USDКурс снизился 1.9703
EURКурс снизился 2.1019
Сяргей Будкін | 24 мая 2012

Чалавек, у якога заўсёды ўсё Кул

Дзіва, Аляксандр Кулінковіч адзначыў толькі 40 год, а з ім звязаная цэлая эпоха ў беларускай музыцы. Пра такіх, як ён кажуць – “чалавек без узросту”.

Neuro Dubel быў для мяне адным з першых беларускіх гуртоў, з якімі давялося пазнаёміцца. Здарылася гэта ў 1995 годзе, па выхадзе іх касетнай дылогіі “Умные вещи”. Фраза з песні “Машины” “а люди спят, похожие на // машины по производству г…на” проста скарыла ды стралой трапіла ў свядомасць. У той час Кулінковіч напоўніцу займаўся даследаваннем уплыву моцных алкагольных напояў на свой арганізм і ўдаваў з сябе на сцэне стопрацэнтнага адмарожанага панка, пры гэтым праўда напоўсвядома капіруючы не столькі Джоні Ротэна, колькі Пятра Мамонава, з якім неўзабаве мусіў пазнаёміцца.  

Далей-болей – недзе тады пабачыў Кула па тэлевізары. Было гэта ў культавай “Праграме А” на РТР, дзе беларускі музыкант быў вельмі рэдкай птушкай. Лысы і хударлявы хлопец сутаргава рухаўся і пад зусім незладжаны акампанімент выконваў заімшэлы савецкі шлягер “Вологда”. Дзіва, але пры гэтым не было адчування, што ён здзекаваўся з “Песняроў”. Хутчэй яму карціла дадаць у гэтую аморфную гісторыю пра дом з резным палісадам нейкага канфлікта. Пераасэнсаванне кавераў на доўгі час стане адной з фішак  Neuro Dubel. Адзін з галоўных канцэртных хітоў каманды на той час – песня, якая нагадвала саўндтрэк да мульфільма “Бременские музыканты”, толькі з іншым тэкстам, мінімальна сціслым.

"Ничего на свете больше нету" (смотреть YouTube)

Праз год пашчасліла пабачыць Кула ў дзеянні ўжывую. Было гэта на прэзентацыі праекту “Песнярок” у скверы Янкі Купалы. Для мяне гэта быў першы рок-канцэрт у жыцці. Уразіла тое, што ўсе без выключэння скандавалі “Нейра дзюбель”, і ніводны не піскнуў “Песняры”, дзеля якіх гэтая дзея ўласна і задумвалася. А ў Валіка Грышко хлопец з майго раёну нават кінуў пластыкавую бутэльку, каб ён хутчэй саступіў сцэну Кулінковічу. “Песняры” былі нібы дзяржаўнымі, “дзюбеля” нібы альтэрнатыўнымі, але канфлікту між імі сапраўды не было. Адзін з самых яскравых момантаў у кар’еры Кулінковіча – цырымонія “Рок-Каронацыя-1998”, дзе ён атрымаў галоўны прыз з рук Уладзимира Мулявіна. А потым “дзюбеля” ды “песняры” здзейснілі вельмі смелы ўчынак: выканалі разам усё тую ж “Вологду”. Выйшаў сапраўдны вэрхал.       

Мусіць у нечым Мулявін, а ў нечым калега Лявон Вольскі паўплывалі на свядомасць Кулінковіча і ён раптам пачаў пісаць песні па-беларуску, чым нямала здзівіў сваіх фэнаў, якія нават канфрантавалі з радыкальна настроенымі беларускамоўнымі прыхільнікамі N.R.M.  Песню з прыпевам “Я памру тут” давялося ўпершыню пачуць на “Рок-Каранацыі-2001”, якая падалася тады проста злым і цынічным адказам удзельнікам праекту “Я нарадзіўся тут”, узнагароджанага якраз галоўнай Рок-каронай. Кул быў нібы не з той пясочніцы, але неяк прамовіў фразу “я хоць і расійскамоўны, але я ж…пу парву дзеля Беларусі” і яго сталі паважаць паўсюль і нават на кансерватыўнае (у плане мовы) “Басовішча” упершыню паклікалі гурт з праграмай на рускай мове.  

А потым Кул запеў на беларускай. Калі ён запісваў свой першы беларускамоўны альбом “Tanki”, то тэлефанаваў і раіўся наконт ужываньня таго ці іншага слова. Проста радавалася душа пры выглядзе таго, як чалавек адкрывае для сябе наноў беларускі сусвет. А яшчэ было радасна назіраць Кулінковіча ў якасці арганізатара дабрачыннага канцэрту “Цукеркі – дзяцям”, што праайшоў пры канцы снежня 2003 году ва ўжо даўно неіснуючым клубе NC. Усе сабраныя грошы музыкі пералічылі тады на навагоднія падарункі ў дзіцячыя дамы. Можа гэта акцыя і стала бы перыядычнай і больш маштабнай, толькі вось “дзюбелям” пасля выступу на апазіцыйным мітынгу  разгарнуцца больш не давалі. На доўгія гады прадзяржаўныя СМІ ігнаравалі гурт, потым на нейкі час Neuro Dubel з’явіўся, а потым ізноў знік з эфіраў і з афішаў. Ясна, што ў сітуацыі практычна поўнай адсутнасці канцэртаў стан Сашы пагоршыўся – нават не столькі фінансавы, колькі псіхалагічны. Але гледзячы на яго кожны раз бярэ ўпэўненасць, што такія людзі не ламаюцца. Пры ўсёй неспрыяльнай абстаноўцы, ён сапраўды выглядае на чалавека, у якога ўсё кул.  Дзякуй богу, Кулінковіч даўно ўжо перакрочыў небяспечны для рокераў узрост у 28 год, а значыць жыць яму доўга і не бедаваць. 

"С праздником" (смотреть YouTube)



Теги: Neuro Dubel, Аляксандр Кулінковіч, музыка, эмоции, движение, карьера
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю