Цыган беларускага кіно

Ухапіліся за гэтага Лазніцу, як за саломінку. Кідаемся, як сабакі на косці. Васіль Быкаў на еўрапейскіх экранах! Беларускі дэсант у Канах! Можа, Быкаў – гэта і ёсць тая самая саломінка. Але вось ці будзе Сяргей Лазніца цягнуць беларусаў?...

У праграму 65-га Канскага кінафестывалю патрапіў фільм " У тумане" Сяргея Лазніцы, рэжысёра родам з Баранавічаў, які вось ужо колькі гадоў жыве ў Берліне. Жанаты. Мае дзвюх дачок. У Мінску бывае часам. Спыняецца, як правіла, у беларускіх сяброў-кіношнікаў, якіх абачліва завёў сабе тут некалі.

Стужка "У тумане" знятая паводле аповесці Васіля Быкава. Лазніца асабіста атрымаў дазвол у пісьменніка на экранізацыю гэтага твора яшчэ ў 2001 годзе. Сяргей Уладзіміравіч – таленавіты рэжысёр-дакументаліст. "У тумане" – яго другі мастацкі фільм. Першы – "Шчасце маё" – таксама браў удзел у паліткарэктным кінашоу на Лазурным беразе, а ў 2010 годзе атрымаў гран-пры айчыннага кінафестывалю "Лістапад".

Ёсць, чым ганарыцца, шчыра кажучы. Але і крыўдна бязмежна.

Спадзяёмся. Піярым. Наш! У Канах! Ах-ох! А ён наш, можа быць, толькі напалову – карыслівы геній з матэматычна-метафізічным складам розуму, які ў зручны час "зваліў" у зручнае месца. Дарэчы, пасля нараджэння Лазніца ўсяго паўгода пражыў у Баранавічах... 

Ах-ох! Фільм паводле Быкава, зняты пры ўдзеле "Беларусьфільма"! І хоць, як сцвярджае гендырэктар нацыянальнай кінастудыі Алег Сільвановіч, нашых грошай там каля 8%, здаецца, што мы – жабракі, якія хочуць пераканаць саміх сябе ў тым, што гэта не так.

– Мозг таксама важыць не шмат, адносна ўсёй масы цела чалавека, – удараецца ў нацыянальную кінафізіку Алег Ігаравіч. – Але затое – ЯКАЯ гэта вага!

Так, якая?...

Кампанія, якая сабралася ў асноўным конкурсе Канскага кінафэсту рэальна ўражвае. 22 фільмы. Больш за палову з іх зрабілі рэжысёры з такімі прозвішчамі, што здаецца, калі вымавіш іх услых, з'явіцца нейкі Чароўны Чалавечак і выканае ўсе твае нецэнзурныя сінефільскія жаданні. Ален Рэнэ, Жак Адзіяр, Леа Каракс, Дэвід Кроненберг, Міхаэль Ханеке, Абас Кіярастамі, Кен Лоўч, Карлас Рэйгадас, Ульрых Зайдль. Думаю, працягваць бессэнсоўна. І так ужо дыханне спынілася пасля імя Каракса.

Але тым не менш – апошнім у спісе значыцца Сяргей Лазніца. Глыбокі ўдых, рабяткі! У сапраўдных патрыётаў грудзі распірае ад гонару, хаця яны людзі пранікнёныя і пяткамі адчуваюць – Лазніцу пляваць на беларушчыну. 

Ён не будзе хаваць свайго паходжання, але і хваліцца ім не будзе. "Я цыган", – распавядае Лазніца ў інтэрв'ю Белсату. А мы бегаем за ім, ледзь не молімся. Трымаем пальцы. І мажліва, нейкім трансцэндэнтым чынам гэта паспрыяе таму, што Сяргей Лазніца без прыза не застанецца. Прынамсі, улічваючы агульнафестывальную кан'юнктуру, асаблівасці стасункаў "Беларусь-Еўропа" і трэндавасць прозы Васіля Быкава, само сабой думаецца як мінімум пра нейкі спецыяльны прыз.

І хоць Сяргей Уладзіміравіч і прызнаецца ў розных інтэрв'ю, што, маўляў, Беларусь-успаміны-дзяцінства, і хоць уплыў яго на беларускае кіно куды большы, чым мы сабе думаем, але ж ён з'ехаў-такі і не вярнуўся... І яго зусім не клапоціць, калі беларусы пабачаць на шырокім экране фільм "У тумане" паводле класіка сваёй нацыянальнай літаратуры. Прынамсі, у размове з карэспандэнтам ВВС ён перажываў толькі за еўрапейцаў і рускіх...

Карацей, Беларусь – гэта вам не Лазурны бераг. А Лазніца – не Юсры Насрала (егіпецкі кінарэжысёр, які ўздымае актуальныя-тут-і-цяпер-у-гэтай-краіне сацыяльна-палітычныя тэмы ў сваіх фільмах – ісламскі фундаменталізм, бежанцы – і фільм "Пасля бітвы" якога таксам ўвайшоў у асноўную Канскую праграму). Лазніца не жыве ў Беларусі пастаянна. Таму вырашыў пайсці больш простым шляхам. Хаця і экзістэнцыйным.

А вось што было б, каб у Каны прывезці фільм пра беларускія плашч-палаткі ў цэнтры сталіцы (ну, вы зразумелі гэты эўфемізм!)

За туманам нічаго ня відна...



Теги: кино, Василь Быков, Сергей Лазница, карьера, Каннский фестиваль, Беларусьфильм, Юсри Насралла
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю