Воля Чайкоўская | 16 ноября 2012

Чэхаўскія матывы на "Лістападзе": нядорага і сярдзіта?

Пра гэта літаральна ўсе голасна казалі на ХІХ ММКФ “Лістапад”. У тым ліку і расійскі рэжысёр Міхаіл Сегал. Некалі ён пачынаў, здымаючы кліпы для гурта “Ногу свело”. Потым Сегала звяло ў вялікае кіно. Прычым менавіта на беларускай глебе. Яго першая мастацкая стужка “Франц+Паліна”(2006) – кінаапавяданне паводле твора нашага бескампармісна любімага пісьменніка прынцыповай праўды Алеся Адамовіча.

Ігар Угольнікаў у ролі прэзідэнта ў стужцы Міхаіла Сегала "Расказы" (2012)

“Франц+Паліна” —  стужка пра каханне нямецкага саладата і беларускай дзяўчыны. Са змененым фіналам, не такім, як у першакрыніцы. За што ў свой час Сегала крытыкавалі. Стужка, дарэчы, амаль цалкам на беларускай мове. І нават сам расіянін Сегал, які выканаў ролю партызанскага камандзіра, у фільме размаўляе амаль па-беларуску. Мова ў стужцы, канешне, змешаная. Такая сабе гуманная трасянка. Але на тое ён і савецкі час і “великий и могучий”, каб усе мовы блыталіся і перапляталіся, ператвараючыся ў адну глыбокую плынь. Пра мову ў стужцы Сегала я яшчэ і да таго, што, напрыклад, Сяргей Лазніца не зняў “У тумане” паводле Васіля Быкава па-беларуску. Сказаў у адным з інтэрв’ю, што акцёраў беларускамоўных не знайшлося, якія б па тыпажы падыходзілі. Ну, не знаю-не знаю...

{quote-1}

Пад час перапынку, дарэчы, рэжысёр перыядычна наведваўся у Міснк і здымаў тут кліпы для маскоўскага рэпера Владзі з гурта “Каста”. Кліпы на песні "Радыёсігналы" і "Вакол шум", напрыклад, Сегал зняў акурат у нашай сталіцы. І наогул, Міхаіл лічыць:

- Усе ведаюць, што палова расійскага кіно здымаецца ў Мінску, таму што тут танней. Гэта вядомы факт - Мінск ужо шмат гадоў з'яўляецца адной з тэхнічных баз для здымак многіх расійскіх фільмаў і серыялаў.

“Расказы" Сегала цікавыя не толькі тым, што гэта захапляльныя, па-майстэрску зробленыя дасціпныя напаўсатырычныя замалёўкі нашага з вамі жыцця. Але яшчэ і тым, што дзве з чатырох навел фільма Сегал зноў-такі здымаў у Мінску, ды яшчэ з некаторымі беларускімі акцёрамі. Так, бабулю-экстрасэнса ў навеле "Энергетычны крызіс" сыграла наша цудоўная Тамара Міронава. Яна ж гарала Кучарыху ў першай стужцы Сегала "Фарнц+Паліна". А ролю ў "Расказах" рэжысёр aka сцэнарыст пісаў адмыслова для Тамары Васільеўны. Віктар Манаеў сыграў прафесара ўніверсітэта ў навеле пра калаўрот хабараў у грамадстве "Кругавы рух",а Віктар Малчанаў - маёра. З нашых быў заўважаны яшчэ Анатоль Голуб. А вось адзін малады беларускі рэыжсёр-дакументаліст, якія сядзеў са мной побач на праглядзе фільма, заўважыў мінскі ваенкамат на Кальцова, 15А. Там здымаўся эпізод пра тое, як бацька дае хабар высокапастаўленаму вайскоўцу, каб яго сын не патрапіў у войска. Абедзве загадныя навелы (паказальна, што пра бабулю-экстрасенса, якая, бегаючы па палях ды БАЛОТАХ, дапамагае міліцыі адшукаць дзяўчынку; і пра ХАБАРЫ) здымаліся ў Беларусі. Наогул, гэта вельмі тыпажнае, дасціпнае і адначасова трагічнае кіно. Хаця меркаванні разыходзяцца не толькі датычна якасці гэтай кінакарціны, а нават адносна таго, ці кіно гэта наогул. Некаторыя называюць стужку проста "аўдыёвізуальным творам эпохі Вэб 2.0".

{quote-2}

Беларуская актрыса Тамара Міронава ў ролі бабулі-экстрасенса ("Расказы", рэж. Міхаіл Сегал).

- Гэтыя навелы адмыслова зроблены ў розных жанрах, тлумачыць рэжысёр Міхаіл Сегал, Каб трошку пагуляць у розныя жанры кіно па ходу развіцця стужкі. Часткова я зрабіў гэта, таму што самі гісторыі дыктуюць свой жанр. Напрыклад, навела пра бабулю напісана як псеўдатрылер, гісторыя "Свет крапяжу" напісана як камедыя абсурду, навела пра рэдактара і маладую дзяўчыну, якая думае, што Ленін памёр у 1940-ым як эратычная камедыя. Смелай ідэяй было ўсё гэта аб'яднаць і зрабіць рознажанравае кіно.

   Дарэчы, адметна, што шмат “лістападаўскіх” стужак, былі знятыя як раз на нацыянальных кінастудыя за дзяржаўныя альбо часткова дзяржаўныя грошы. Так, напрыклад, крутая “Крутая Колка" Юрыса Пошкуса, або грузінская стужка “Апякун” з Міхаілам Месхі, які пакарыў усіх. Яны могуць там, у сябе, у Латвіі ды Грузіі, за самы сціплы бюджэт зняць і табе аўтарскае, і табе глядацкае кіно. І рэальна крутое. Яны адтуль, з Расіі ды Украіны едуць у Беларусь здымаць кіно, таму што тут нядорага і сярдзіта. І ў іх атрымліваецца ўсё “кул” (як у таго ж Сегала), а ў нас — "Скрасці Бельмандо"... Нахабна і непазбежна паўстае пытанне: чаму тады мы тут, у сябе, так не можам?.. Пытанне гэтае становіцца спакваля рытарычным, калі не сказаць – экзістэнцыйным.



Теги: творчество, движение, Лістапад
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю