USDКурс снизился 1.9746
EURКурс вырос 2.1262
Воля Чайкоўская | 01 марта 2013

Арт-iвэнты для падняцця баявога духу

Вясной адраджаецца ўсё. Мы спадзяемся на новае жыццё і глабальныя станоўчыя змены. Разам з павелічэннем светлых гадзінаў, у нас павялічваецца жаданне ды й магчымасць таксама некуды схадзіць і нешта асэнсаваць. Што прынясе вясна нашай культуры?

Вашай увазе пяць арт-івэнтаў, якія варта наведаць у першы дні вясны для падняцца баявога духу.

1. Творчая сустрэча з дызайнерам Уладзімірам Цэслерам. 1 сакавіка, 17.00. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва.

Купіўшы звычайны музейны квіток (кошты на які вагаюцца ад 6 да 12 тыс. руб. у залежнасці ад таго школьнік вы, студэнт, пенсіянер ці просты смяротны) вы патрапіце хоць і не ў ідэальную краіну або краіну цудаў, але на творчую сустрэчу з дызайнерам Уладзімірам Цэслерам з нагоды яго выставы "Практыка рынкавага рэалізму", пра якую мы кагадзе пісалі. Вядомы дызайнер сам раскажа вам, што ўсё гэта значыць, паразважае над прадстаўленымі на выставе жывапісам, скульптурай, арт-аб'ектамі і іншымі творамі яго парадаксальнага мыслення. Прычым цікаўнасць гэтае мерапрыемства выклікае таму, што Цэслер сам па сабе зусім не схільны да нейкіх там навуковых тэрмінаў і асэнсаванняў, і не надта любіць тлумачыць - што ён меў на ўвазе. Але для вас ён зробіць выключэнне і раскажа пра ўсё па-свойму: мудра і проста. А таму рыхтуйце нататнікі і дыктафоны - будзе шмат афарызмаў вытворчасці "беларускага брэнда".

2.  Урачыстая цырымонія абвяшчэння пераможцаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. 1 сакавіка, 18.30. Канферэнц-зала Princess гатэля Crowne Plaza (г. Мінск, вул. Кірава, 13). Уваход вольны.

Прыйдзецца выбіраць: або Цэслер, або Гедройц. Хаця мяркую, у прынцыпе мэтавая аўдыторыя ў гэтых мерапрыемстваў розная. У любым разе нарэшце раскрыецца галоўная літаратурная інтрыга пачатку гэтага года: з шорт-ліста, у які ўвайшло 6 кніг беларускіх празаікаў, выбяруць адну самую-самую, аўтар якой атрымае 10 тысяч еўра. Увесь гэты час вакол прэміі віравалі неверагодныя страсці. Але, як сказаў адзін з сяброў журы, усё вырашае голая арыфметыка. Журы прагаласуе, і выйграе банальна той, хто набярэ найбольшую колькасць галасоў. Зрэшты, ніхто ж і не аспрэчвае, што любы творчы конкурс - рэч спрэчная, насычаная рознымі выпадковасцямі. А ў кожнага сябра журы ёсць свае схільнасці і слабасці. Насамрэч, хто яго ведае. Але галоўнае, каб літаратура была цікавая не толькі таму, што некаму за яе заплацяць грошы. Неўзабаве даведаемся каму: Сяргею Балахонаву ("Зямля пад крыламі Фенікса"), Альгерду Бахарэвічу ("Гамбургскі рахунак Бахарэвіча"), Адаму Глобусу ("Сказы"), Уладзіміру Някляеву ("Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без"), Людміле Рублеўскай ("Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега") або Юрыю Станкевічу ("Шал").

3. Фотапраект Андрэя Шчукіна "Кінэстэтыка". 5 сакавіка, 17.00. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва.

Уявіўшы сябе сюррэалістам пачатку мінулага стагоддзя, выпускнік БНТУ, які некалі фатаграфіяй пачаў займацца ў гуртках пры сталічных газетах, вырашыў даказаць нам усім яшчэ раз, што ўсё геніяльнае проста. Дакладней, што эстэтычную прыгажосць можна знайсці і ў самых простых рэчах. Напрыклад, у прадметах гарадскога побыту. Лаканічныя, немудрагелістыя чорна-белыя кампазіцыі Андрэя маюць... тэрапеўтычны эфект. Глядзіш на яго фотаздымкі, такія някідкія і ўраўнаважаныя, і неяк супакойваешся. А рэчы тым часам жывуць сваім жыццём.

Выставу можна наведаць да 16 сакавіка.   

4. "Тапаграфіка" - праект, прысвечаны хатнім пантофлікам. 7 - 23 сакавіка, мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" (пл. Кастрычніцкая, 1, будынак Палаца Рэспублікі).

Напэўна, самыя імянітыя беларускія мастакі і дызайнеры згадзіліся паўдзельнічаць у арт-праекце, ініцыятарам якога стаў аўтацэнтр "Атлант-М на Машиностроителей". І праект, як вы зразумелі, прысвечаны зусім не машынам. На далікатную тэму хатніх пантофлікаў (якія належаць толькі нам і якія мы абуваем толькі дома, а не на паказ, таму можам быць шчырымі ў выбары і схільнасцях) паразважаюць Іван Айплатаў (аўтар сцэнічных касцюмаў для гурта "Ляпіс Трубяцкой"), Уладзімір Цэслер, Дзмітрый Сурскі, Руслан Вашкевіч, Андрэй Шчукін, Канстанцін Селіханаў, Дзяніс Барсукоў, Юлія Ляшкевіч, Максім Осіпаў, Максім Пятруль, Марына Шаліма (гэтая беларуская мастачка стварала пару жаночага абутку для міжнароднага кароткаметражнага фільма пра Халакост "Туфлікі"), Алена Карпілава. Аўтарам прапанавалі пераасэнсаваць звычайны побытавы аксесуар (што ж гэта ўсіх мастакоў на побыт пацягнула?!) і прадставіць гледачам сваё бачанне хатняй утульнасці на сучасны капыл. А слоўца "першы" ў азначэнні беларускага арт-праекту "Тапаграфіка", сціпла дэманструе, што задума з апломбам і доўгаіграючая. Ну, паглядзім!

5. Літаратурны фэст перакладной сярэднееўрапейскай літаратуры са шматабяцальнай назвай "Шэнгенка". 12, 15, 20, 26, 29 сакавіка, галерэя "Ў", 19.00.

Яшчэ адзін першы фестываль у гэтым спісе. Літаратурных падзей у нас, здаецца, адбываецца столькі, што я асабіста дзіву даюся, як яны ўмудраюцца збіраць кожны раз шмат народу. І гэта радуе. Галоўны ініцыятар праекту - “Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу”. Агранізатары - “Будзьма беларусамі!” і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Кнігі серыі "Сярэдняя Еўропа" - вынік двухгадовай працы вышэйзгаданай лабараторыі па перакладзе твораў сучасных чэшскіх, славацкіх, венгерскіх і польскіх аўтараў на беларускую мову. Акурат гэтыя творы вы і зможаце пачуць на імпрэзах. Тадэвуш Ружэвіч, Лешак Калакоўскі, Анджэй Валіцкі, Эган Бонды, Ян Рознэр, Шандар Марай у выкананні на беларускай мове цудоўных перакладчыкаў і філосафаў, сярод якіх Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, Андрэй Хадановіч, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Генадзь Сагановіч, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Віктар Жыбуль ды іншыя. Сапраўды ў сталічных аматараў прыгожага пісьменства будзе магчымасць так грунтоўна пазнаёміцца з сучаснай замежнай літаратурай. Ды яшчэ, мяркую, задаць свае пытанні пад час прэзентацый дасведчаным людзям, якія для нас гэтую літаратуру перастварылі на роднай мове. Сусветная літаратура ўсё часцей гучыць па-беларуску і выходзіць у нас асобнымі кнігамі. І гэта добра, мы абрастаем кантэкстам. Галоўнае, каб нас з яго сілком не выдзіралі. Вось нядаўна ў адной з буйных мінскіх кнігарань я заўважыла, што кнігі Васіля Быкава, выдадзеныя на рускай мове расійскімі выдавецтвамі, перацягнулі ў аддзел беларускай літаратуры. Значыць, на паліцы з сусветнай літаратурай Васіля Быкава мы ўжо не знойдзем. Выдралі з кантэксту ў простым сэнсе, што называецца...

БОНУС:

І не забудзьцеся, што ў нас усё-ткі ёсць магчымасць паглядзець "оскараносны шэдэўр"  Бэна Афлека "Аперацыя "Арго" пра вызваленне амерыканскіх дыпламатаў са зняволення ў аўтарытарным Тэгеране. Толькі з 14 па 20 сакавіка ў сталічным кінатэатры "Беларусь" будзе ісці стужка, якая сёлета атрымала галоўную ўзнагароду амерыканскіх кінаакадэмікаў.



Теги: отдых, творчество, литература, театр
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю