USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967
Воля Чайкоўская | 01 ноября 2013

LISTAPAD non-stop

На час любога мастацкага фестывалю ты нібы выпадаеш з рэальнага жыцця, спыняешся на папярэдняй пазіцыі, каб потым вярнуцца на яе, калі фестываль скончыцца, і пачаць функцыянаваць у звычайным рэжыме. Фестываль – гэта парктычна як “гарачая кропка”. Тут увесь час нешта адбываецца. Даводзіцца рашаць тэрміновыя задачы і прымаць імгненныя, амаль жыццявырашальныя рашэнні.

Лёс склаўся так, што сёлета я працую ў прэс-службе 20-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пачынаецца сёння і працягнецца да 8 лістапада. Шкада, але прафесійная этыка не дазваляе мне апісаць у фарбах усе акалічнасці, з якімі сутыкаюцца арганізатары фестывалю; распавесці аб перашкодах, якія даводзіцца пераадольваць. Але адно магу сказаць адназначна: людзі, якія ладзяць кінафестываль “Лістапад” (ды і наогул любое буйное і збольшага якаснае арт-мерапрыемства ў нашай краіне) – проста героі. Не важна, што “Лістапад” сёлета юбілейны – у краіне Год Беражлівасці, а “Глабальны Хакей” набліжаецца, і гэтым усё сказана. Каб у нас быў больш развіты рынак, то, магчыма, правільным рашэннем было б зладзіць нейкі прыватны кінафестываль, які проста трымаўся б на спонсарскай падтрымцы беларускага бізнесу. Але зноў-так не ўпэўненая, што менавіта ў нашай краіне гэта варыянт магчымы.

Гэта ўсё лірыка. Вартая, праўда, асобнага арыткула. Толькі пры ўмове, што гэты артыкул змог бы на нешта паўплываць. Але я, зноў жа, не ўпэўненая, што гэта магчыма ў нашай сацыякультурнай сітуацыі.

Таму і даводзіцца звяртацца да прыўкраснага, упарта пераконваць сябе, што “мастацтва па-над усім”, то бок “па-за палітыкай”, глядзець шмат фільмаў і карыстацца “эзопавай мовай”.

{quote-1}

Паўнавартасны спіс паказаў must-see і мерапрыемстваў must-go кінафестывалю наўрад ці змесціцца ў гэтым тэксце. Таму мінуючы ўжо і так даволі распіяраныя а) рэтраспектыву фільмаў французскага рэжысёра Клэр Дэні, якая працавала асістэнатм у Віма Вэндэрса, Джыма Джармуша ды Жака Рывэта; б) паказ новага фільма Кіры Муратавай “Вечнае вяртанне” ў асноўным ігравым конкурсе кінафестывалю, а таксама в) паказ фільма Брыянтэ Мендосы “Палонныя”, які будзе прадстаўляць сам рэжысёр у праграме “Майстр-клас”; г) фільм Наташы Мяркулавай і Аляксея Чупава “Інтымныя месцы” ў конкурснай праграме “Маладосць на маршы” і яшчэ шмат-шмат чаго (“Жыццё Адэль” Абдэлатыфа Кешыша. “Географ глобус прапіў” Аляксандра Велядзінскага, “Дотык граху” Цзя Чжанке, “Іду” Паўла Паўлікоўскага, “Старлетку” Шона Бэйкера, “Вялікая прыгажосць” Паола Сарэнціна і нават трылогію Ульрыха Зайдля “Рай”), акцэнтую ўвагу на 5 найбольш цікавых, на мой погляд, паказах і сустрэчах кінафестывалю “Лістапад-2013”. Так атрымалася, што амаль усе яны прысвечаныя дакументальнаму кінематографу. Зрэшты, я не шкадую. Дакументальнае кіно, відавочна, мае большую патрэбу ў інфармацыйнай падтрымцы.

MUST-SEE & MUST-GO

1. “Адукацыя. Адукацыя…”,  рэж. Вэйджун Чэн, Кітай. Паўднёвая Афрыка. Асноўны конкурс дакументальнага кіно. 2 лістапада, 21.30, к/т “Мір”, зала №1. Дакументальны фільм пра адукацыю ў Кітаі, якая сёння зусім не гарантуе бязбеднага існавання, і наогул, страчвае сваю каштоўнасць. Стваральнік фільма разважае пра тое, што ў Кітаі вырастае новае пакаленне, якое ў будучыні чакае беспрацоўе і бедната… У кантэксце сіутацыі з вышэйшай адукацыяй у Беларусі, якая такасама нічога не гарантуе, пастаянна падвярагецца жорсткай дэфармацыі і скарачэнню важных культуралагічных дысцыплін у пргараме і якая таксама існуе ў абсалютным адрывае ад рэальнага жыцця і так званай вытворчасці, гэты фільм выглядае вельмі натхняльным на развагі…

2. “Машына, у якой усё знікае”, рэж. Цінацін Гурчыяні, Грузія-Германія. Асноўны конкурс дакументальнага кіно.  5 лістапада, 18.00 к/т “Мір”, зала №1. Фільм – пра пошукі героя для фільма. Грузія 2011 год. Рэжысёр ездзіць па грузінскіх гарадах і вёсках у пошуках герояў ва ўзросце ад 15 да 23 гадоў. Фільм пра тое, якім чароўным і складаным з’яўляецца жыццё, калі твая мара – стаць героем. Шчырасць, адухоўленасць, юнацкі максімалізм і наіўнасць – ключавыя паняцці гэтай стужкі. Надзвычай цікавым для беларусаў мусіць быць гэты фільм яшчэ і таму, што ён – грузінскі. А экзатычнасць і таннасць для турыстаў  гэтай незвычайнай краіны апошнім часам спарадзілі туды проста цэлыя паломніцтвы. А яшчэ нейкім асаблівым чынам мяне прываблівае назва – “Машына, у якой усё знікае” – ці не метафара гэта на само жыццё?..

3. Майстр-клас Кшыштафа Герата, дырэктара Кракаўскага кінафестывалю дакументальнага кіно. 7 лістапада, 16.00, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, вул.Чычэрына, 1.  Унікальная магчымасць для нашых прафесіяналаў і аматараў дакументальнага кіно паслухаць кіназнаўцу, дырэктара аднаго з найбуйнейшых у свеце кінафестываляў даккіно. Тым больш, што-што, а беларуская кінадакументалістыка знаходзіцца на сусветным узроўні прызнанасці і якасці. А патрэба ва ўласным асобным фестывалі дакументальнага кіно ў Беларусі наспела даўно. Да нас едуць спецыялісты, можна пераймаць вопыт! Толькі на майстр-клас варта запісацца загадзя па тэлефоне +375-44-792-15-67.

4. Прэзентацыя адкрытага расійскага кінафестывалю “Кінатаўр”. 7 лістапада, 19.00, к/т “Перамога”. Прагрманы дырэктар “Кінатаўра” Сітора Аліева, якая сёлета з’яўляецца яшчэ і сябрам журы асноўнага конркусу ігравога кіно “Лістапада”, распавядзе пра пранцыпы і палітыку фестывалю апошніх гадоў, правілы адбору конкурсныхфільмаў. Тэндэнцыі і трэнды ў сусветным кінематографе. Звярнуць асаблівую ўвагу на гэтую сустрэчу варта таму, што “Кінатаўр” сёння з’яўляецца бадай галоўным кінафестывалем у Расіі і паспяхова адкрывае новыя імёны ў рускамоўнай кінаіндустрыі, дэманструючы гледачу арт-хаўс і якасны глядацкі кінематограф.  Да таго ж фэст мае вельмі багатую і слаўную гісторыю: быў заснаваны ў 1989 годзе Маркам Рудзінштэйнам і Алегам Янкоўскім, а ў 2004 – яго ўзначаліў вядомы прадзюсар Аляксандр Раднянскі.

5. Прэзентацыя Варшаўскага міжнароднага кінафестывалю. 8 лістапада, 21.00, к/т “Цэнтральны”. Палякі на “Лістападзе” сёлета прадстаўленыя даволі багата. Акрамя “Іды” Паўла Паўлікоўскага, у праграме ў якасці фільма закрыцця заяўлены яшчэ фільм “Хочацца жыць” Мацея Пепжыца, які таксама варта паглядзець. У кантэксце гэтых паказаў прэзентацыя Варшаўскага кінафестывалю і паказ “Іды” Паўлікоўскага, якую прадставіць мінскай публіцы сам рэжысёр, вылядае вельмі нават лагічна. Дырэктар Варшаўскага міжнароднага кінафестывалю Стэфан Лаудын распавядзе пра асаблівасці фэсту, гісторыю яго міжнароднага ўзлёту і здольнасць да першачарговых адкрыццяў новых імён у сусветнай кінаіндустрыі. А мы, беларусы, можам толькі павучыцца і парадавацца за сваіх заходніх суседзяў, у якіх лёс склаўся крыху інакш, чым у нас.

 



Теги: искусство, творчество, кино
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю