USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967

Кан ці прапаў?

Шчыра кажучы, мяне ўсё больш і больш пачынаюць насцярожваць вялікія культурныя падзеі. Прыкладам, Канскі кінафестываль, які сёлета прайшоў у 66-ы раз.

Хаця, зрэшты, справа не столькі ў самім фестывалі, колькі ў тым, што фільмы нешта перасталі ўражваць і кранаць, а сярод рэжысёраў стала так мала асобаў. Хіба што тыя вялікія, якіх сёння пры ўсёй павазе можна назваць пенсіянерамі (або тымі, хто набліжаецца да гэтага ганаровага звання) кінематографа, яшчэ вартыя ўвагі. Франсуа Труфо, Вім Вэндэрс, Ларс фон Трыер, Вудзі Ален, Квенціін Таранціна, Кен Лоўч, Міхаэль Ханеке, Эмір Кустурыца, Раман Паланскі, напрыклад, цікавыя хаця б таму, што ім немагчыма забыць і "дараваць", ШТО яны зрабілі для сусветнага кіно і якое кіно яны наогул стварылі. Яны рэвалюцыянеры, смельчакі, эксперыментатары і правакатары, у якіх заўжды на ўсё ёсць свой погляд, меркаванне, стыль і фільм. А многія з сённяшніх рэжысёраў сярэдняга пакалення або дэбютантаў проста добра арыентуюцца ў кан'юнктуры і цудоўна разумеюць, чым ёсць фестывальнае кіно, якія тэмы трэба закранаць, у якой стылістыцы здымаць. Фестывальнае кіно, як вядома, становіцца такім самым клішэ, як галівудскія блокбастары. І ад гэтага - вельмі сумна.

У сусветнай культуры адны і тыя ж тэндэнцыі – "хуткія" яркія "зоркі", якія гэтак жа хутка ўсім надакучваюць, таму што перастаюць "свяціць". Ты можаш узарваць ю-цюб сваім відэаролікам і арыгінальнасцю выканання якой-небудзь дурнаватай песні, набраць мільёны лайкаў і перапостаў, але праз год ці два, а то і хутчэй, наўрад ці пра цябе нехта ўзгадае. Так і ў кіно. Яго ствараецца шмат, усё яно адпавядае ў той ці іншай ступені няпісаным стандартам аўтарскага фестывальнага, але калі табе не дадуць нейкую важную ўзнагароду, наўрад ці пра цябе будуць надта добра памятаць і запішуць тваё прозвішча ў аналы. Тут ўжо або Кан, або прапаў.

Але ў жыцці справядлівасці няма. Скептыкі жартуюць, што ў апошнія гады праграма паралельных паказаў Канскага кінафестывалю нашмат больш цікавая і адметная, чым асноўны конкурс. Тое ж часцяком тычыцца і ўласна фільмаў-пераможцаў.

У выпадку з сёлетнім уладальнікам Залатой пальмавай галінкі Абдэлаціфа Кешыша і яго фільма пра лесбійскае каханне "Сіні – самы цёплы колер" (або "Жыццё Адэлі") усё нашмат складаней. Асуджаць і ацэньваць пакуль не бяруся, бо фільм не бачыла: беларускім журналістам, відаць, яшчэ доўга чакаць арганізаваных замежных камандзіровак на сусветныя мерапрыемствы класу "А". Але сама тэма фільма Кешыша ўзрушвае, праўда? Нават інтэрнет-кам'юніці паспела падзяліцца на некалькі груповак: тыя, хто бачылі фільм, і ім спадабалася; тыя, хто бачылі фільм, і ім не спадабалася; тыя, хто не бачылі фільм, але асуджаюць; і тыя, хто не бачылі фільм, пакуль у разгубленасці і з нецярпеннем чакаюць сусветнага пракату стужкі, які распачнецца восенню. Паводле папярэдняй інфармацыі, беларусы таксама змогуць паглядзець 3-гадзінны надзвычай разняволены фільм пра маладых лесбіянак, поўны самых падрабязных сцэн жаночага кахання. Праўда, зусім не факт, што ў айчынны пракат фільм выйдзе без купюр.

Вядома, у гісторыі Канскага кінафестывалю заўжды былі, ёсць і будуць выпадкі, калі журы аддавала перавагу больш палітыцы, чым мастацтву. Часам замена была роўнай, часам - не зусім. Але чым далей, тым болей Канскі кінафестываль, як і ўсе іншыя глабальныя арт-падзеі, у пэўным сэнсе падпарадкоўваецца трэндам, модзе, палітыцы, актуальным праблемам. Усё больш сацыялізуецца. Усё больш абрастае ўласнай тусоўкай і ўсялякімі жудасна буржуазнымі ўмоўнасцямі, супраць якіх некалі і змагаліся самыя адчайныя рэвалюцыянеры кінематографа.

{quote-1}

Так у свеце з усімі ўзнагародамі. І ў савецкай традыцыі было заахвоціць нейкага, прыкладам, усходнекаўказскага паэта, таму што нешта даўно ніхто адтуль узнагарод не атрымліваў; так размяркоўваюць і Нобелеўскія прэміі. У гэтым, безумоўна, іх і вартасць, і бессэнсоўнасць. Нічога не паробіш – так ёсць.

Калі вярнуцца да фільма Кешыша, які я, паўтаруся, яшчэ не бачыла, то падумалася мне вось што. А што такога незвычайнага і смелага зрабіў французскі рэжысёр туніскага паходжання, зняўшы разняволены фільм пра лесбіянак? Па-першае, у Францыі яшчэ і не такое прынята. Па-другое, аднаполыя стасункі ўжо даўно не адкрыццё – усё гэта было яшчэ ў часы імператара Нерона, даруйце за пафас. Па-трэцяе, бессаромныя інтымныя сцэны, якія выклікалі такое палкае абмеркаванне фільма ў інтэрнэце, хаця бачылі яго ў прынцыпе яшчэ хіба што некалькі тысяч чалавек, таксама не адкрыццё для кінематографа, праўда?

Дык чаму тады Залатую пальмавую галінку далі не братам Коэнам ("Унутры Льюіса Дэвіча"), не Амату Эскалантэ ("Элі"), не Цзяню Джанке ("Дотык граху") і не Хіракадзу Корэ-эда ("Што бацька, што сын")? А ўсё даволі проста. Людзі мастацтва заўжды ў авангардзе. Або, прынамсі, яны думаюць, што яны ў авангардзе. А тут як раз у Францыі гучна абмяркоўвалі закон пра легалізацыю аднаполых шлюбаў, а ў Парыжы праходзілі шэсці супраць яго прыняцця. І тут бац – журы на чале з каралём блакбастараў і ўладаром масавай свядомасці Сцівенам Спілбергам прысуджае галоўны прыз фільму пра лесбіянак. Моцны адпор. Асабліва кантрастна выглядае на фоне мінулагодняга фільма Міхаэля Ханеке "Любоў" пра, так бы мовіць, традыцыйнае каханне. Састарэлая пара, муж і жонка, якія пражылі разам бадай усё жыццё, традыцыйныя каштоўнасці, сям'я. Сапраўдная гульня кантрастаў. Падобна на справядлівасць. Але насцярожвае. Наўрад ці Абдэлаціф Кешыш не ведаў усіх акалічнасцяў вакол закона пра легалізацыю аднаполых шлюбаў Францыі і не ўлічваў, наколькі паспяхова можа спрацаваць гэтая кан'юнктура. Хаця падчас уручэння прыза рэжысёр не стамляўся казаць пра каханне, павагу да правоў чалавека і ўзаемапаразуменне.

Зрэшты, усведамляю, што мае развагі могуць і абурыць. Калі ўявіць сабе нейкую ідэальную рэальнасць, паводле якой ў Беларусі праходзіў бы нейкі сусветна вядомы кінафестываль, а які-небудзь беларускі рэжысёр зняў бы фільм пра беларускую рэальнасць, наўрад ці журы не адзначыла б гэты фільм. Па вялікім рахунку, нават Гран-пры "Лістапада" фільм "У тумане" – гэтаму пацверджанне.    

А фільм Кешыша, спадзяюся, у нас будзе магчымасць напоўніцу ацаніць на вялікім экране.



Теги: искусство, события, мысли, кино
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю