Воля Чайкоўская | 23 апреля 2013

Кіно перакананняў

- Ой, усяго 20 тысяч! Я не думала, што ёсць яшчэ такія танныя квіткі! У Маскве самыя танныя квіткі ў кіно каштуюць 9 даляраў, - здзіўляецца мая маскоўская сяброўка, якую я бязлітасна зацягнула ў "Камсамолец", перыферыйны кінатэатр Мінска, акурат на паказ самага буйнога ў Расіі фестывалю кароткаметражнага кіно "АРТКІНО".

"АРТКІНО" гэтай восенню адбудзецца ў шосты раз. А сёлета мінчане ўпершыню мелі магчымасць паглядзець фільмы-прызёры мінулага фестывалю, зробленыя навучэнцамі вядучых расійскіх (і не толькі) творчых ВНУ. Дарэчы, свае заяўкі на ўдзел у фэсце могуць падаваць і аўтары з Беларусі. АРТКІНО не мае межаў. Бярыце на заметку!

{quote-1}

І хаця гледачоў было не так і шмат, а зала кінатэатра "Камсамолец" па запоўненасці нагадвала залу кінатэатра "Мір" пад час паказаў дакументальнага кіно ў рамках кінафестывалю "Лістапад", ініцыятар дэманстрацыі "АРТКІНО" у Мінску Андрэй ДЗ'ЯЧКОЎСКІ ў будучыню глядзіць пазітыўна:    

- Публіка мяне вельмі натхніла, яна вельмі граматная, правільная, цікаўная. Людзі прыйшлі паглядзець кіно, нягледзячы нават на тое, што добрае надвор'е і выходныя. А значыць, ім сапраўды гэта патрэбна. Хаця і колькасць гледачоў была невялікая. Нядаўна я быў на паказах у кінатэатры "Мастацкі", што на Арбаце ў Маскве, там публікі было нашмат больш. Поўныя залы, уручэнне прэмій, сустрэчы з рэжысёрамі -- усё, як трэба. Але там і ўваход быў бясплатны. Таму што там ёсць спонсары, якія падтрымліваюць падобныя фестывалі. А ў нас пакуль гэта ўсё ў зародкавым стане і не зусім зразумела для беларускага гледача. Але паколькі водгук ёсць, я думаю, знойдуцца спонсары і больш вялікія залы.

{quote-2}

Па-другое, ужо адно тое, што гэтыя фільмы перамаглі на фэсце АРТКІНО, які судзяць у тым ліку Юрый Арабаў, Павел Лунгін, Андрэй Звягінцаў, Павел Кастамараў, Аляксандр Міндадзэ, Васіль Саграў, Аляксей Папагрэбскі і інш., сведчыць пра неблагі ўзровень.

Па-трэцяе, усе гэтыя фільмы - творы студэнтаў. І тут цэлая палітра стыляў, падыходаў, інтарэсаў, школ, якія можна параўнаць з беларускім узроўнем. І, шчыра кажучы, параўнанне будзе не на нашу карысць. У студэнтаў Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі імя Герасімава (ВГІК), Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Казані, Нацыянальнага ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання ў Кіеве, Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў і Н'ю-Ёркскай кінаакадэміі адчуванне прафесіі, аўтарскага стылю і пазіцыі, здаецца, куды лепшае.

Скажам, дакументальны фільм "Столь" (2011) Наталлі Вугліцкіх. Тут навучэнцы ВКСР (майстэрня Герасімава і Дабравольскага) пашчасціла: уся драматургія - у самой тэме. У двухразовай рэкардсменкі свету па фрыдайвінгу Наталлі Аўсеенкі ёсць мара - паныраць з бялухамі пад ільдамі Белага мора без гідракасцюму. Там, дзе чалавек можа пратрымацца ў вадзе не больш за дзве хвіліны...  І нават калі абысціся без спойлераў, а проста пачытаць цітры з імёнамі бялух - Нільма і Матрона - то стане зразумела, што мара здзейснілася. Хаця і не без выпрабаванняў. Гэта не проста ўнікальнае відэа падводных здымак. Гэта абсалютнае пагружэнне ў атмасферу экстрыму і безабароннасці чалавека перад воднай стыхіяй, холадам і сваёй марай. Тут ёсць (хаця, можа быць, і трошку спрошчаны) свой драматургічны канфлікт, калі каманда Наталлі на чале з падводным аператарам са стажам Віктарам Лягушкіным, сумняваецца ў неабходнасці такога рызыкоўнага эксперыменту. І галоўнае - у фільме няма закадравага голасу, які так часта ператварае аўтарскі дакументальны твор у пошлы прадукт у стылі телебачання.

Яшчэ адна стужка, якая запала, называецца "Добрыя людзі" рэжысёра Ільдара Ізмайлава, які ў цітрах дзякуе дарадчыкам з "Масфільма" і любярэцкім мянтам. А фільм вельмі вострасацыяльны - пра расійскае (ды й не толькі) грамадства. Зробленая ў жанры чорнай крымінальнай камедыі кароткаметражка з заліхвацкім мантажом і фрагментамі тэлеперадач і фільмаў (а-ля многія славутыя рэжысёры) глядзіцца настолькі дасціпна і выкшталцона зроблена, што я не ўтрымалася і паставіла яму вышэйшую адзнаку, чым таксама неблагому, але больш (паказальна? вонкава?) высокадухоўнаму з-за абранай тэмы – вайна, царква, яўрэі, нацысты, якія раскаяліся, – фільму Вольгі Шульгіной-Маскаленкі "Уратуй і захавай".

У "Добрых людзях" і мараль на першае вока простая, нават прымітыўная. Але вось яна - магія кіно! - тут важна не толькі ШТО, але і ЯК. Кароткая крымінальная камедыя Ільдара Ізмайлава - гэта фільм-выкрыццё. Гэта фільм не проста пра нейкага дамарошчанага інтэлігента і дэкласаванага элемента, якому забіць не цяжэй, чым удыхнуць паветра, але фільм пра кожнага з нас. Мы так жа, як і гэты таксіст, не хочам зрабіць нешта добрае іншаму, калі нам гэта не выгадна. Але і ў нашым жыцці, так жа, як і ў жыцці персанажаў стужкі, усё спазнаецца ў параўнанні. І таксіст, пад прэсам абставінаў, таксама можа перадумаць.

"Усё-ткі, ёсць у нашым жыцці яшчэ добрыя людзі!" - з замілаваннем прамаўляе галоўны герой. Сапраўды, ёсць. Толькі для таго, каб іх глыбінная дабрыня праявілася, часам неабходны занадта жорсткія вонкавыя абставіны...

Яшчэ адзін фільм, пра які не магу не згадаць, называецца "Адзін" (2011) рэжысёра Юліі Меламед (Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў, майстэрня Хаціненкі, Фенчанкі, Фіна). Фільм, у галоўнай ролі з Алісай Грабеншчаковай, цягнецца ўсяго тры хвіліны, але прысвячаецца затое, Рыгору Яўлінскаму, лідару палітпартыі "Яблоко", і ўсім людзям з перакананнямі. Сціслы, але грунтоўны, вельмі дасціпны, артыстычны і граматна зроблены фільм, які, як бы пафасна гэта не гучала, дае надзею...

Ці ёсць у студэнтаў беларускіх ВНУ ды і ў саміх нашых ВНУ столькі смеласці і ўнутранай незалежнасці, каб зрабіць нешта падобнае?.. А можа быць, нехта і робіць, ды толькі мы пра гэта не ведаем?.. І ўсё-ткі чаму наша студэнцкае кіно заўважна саступае? Магчыма, тут якасць залежыць ад колькасці. У нас і выбіраць няма з чаго асабліва. У асноўным кіно вучаць у Акадэміі мастацтваў, Інстытуце культуры ды Мінскай кінашколе-студыі. Канкурэнцыя невялікая, усе самыя лепшыя едуць вучыцца за мяжу. А тым, хто застаецца, здаецца, і паказы такія, як прайшлі ў“Камсамольцу”, не патрэбныя…   

Фільм Юрыя Цітова “Чароўнасць рук” (2011) распавядае пра маладога і наіўнага прадаўца пальчатак, які вырашыў знасці каханне свайго дзяцінства, не маючы абсалютна ніякай інфармацыі пра тое, дзе яна жыве.  Дынамічны і нават трошачку нервовы тэмпарытм гэтага камедыйнага фільма, які ў дадатак да ўсяго насычаны яшчэ і джазавай музыкай, выклікае недвухсэнсоўныя здагадкі пра тое, што рэжысёр і аўтар сцэнарыя (ён жа выконвае і галоўную ролю!) відавочна захапляецца творчасцю вялікага амерыканскага яўрэя Вудзі Алена. Да таго ж фільм зроблены па-англійску пад час навучання ў Н’ю-Ёркскай (увага!) кінаакадэміі. Можа быць, усе рэжысёрыя, якія трапляюць у Н’ю-Ёрк зараджаюцца духам Вудзі Алена? У любым разе “Чароўнасць рук” зроблены вельмі таленавіта, хаця і відавочна, што галоўны герой у спробе стварыць вобраз гэткага новага гарадскога неўротыка і разгубленага закаханага, пераігрывае: занадта шмат мітусні і размахвання рукамі.

У якасці постскрыптума дадам толькі, што заяўкі на ўдзел у 6-ым Усерасійскім фестывалі аўтарскага кароткаметражнага кіно “АРТКІНО”, які пройдзе з 24 па 29 верасня 2013 года ў Маскве (1-ы этап) і з кастрычніка па снежань яшчэ ў 50-ці гарадах Расіі, прымаюцца з 12 красавіка да 31 ліпеня.



Теги: искусство, кино, мысли
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю