USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967
Воля Чайкоўская | 26 декабря 2013

Банк падтрымаў выставу Алены Кіш

У мінскай галерэі Міхася Савіцкага да 15 студзеня працуе выстава “На шчасце”, на якой прадстаўлена 14 маляваных дываноў Алены Кіш. Алена Кіш – інсітная мастачка, чыя творчасць стаіць у адным шэрагу з такімі мастакамі, як Язэп Драздовіч, Анры Русо, Нікола Пірасмані. Беларускі народны банк у рамках праекту ArtCard не толькі падтрымаў выставу, але яшчэ і прафінансаваў рэстаўрацыю двух маляваных дываноў Алены Кіш. А генеральны дырэктар банка Канстанцін Цэрэтэлі за ўласныя грошы прыдбаў кнігу “Сусветная энцыклапедыя інсітнага мастацтва” для гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

- Кошт кнігі я дакладна назваць не магу, – каментуе начальнік упраўлення маркетынгу Беларскага народнага банка Крысціна Вітушка, – Бо дырэктар купляў яе за ўласныя грошы. Мы знайшлі кнігу на amazon.com. Яна была выдадзена ў 1985 годзе ў Лондане і неўзабаве будзе дастаўлена ў Беларусь. Пасля мы накіруем яе ў заслаўскі музей.

Праект Беларускага народнага банка ArtCard стартаваў у 2012 годзе. Ён створаны з мэтай аб’яднаць намаганні банка і яго кліентаў па падтрымцы беларускага мастацтва. Карыстальнікі спецыяльнай карткі  Visa ArtCard, робячы пакупкі, спрыяюць стварэнню “фонда” падтрымкі мастацтва – на гэта ідзе 1% ад кожнай транзакцыі, аналагічную суму пералічвае банк. Такім чынам назапашваецца пэўная сума, якая дае магчымасць банку падтрымліваць важныя культурныя мерапрыемствы. Здаецца, калі б ва ўмовах таго, што дзяржава перманентна эканоміць на культуры ў Беларусі, кожны банк зрабіў нешта падобнае на ArtCard, у нас бы, магчыма, многае змянілася.   

Пра заслаўскі музей гаворка таксама зайшла невыпадкова. Менавіта ў яго сховішчах захоўваецца вялікая калекцыя маляваных дываноў Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, Фёдара Сухавілы, Генадзя Кузаўкова, Ядзвігі Вайцешык, Аляксея Марчкіна, Віктара Маркаўца. Менавіта там працуюць людзі, якія і ў ХХІ стагоддзі працягваюць ездзіць у экспедыцыі, з надзеяй адшукаць новыя маляваныя дываны, і ледзь не за ўласныя грошы купляюць іх. Праўда, часам ім не шчасціць. Расійскія перакупшчыкі каштоўнасцяў даўно прыязджаюць у беларускія вёскі ды мястэчкі, каб прыдбаць у вясковых жыхароў нешта, сапраўдную цану чаго могуць назваць толькі антыквары ды мастацтвазнаўцы. І яна, паверце, зусім не маленькая.

На выставе “На шчасце” таксама прадстаўлены дываны з уласнасці мінчанкі Ірыны Пуставалавай, чые продкі замаўлялі маляванкі ў самой Алены Кіш, і мастака-графіка Уладзіміра Басалыгі. Менавіта ён прадставіў у 1978 годзе на І Рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў маляванку Алены Кіш, якую сам знайшоў і адрэстаўраваў. З гэтага і пачалося вяртанне памяці пра Алену Кіш. Казачную, нерэальную, яскравую, шчырую і непасрэдную творчасць мастачкі нарэшце пачалі папулярызаваць і вывучаць. Пры жыцці ёй не пашчасціла быць прызнанай, і наогул яе жыццё было дастаткова трагічным. Аднавяскоўцы на Случчыне лічылі мастачку дзіўнаватай. Яна і сапраўды была троху дзікай, сама ў сабе, шмат малявала. Праўда, потым аказалася, што яе карціны вельмі падабаюцца людзям. І Кіш пачала вандраваць па Беларусі, малюючы дываны на заказ. А што прымусіла мастачку скончыць жыццё самагубствам ва ўзросце 60 гадоў, мы, напэўна, ужо ніколі не даведаемся.

НЭП, дзве сусветныя вайны, галеча і нястача, абсалютная незапатрабаванасць са з’яўленнем машыннай вытворчасці (пасля Другой сусветнай вайны пачалася татальная механізацыя і маляваныя дываны былі выцесненыя фабрычнымі) – невясёлая рэальнасць, у якой мала натхняльнага. Але нейкая невычарпальная ўнутраная крыніца натхнення і фантазіі дапамагала Алене Кіш ствараць свой уласны свет на палатне. Львы, чароўныя звяры, кветкі, дрэвы, звычайныя жыццёвыя сюжэцікі – вось пра што яе дываны-карціны. Яны сцвярджаюць прагу чалавека да прыўкраснага, спакою, лагоды, шчасця, кахання. Наіўнае мастацтва насамрэч толькі ўмоўна называецца наіўным. Усяго толькі таму, што яго стваральнікі не маюць прафесійнай адукацыі, яны малююць ад сэрца. І, магчыма, гэта нават больш  каштоўна. Угледзьцеся ў маляванкі Алены Кіш – яны прасякнутыя глыбінёй, у іх свая – жаночая – філасофія і ўспрыманне свету.  

Падтрымка выставы Алены Кіш – гэта не першы мецэнацкі досвед Беларускага народнага банка. Некалькі гадоў таму банк зарганізаваў і падтрымаў выставу Нікола Пірасмані ў Нацыянальным мастацкім музеі. Зразумела, што банкі гэта не дабрачынныя фонды, але калі яны ўкладаюць грошы ў вечнае – гэта падаецца неверагодна слушным.

- Выставу мы падрыхтавалі ў вельмі сціслыя тэрміны. Усё разам з рэстаўрацыяй заняло 2 месяцы, – распавядае Крысціна Вітушка, – Нам здавалася, што зрабіць гораду такі падарунак перад Калядамі – вельмі важна, таму мы спяшаліся. На вышэйшых нарадах нашага банка  разам з фінансавай сітуацыяй у краіне абмяркоўвалася тое, як ідзе падрыхтоўка да выставы.

Цяпер, калі рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея вельмі ашчадна адрэстаўравалі (нават можна сказаць – закансервавалі) два дываны Алены Кіш, яны збіраюцца наведаць заслаўскі музей, каб пракансультаваць заслаўскіх музейшчыкаў, як правільна захоўваць маляванкі. Праўда, тут ужо не ўсё залежыць ад супрацоўнікаў музея “Заслаўе”, бо сховішча для экспанатаў – у незайздросным стане. Музей знаходзіцца на балансе Міністэрства культуры, але адчувае істотную нястачу фінансвання і ўвагі. Магчыма, ён таксама чакае свайго мецэнта?



Теги: творчество, искусство, люди, движение, достижения
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю