USDКурс снизился 1.8774
EURКурс снизился 1.9875
Воля Чайкоўская | 15 марта 2013

Арт-Аб’екты, да якіх можна дакрануцца… нагамі

Нашыя дызайнеры вечна, як напрыдумляюць чаго, дык потым толькі дзіву даешся, як да такога, наогул, можна дадумацца. Так і ў гэты раз. Нявінная задума аўтамабільнай кампаніі правесці конкурс на найлепшы календар пра тапкі, якія абавязкова павінны быць звязанымі з аўто, ператварылася ў выставу. А на ёй не проста тапкі, а тапкі з падтэкстам.

{quote-1}

Ну, тут усё зразумела: калі выстава тапак, значыць разважалі пра хатні камфорт. Але разважаючы пра камфорт і хатнюю ўтульнасць воляй-няволяй думаеш пра вельмі актуальныя для сучаснай Беларусі праблемы. Таму і тапкі атрымаліся адпаведныя – натхняюць на глыбокія філасофскія роздумы.

Гледзячы на цынкавыя пантофлікі пад назвай “Хатняя гравітацыя” Максіма Пятруля, нельга не ўзгадаць пра Чарнобыльскую катастрофу. Аўтар нагадвае нам, што мы жывём у сваіх цёплых замкнёных кватэрах, але гэта не ёсць бяспечна. Небяспека і бяда ўсё роўна жыве поруч з намі. І, можа быць, пранікае ў нашае жыццё абслаютна незаўважна. Таму хатні камфорт – гэта тады, калі ты адчуваеш сябе сапраўды абароненым. А калі Чарнобыль побач, то лепш няхай тапкі будуць цынкавымі…

Тэму фаст-фуду закранае Hutkasmachna studio. Тут зрабілі пантофлі ў выглядзе хот-дога са здзеклівай назвай “Мінімум калорый”. Гэта такі сабе сімвал засілля Макдональдсам, сімвал таго, што шкодная ежа пранікае ў кожны дом. І… парушае звыклы камфорт. Таму што мы, як вядома, тое, што мы ядзім. А калі фаст-фуд і паўфабрыкаты нас паўсюль пераследуюць, нават дома, дзе можна самому круціць фарш і пекчы аладкі на кефіры, то ці будзем мы здаровай, моцнай і вынослівай нацыяй, якая пераможа ўсе ідэалагічныя баршчы?..

{quote-2}

На вялікай белай падстаўцы толькі подпіс, які тлумачыць, што па тэхнічных прычынах гледачы могуць пабачыць яго арт-аб’ект у галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Усе паціскаюць плячыма, не разумеюць, што за хохма. А ў закутку галерэі “Ў” сапраўды вісяць “тапкі” Вашкевіча. Толькі гэта не зусім тапкі. Гэта а-ля маляваны дыван у стылі Язэпа Драздовіча з дыскрыдытуючым надпісам, відаць, з-за якога і з’явіліся нябачныя тапкі. Надпіс у цэнтры дывана сведчыць – “жопа сперла тапки”. І тут ужо нічога не паробіш. Спёрла і ўсё. Так праз прыпеўкі і маляваныя дываны мастак звяртаецца да масавай культуры. А яго тапкі-няўгледкі таксама выклікаюць ланцужок цікавых развагаў. Тапкі, якіх няма – камфорт, якога няма – краіна, якой няма…

Камфорт, які можа і не быць выгодай, камфорт, які можа цябе паглынуць сваёй навязлівай бухматасцю, камфорт, які заклікае цябе ляжаць на канапе, ціснуць на гузікі пульту дыстанцыйнага кіравання і НЕ ДУМАЦЬ – вось той камфорт, ад якога многія мастакі сваімі тапкамі хочуць нас засцерагчы.

{quote-3}

Як, напрыклад, відавочна вучаць пантофлі Дзмітрыя Сурскага і Дзяніса Трапашкі “Вузы камфорту”. Іх пантофлі непадымныя в’етнамкі з цэменту. У такіх не тое што да ванны не дойдзеш, а наогул з месца не зрушыся. Сядзі ў сваёй кватэры, якая табе справа да таго, што робіцца на вуліцы!...

Пантофлі Івана Айплатава называюцца “Прыгожыя”. Але гэта падманлівая прыгажосць, гэта пастка. Гэта пантофлі з калючага дроту аздобленыя штучным жамчугом. Багацце, статус! Гэта такі сабе пантофлікавы дуалізм, спалучэнне неспалучальнага. Маўляў, выбірай: або штучны жамчуг (і ціха сядзі дома –вары борш), або – калючы дрот (тут усё ясна). Тыповы “прыгожы” камфорт па-беларуску.   

Яшчэ адны вострасацыяльныя пантофлі зрабіў скульптар Канстанцін Селіханаў. Гэта пантофлі з цаглін, зверху аздобленыя нечым бліскучым накшталт стразаў – “Архітапкі”. Канстанцін пайшоў далей. Ён прэзентаваў яшчэ і фотаздымак, на якім бігборд з яго тапкамі ўпісаны ў асяродак (такое заданне часта выконваюць студэнты на розных мастацкіх факультэтах). Асяродак – спальны раён. На бігбордзе – архітапкі. Слоган гучыць так: Усё можна знасіць! І гэта, безумоўна, тапкі пра беларускую талерантнасць, пафігізм і “мая хата з краю”. Тут можна бясконца пералічваць сітуацыі, пра якія неабыякавыя беларусы любяць прыгаворваць: “І гэта наш народ стрывае!..” Стрывае, куды ж дзенецца!..

Арганізатары “Тапаграфікі” недвухсэнсоўна намякнулі, што па хатніх пантофлях можна шмат чаго расказаць пра іх гаспадара. І што калі вы адчуваеце, што “выраслі” са сваіх тапак, то – бягом за новымі!





Теги: творчество, искусство, Беларусь, выставки
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю