапамагалі Валерыю Ляшкевічу. Ва ўмовах драпежнай рэальнасці гэта прыклад сапраўднай шчырасці і альтруізму. Пасля году працы дакументальны фільм быў нарэшце скончаны акурат да адкрыцця выставы, а Валерыю паступаюць прапановы аб куплі арыгіналаў яго графічных твораў. І хаця яны каштуюць усе ад 100$, наўрад ці ён сам здолее гэтым продажам зарабіць сабе на жыллё – невялічкую хату ў Гомелі ці недзе паблізу. Тут патрэбны спонсар. І няўжо ў Беларусі так і не знойдзецца ніводнага?.. Нездарма пішу пра Валерыя ў сваю калонку на bel.biz. Шчыра спадзяюся, што беларускія бізнесоўцы не застануцца абыякавымі да лёсу і творчасці гэтага чалавека.

На ўсялякі выпадак пакідаю тут электронны адрас рэжысёра Настассі Мірашнічэнкі nastya@folio-art.com Калі нехта захоча дапамагчы мастаку, звяртайцеся наўпрост да яе. Яна не арт-менаджар Валерыя і не прызначае кошты. Яна проста сябруе з мастаком і дапамагае яму скаардынаваць прапановы ад патэнцыйных пакупнікоў карцін. Да закрыцця выставы мастак зноў прыедзе ў Мінск, каб з імі сустрэцца.

Наогул, пра Валерыя Ляшкевіча можна распавядаць доўга і шмат. Рэжысёр “Скрыжавання” так і робіць. Яна можа дзень за днём апісаць кожны візіт да Валерыя ў Гомель, або расказваць пра аднадзённыя здымкі ў Піцеры, дзе мастак вучыўся і куды ездзіць кожнае лета, каб напісаць новыя карціны і прадаць старыя і дзе ведае кожнага бяздомнага і сам дапамагае ім, аддаючы, можа быць, апошнія грошы са словамі “Гэта харошы чалавек”.

Пра тое, як ў сям’і Валерыя было шасцёра дзяцей, а яго маці патрапіла ў канцлагер пад час вайны, маючы ўжо траіх дзяцей, і як ўратавала іх ад смерці. І што калі б меў сілы ды час Валерый напісаў бы кнігу пра сваю маці. Пра гомельскіх валанцёраў, якія дапамагаюць Валерыю. Пра мінскіх, якія купілі яму спальны мяшок.

Пра неверагодную эрудзіраванасць і начытанасць мастака і свабоднае валоданне як рускай, так і беларускай мовамі. Пра розныя хітрыкі, якімі карыстаецца Валерый, каб выжыць на вуліцы,  некаторыя з якіх паказаны ў фільме. Пра суполку “укантакце”, якую гомельская моладзь стварыла, каб каардынавацца ў дапамозе мастаку. Але лепш за ўсіх, вядома, можа сказаць толькі сам мастак. Настасся падзялілася са мной унікальнымі цытатамі Валерыя, якія не ўвайшлі ў фільм і нідзе не публікаваліся. Ён шмат разважае пра беларускі менталітэт, будучыню, творчасць. Паколькі мастак свабодна пераходзіць з рускай на беларускую і наадварот, я вырашыла не займацца перакладам і стылістычным рэдагаваннем. Вось як сказана, так яно і ёсць:

- Тот, кто не лезет не вершину, все равно ее не достигнет. А кто сто раз срывался, но говорил – все равно я долезу – у него есть шанс долезть до вершины.

- Мне хочется, чтоб в Европе знали, что белорусы – талантливые люди, а не мужики. Только для этого надо уже не дудочкой жалостливой Богушевича и скрипкой Коласа петь. А сказать – никто за вас ничего не сделает. Вы сами должны сделать максимум, чтобы народ свой возвысить. Великое делается только великими затратами.

- Молодой Панченко сказал так, он вообще много гениального сказал, например, “Неурядицам не сдавайтесь, путь к свершениям – путь невзгод. И рождайтесь, опять рождайтесь. Каждый месяц. Каждый год”. А еще он сказал  “Ці пяю, ці плачу, ці размаўляю з матуляю, песню сваю, мову маю я да грудзей прытульваю”. А незадолго до смерти в отчаянии Панченко пишет: “Янка Купала, дарагі наш Іван Дамінікавіч… гэта ужо не світанне. Гэта ўжо мовы маёй, песні маёй развітанне”. Умирает мова, умирает и народ. Это первый показатель. Как только язык умирает, народ распадается. Язык – связующее.

- Мы в целом сегодня – белорусы – мало чего делаем белорусского. Белорусского много было у Короткевича, Коласа, Купалы, а мы сегодняшние хотим быть белорусами, но мало что делаем для этого.

- Надо иметь свое жилье. Хоть дырявое. Но свое. Чтобы никто не мог оттуда выкинуть.

- Мне условия и окружающая среда не дали развиться в меру моих возможностей. И я подобен птице – символа мечты, у которой одно крыло здоровое… А второе крыло у меня не перебито, оно просто недоразвито. От природы. Я не развил его. И что может такая птица? Она кувыркается. Лететь она не может. Она кувыркается. Она оторвется чуть-чуть от земли и снова рушится на землю.

Вот я против чего – чтобы люди не были болванами. Чтобы нагружали разум – вот я за что….

Выстава Валерыя Ляшкевіча працуе ў арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея да 27 студзеня. Кожны дзень на працягу працы выставы а палове на пятую  там дэманструюць фільм “Скрыжаванне”.

Аўтар чорна-белых фота: Эрыка Парфёнава



Теги: люди, творчество, искусство
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю