Воля Чайкоўская | 25 октября 2013

"Бульбамуві" - перспектыўны міжсабойчык?

- Перабралася жыць у Варшаву? – пытаецца ў мяне адзін невыпадковы наведнік фестывалю беларускага кіно ў Варшаве "Бульбамуві".

- Ды не, на фестываль прыехала.

- Няўжо нехта яшчэ адмыслова ездзіць з Мінска на "Бульбамуві"? – задае пытанне з прэтэнзіяй на рытарычнасць мой суразмоўца, і я не знаходжу нічога лепшага, як проста кінематаграфічна пасміхнуцца ды паціснуць плячыма.

Сапраўды, лёс склаўся так, што сёлета адбылася мая дэбютная паездка на фестываль, які ладзіць дырэктар Януш Гаўрылюк вось ужо трэці год пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы. Фестываль атрымліваецца вельмі эклектычным і часам непаслядоўным. Фармат фэсту і колькасць дзён, у якія ён праходзіць (усяго 2 дні), відаць, пакуль не дазваляюць разбіць конкурсную праграму адпаведна: мастацкае кіно, дакументальнае кіно, анімацыя; поўны ды кароткі метры. На адной пляцоўцы даволі непапулярнага варшаўскага кінатэатру "LUNA" паказваюць усе фільмы-ўдзельнікі запар. Пасля шасцігадзіннага кінамарафону з конкурсных карцін у галаве, шчыра прызнацца, поўная каша. Пашчасціла журы, якія мелі магчымасць паглядзець карціны загадзя. Ну, і насамрэч, калі б у іх было толькі паўгадзіны пасля прагляду на тое, каб асэнсаваць усе стужкі і размеркаваць узнагароды, выглядала б гэта надта трывіяльна.

Зрэшты, фестываль і без гэтага называюць "жорсткім міжсабойчыкам", нягледзячы на амбітнае выказванне Януша Гаўрылюка некаторым СМІ пра тое, што "Бульбамуві" плануе перабрацца ў Мінск і стаць лепшым за "Лістапад". Параўноўваючы два фестывалі, думаю, самае галоўнае  – разумець іх абсалютна розныя місіі і спецыфіку.  

Ужо адно тое, што другі год запар сярод іншых у журы "Бульбамуві" мы назіраем адных і тых жа людзей (я пра Максіма Жбанкова ды Андрэя Кудзіненку) можа сведчыць, як мінімум, пра дзве рэчы: альбо больш няма каго запрашаць; альбо арганізатары фэсту папросту не клапоцяцца пра разнастайнасць.Тут ужо няхай кожны сам разважае, што бліжэй да ісціны, больш намякаць не буду.

Што тычыцца самой праграмы, якую я, на жаль, паглядзела не зусім усю, то заявак на фестываль сёлета было пададзена ажно 34. З усёй гэтай колькасці фільмаў арганізатары фэсту адабралі 16, якія і склалі конкурсную праграму. І тут ужо стракатасці не было мяжы! Тое, як некаторыя фільмы апынуліся ў праграме фестывалю, выклікала ў мяне шчырае здзіўленне на мяжы з захапленнем.

- Мы маем тры асноўныя крыніцы для праграмы "Бульбамуві", – распавядае крытык Максім Жбанкоў, сябра журы "Бульбамуві-2013". – Першая – гэта прыватныя, аўтарскія праекты, як, напрыклад, анімацыйны фільм Андрэя Такінданга "Горад". Другая – тое, што робіцца падчас навучання ў творчых навучальных установах. Гэтыя працы робяцца паводле пэўных вучэбных патрабаванняў і да іх асаблівае стаўленне. І трэці рэсурс – прафесійныя фільмы, якія нейкім чынам трапляюць у нашую праграму. Гэты трохбаковы вектар заўсёды вельмі няпросты. Ад дэбютантаў і "дылетантаў" ніхто не патрабуе выкшталцонасці і ведання тэхнікі. Студэнты наадварот маюць тэхнічныя заданні і іх выконваюць. Ну, і нарэшце прафесіяналы робяць тое, да чаго яны прызвычаіліся, то бок дэманструюць пэўны стандарт якасці. І гэтыя рэчы непараўнальныя. Таму нельга вылучыць лепшыя, горшыя фільмы – гэта ўсё вельмі адносна. "Бульбамуві" збольшага – гэта фестываль пачаткоўцаў, фестываль стартаў. І таму больш лічыцца перадусім аўтарскі імпэт, энергія, бачанне рэчаіснасці і здольнасць пра яе нешта сказаць. У пэўным сэнсе гэта спаборніцтва драфтаў і перспектыў. Фестываль пазначае пэўныя магчымасці. Таму мы ўзнагароджваем найбольш эфектыўныя заяўкі на будучыню. Гэтыя стужкі не мусяць быць бездакорнымі, яны мусяць быць цікавымі, энергічнымі і, вядома, беларускімі. Тут не пытанне мовы, а пытанне нейкай ментальнай залежнасці ад наяўнай беларускай сітуацыі і здольнасць пра яе распавесці нешта сваё.

Ментальна залежаць ад беларускай сітуацыі тры фільмы. "Бронзавую бульбу" атрымаў анімацыйны фільм Андруся Такінданга "Горад" пра жыццядзейны ўплыў мастацтва на грамадства з лёгка дэкадуемай метафарай пра зомбі, якіх вулічная музыка ператварае ў нармальных людзей.

"Срэбраную бульбу" атрымаў дакументальны фільм Таццяны Сяцко "Не веру". Знакамітую фразу Станіслаўскага маладая рэжысёрка ўзяла ў якасці назвы фільма нездарма: ён распавядае пра вучобу на акцёрскім факультэце беларускай Акадэміі мастацтваў і незапатрабаванасць выпускнікоў гэтага факультэта. Калі казаць больш глабальна: пра татальную незапатрабаванасць творчых думаючых людзей у нашай краіне.

"Залатую бульбу" атрымала анімацыйная стужка Марыі Матусевіч "Фокус". Пакадравая лялечная анімацыя пра маленечкага зайчыка, які жыве ў капелюшы фокусніка, стала сапраўдным фаварытам фестывалю, і ўсе сябры журы ў адзін голас адзначылі высокую якасць фільма. Яшчэ б, Марыя сёлета скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, "Фокус" быў яе дыпломнай працай, а куратарамі майстэрні – вядомыя беларускія аніматары Міхаіл Тумеля ды Алена Пяткевіч. Сімпатычны мультфільм з ваўняным зайчыкам і музыкай "Coco Rosie" – вельмі добры старт Марыі Матусевіч у анімацыйным кіно. Улічваючы няпростую грашовую сітуацыю ў нашай краіне наогул і ў беларускім кіно ў прыватнасці хочацца толькі пажадаць рэжысёру мужнасці, знайсці багатага спонсара і не сысці ў рэкламу.

Спецыяльны прыз тэлеканалу "Белсат" і магчымасць зняць новую стужку атрымаў рэжысёр Сяргей Каласоўскі за фільм "Чорны і белы" пра маладую маму, якая развялася з мужам і вырашыла паехаць у Польшчу, каб здымацца ў порнафільмах. Па-першае, гэта прыбыткова, па-другое, прыносіць задавальненне. З цікавай гісторыі атрымаўся вельмі пасрэдны фільм са змазаным фіналам. Нуль мэсаджу, нуль глыбіні. Падазраю, што фільму дастаўся спецпрыз выключна за скандальны патэнцыял тэмы. Рэжысёр і журналіст Юрый Каліна, які таксама ўваходзіў сёлета ў склад журы, уручаючы прыз, адзначыў сурова, але справядліва:

- Бюджэт атрымаеш, калі мы атрымаем ад цябе дастойны сцэнар новага фільму.

Неспадзяванкай стаўся ўдзел фільма "Бабруйск-Дакар" (рэж. Аляксандр Дэбалюк) у конкурснай праграме "Бульбамуві". Праект гэтага фільма, які здымаўся ў Віцебску, Бабруйску ды некаторых іншых гарадах Беларусі і нават у Маскве, перамог у другім конкурсе Нацыянальных кінапраектаў, які ладзіла Міністэрства культуры. Таму пабачыць гэтую вясёлую, але недасканалую рамантычна-айцішную камедыю ў Варшаве было трошку дзіўна.

- А што тут такога, – лічыць Аляксандр Дэбалюк, для якога "Бабруйск-Дакар" стаўся дэбютам у мастацкім поўнаметражным кіно. – Тым больш, Януш – мой сябра. Я трэці раз на фестывалі і нарэшце падумаў: чаму б не паўдзельнічаць самому.

І, варта адзначыць, удзел стаўся паспяховым: "Бабруйск-Дакар" атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.

Ухвальна, што прыватная ініцыятыва дырэктара "Бульбамуві" ператварылася ў сапраўдны фестываль. Але працаваць над ім прыйдзецца яшчэ багата, першы чым ён атрымае нейкі аўтарытэт і яго службы будуць працаваць зладжана, як гадзіннік.

Што тычыцца ўласна беларускага кіно, то, мяркуючы па тым, што яму прысвечаны цэлы кінафестываль, яно хутчэй  ёсць, чым яго няма, перафразуючы знакамітую фразу. Але існуе яно збольшага ў рэжыме... У рэжыме прыватнай ініцыятывы, абмежаванага фінансавання і лёгкага дэфіцыту талентаў.

У кулуарах усе шапталіся, што сёлетняя праграма "Бульбамуві" была куды слабейшая за мінулагоднюю і выбіраць асабліва не было з чаго. А калі ўлічваць, што ў мінулым годзе заявак на ўдзел было пададзена бадай у два разы больш, то можна, наогул, рабіць песімістычны прагноз.

- Дзе нашыя Таранціны?! Дзе Кустурыцы?! – інфернальна пасмейваючыся ўсклікае рэжысёр нашумелых фільмаў "Акупацыя. Містэрыі" і "Масакра" Андрэй Кудзіненка, калі мы выходзім з кінатэатра "LUNA" пакурыць пасля цырымоніі ўзнагароджання. – Я не разумею! Я сяджу ў журы ўсіх гэтых "кінаварак" (фестываль "КінаVarka" – Аўт.) ды "смартфільмаў" (фестываль мабільнага кіно "Smart Film Festival", які ладзіць кампанія "Velcom" – Аўт.), гляджу ўсе гэтыя фільмы, шукаю, чаго б сцягнуць. Але, халера, сцягнуць няма чаго!.. 



Теги: творчество, искусство, кино, движение
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю