Воля Чайкоўская | 22 июня 2012

М і Ж. Мастацтва і жывапіс

Якое дачыненне нафта, серыйнае маньяцтва і глабальны аўтызм маюць да сучаснага жывапісу?

Магчыма, адказ на гэтае пытанне вы зможаце атрымаць на ІІІ Мінскай міжнароднай біенале сучаснага жывапісу COLORFEST, якая праходзіць у галерэях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Павольныя эстонцы, гарачыя венесуэльцы, малдаване і палесцінцы, талерантныя беларусы, стрыманыя ўкраінцы, агрэсіўныя латышы і брутальныя літоўцы паказваюць у Мінску свае палотны. Але гэта не сведчыць ні пра што.

Так, менавіта гэта самае галоўнае, што я зразумела на гэтай біенале. Ніякія выставы ніколі не сведчаць ні пра што: ні пра агульны ўзровень мастацтва ў той ці іншай краіне, ні пра тэндэнцыі, ні пра ідэйныя перавагі. Таму што любая выстава – гэта тусоўка. Як трапляюць у тусоўку, усім вядома.

Натхнілі мяне на гэтыя развагі, уласна кажучы, карціны ўкраінскіх мастакоў: занадта спакойныя, нейкія бясконца аморфныя, стэпава-пясочныя, бадай манахромныя. Ну, немагчыма было паверыць у тое, што гэты ціхі пейзажна-нацюрмортны шэпт усё, на што здольныя сучасныя ўкраінскія жывапісцы (тым больш, што многія ведаюць пра ІНШАЕ ўкраінскае мастацтва). Тут я і западозрыла!

Венесуэльскія мастакі здзівілі дзёрзкасцю. Нічога новага, адны "а-ля". А-ля Фрыда Кало, а-ля Хуан Міро. Прывітанне, кубізм! Абстракцыянізм, здрасце! О, мінімал-арт, даўно не бачыліся! Чаму мастакі працягваюць эксплуатаваць кірункі і стылі, у якіх ўжо даўно не здольныя сказаць нічога новага? Яны проста пераўтвараюць выяўленчае мастацтва ў нейкае бездапаможнае ліберальнае ДПМ (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Толькі глядзіш і думаеш, пад які інтэр'ер падыходзіць гэта гэта гэ...

Вось карціна венесуэльца Тоні Тонга "Мастацтва і нафта". Як вы думаеце: што з чым змагаецца? Гэта я разумею – культурны абмен!..

Правакацыі, здзекі з гледача, наўмысная наіўнасць і інсітнасць – галоўныя правілы сучаснага жывапісу. Мастак быццам імкнецца зрабіць так, каб гледачу стала сорамна за тое, што ён пабачыў. Карціны літоўцаў Артураса Станчыкаса і Асвальдаса Юшкі таму пацверджаннем. Яны нагадваюць удала выкананыя заданні па спецмалюнку ў нейкай мастацкай акадэміі, калі студэнтаў заахвочваюць скарыстоўваць нестандартныя для жывапісу матэрыялы кшталту маркераў і іншай канцылярскай прадукцыі.

Інтраверсіўнасць і аўтычнасць – яшчэ дзве характэрныя рысы карцін, прадстаўленых на біенале. Прычым вельмі сімвалічныя не толькі для асобных прадстаўнікоў сучаснага мастацтва, а наогул для сучаснага чалавека, які павярнуўся да свету спінай, а да камп'ютарнага манітора тварам. Ён глыбока сканцэнтраваўся на нечым унутраным, зацыкліўся на сабе. Карціна "Аўтыст" эстонца Райта Росіна – на барвова-чырвоным фоне мы бачым карак чалавека. І больш нічога. Напэўна, гэта і ёсць карак таго-сама-аўтыста, о божа!

Яшчэ сучасныя мастакі імкнуцца ствараць серыі (серыялы?). Што там проста ўзяць і напісаць адну карціну! Серыя – гэта штук пяць карцін памерам 2 на 2 метры. Вось гэта канцэпцыя! Вось гэта маштаб! Беларуска Зоя Луцэвіч пастаралася. У яе серыю аграмадных калажаў "Няма часу на каханне" змясцілася ці не 7 палоцен. Холст пакрыты чырвонай фарбай, а зверху наклеены выразкі з часопісаў – літары, фота (канешне ж, усё не выпадковае!). І ўсё б выдатна, калі не адно "але". Навошта так многа? Бо калі гэта серыя, то кожная наступная карціна ўсё-ткі для нечага патрэбная, праўда? Павінна дадаваць нешта, мне так здаецца. А тут адрозніваецца, калі груба абагуліць, толькі паслядоўнасць наклееных літар і прадметаў. Затое маштаб, ага. Паспрабуй столькі халстоў пакрый алеем ды яшчэ наляпі на іх такія дробныя папяровыя дэталькі! Ды нават маштаб зробленай працы ўразіў бы куды больш, калі б сучасныя мастакі напісалі нешта лесіроўкай, шчыра слова. Складаная, працаёмкая тэхніка, якой карысталіся мастакі Адраджэння ў тым ліку. Потым мастакі разленаваліся, сталі пісаць здаровымі пастознымі мазкамі. А сёння наогул не пішуць, а пакрываюць паверхню халста, макаючы ў алей будаўнічы валік. Тэхнічныя тонкасці, але сімвалічна. Таму паміж мастацтвам жывапісу і з'явіўся злучнік. Добра, што хоць ён пакуль ёсць.



Теги: COLORFEST, художественные выставки, художник, творчество, галерея
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю