USDКурс снизился 1.9703
EURКурс снизился 2.1019
Воля Чайкоўская | 12 июня 2012

Геній месца: змена дыслакацыі

На плошчы Якуб Коласа ў Мінску цэлыя тры месяцы будуць экспанавацца 19 рэпрадукцый прац Шагала віцебскага перыяду. Ім не страшныя ні дождж, ні спёка, ні вецер, бо рэпрадукцыі надрукаваныя на адмысловых трывалых да прыродных стыхій стэндах памерам 3 на 2 метры. Што ж зробіш: калі мастацтва выходзіць на вуліцы, яно мусіць прытрымлівацца вулічнага фармату.

Праект “Мастак і горад” арганізаваны пры падтрымцы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Мінгарвыканкама, Міжнароднага сацыяльна-эканамічнага фонду “Ідэя”, амбасады Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, фінансавай падтрымцы генеральнага партнёра банка "БелВЭБ" і прымеркавана да 125-годдзя мастака.

Высакародны і цікавы праект у навінку тым беларусам, якія ніколі не бачылі нічога падобнага ў іншых краінах. Сціранне межаў паміж мастацтва і рэальнасцю – звычайная практыка ў свеце. У Беларусі толькі ў мінулым годзе ўпершыню адбылося нешта падобнае. Тады на плошчы Якуба Коласа зладзілі вулічную выставу польскага плакату ХХ стагоддзя.

Сёння там валадарыць Марк Захаравіч.

Праўда (ох, якое расчараванне!), выстава ўяўлялася значна больш маштабнай і крэатыўнай, чым аказалася. Акрамя плюсаў (асветніцтва, аказваецца, актуальнае і сёння) у праекта “Мастак і горад” ёсць два відавочныя мінусы. Па-першае, памер рэпрадукцый аказаўся значна меншым, чым я, напрыклад, сабе ўяўляла. Хоць памер арыгінальных прац Шагала быў даволі-такі камерным – мастак рэдка пісаў вялікія палотны – у карцін з такім палётам, на вуліцы павінны быць зусім іншы фармат. Мінаку будзе складана ўцяміць, што там за мікраскапічныя малюначкі губляюцца на фоне шматлікіх лагатыпаў усіх арганізатараў і спонсараў выставы.

Па-другое, калі мастацтва выходзіць на вуліцы, то павінна быць гатова сустрэцца не з самымі адукаванымі і неспрактыкаванымі гледачамі і адстаяць, абараніць сябе, калі стане патрэбна. Таму і было вырашана суправаджаць усе рэпрадукцыі каментарамі, якія б тлумачылі, што гэта за праца, якімі сімваламі напоўніў яе Шагал і што азначаюць гэтыя таямнічыя надпісы на ідыш. Але ўся штука ў тым, што каментары гэтыя зусім не арыгінальныя і да таго ж яшчэ паўтараюцца, напрыклад, пад рэпрадукцыямі літаграфій з адной серыі. “Ландышы” (1916) – так-так, гэта тыя самыя ландышы, якія Шагал падарыў Бэле на нараджэнне дачкі. “У цырульні” (1914) – так-так, у той самай цырульні  таго самага дзядзі Зусмана. “Дом у Лёзна” (1914) – так-так, гэта той самы дом у Лёзна, дзе нарадзілася маці Шагала і дзе маленькі Марк бавіў летнія вакацыі. Карацей, каментары, канешне, ствараюць пэўны кантэкст і рэтраспектыўнасць... Але калі б яны былі больш крэатыўныя (раз уж фармат вулічны, асветніцкі, папулярны), то праект ад гэтага толькі выйграў бы.  

А наогул, часам мне вельмі шкада Марка Шагала!

Яго разрываюць на часткі. Віцебск, Парыж, Тэль-Авіў…. Гэта як мінімум тры геаграфічныя кропкі, якія ўтвараюцт магічны трохкутнік, пасярэдзіне якога Марк Захаравіч. Ён разгублена азіраецца і дамалёўвае сабе крылы, каб уляцець-вызваліцца.

Па словах амбасадара Францыі Мішэля Рэнары, тое, што Шагал нарадізўся ў Віцебску, не так шмат і значыць. Важна, у якой краіне ён знайшоў сапраўдны прытулак, у якой краіне яго падтрымалі.

Так, гэта, канешне, вельмі важна. Але ж, відаць, нездарма Шагал усё жыццё марыў пра Віцебск.

Наталля Шаранговіч, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, прамовіла на адкрыцці выставы: “Шагал – мастак з беларускімі каранямі і мы ніколі ад яго не адмовімся!”

Прыйшлі прадстаўнікі Ізраільскага культурнага цэнтра і сказалі, што яскравыя фарбы ў творчасці Шагала прысутнічаюць дзякуючы яго габрэйскаму паходжанню, такі каларыт характэрны менавіта для Ізраільскага клімату! І прывезлі на выставу “Па слядах Шагала ў Ізраіле” карціны сучасных ізраільскіх мастакоў. Выстава, дарэчы, працуе ў галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, што на Сурганава, 14.

Прыйшоў, не, дакладней, прыляцеў Марк Шагал. На яго празрыстых пругкіх крылах ахайным мастакоўскім росчыркам напісана Песня песняў Саламона. У яго руках – ландышы. У яго вачах – Любоў. Нацыянальная і наднацыянальная. Шагал прыляцеў! Генію месца не страшныя ніякія перадыслакацыі.    



Теги: Марк Шагал, художественные выставки, город, творчество, художник
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю