Воля Чайкоўская | 20 сентября 2013

Мастак з Італіі Гаспарэ Манас

Выставу партрэтаў італьянскага мастака Гаспарэ Манаса зарганізавала ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва куратар Вольга Кліп. Раней яна працавала ў Нацыянальным мастацкім музеі. А цяпер вучыцца ў магістратуры ў Парыжы і займаецца культурным абменам: прывозіць еўрапейскіх мастакоў у Беларусь, а нашых – туды, у Еўропу.

Выстава Гаспарэ Манаса – гэта свет невялічкіх, амаль камерных жывапісных партрэтаў знакамітых людзей. Прычым з усімі імі мастак знаёмы асабіста: Вудзі Ален, Квенцін Таранціна, Дэм’ен Хёрст, Мік Джагер, Дэвід Боўі, а таксама найбуйнешыя фінансіты, прадзюсары і арты-дылеры свету – Паала Барозі, Лары Гагасян, Джордж Сорас, Эдуард Карміньяк і нават заснавальнік крытычнага рацыяналізму Карл Попер.

Беларусам, магчыма, гэтыя прозвішчы нічога асаблівага і не скажуць, бо арт-рынак у нас настолькі бездапаможны, што пра нейкае ўзаемадзеянне з такімі ўплывовымі людзьмі і казаць няма чаго. Але Гаспарэ можна толькі пазайздросціць, што ён з імі знаёмы. 

Карціны Гаспарэ Манаса каштуюць вельмі дорага і знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Найбольш ён вядомы сваімі інтэрпрэтацыямі ўрбаністычных краявідаў. У яго вельмі шмат выяваў розных гарадоў. Знаходзячыся ў Мінску, які ён называе горадам будучыні, Гаспарэ паспеў ужо зрабіць эскізы нашага горада, з якіх потым, магчыма, з’явяцца паўнавартасныя карціны. Яшчэ, вядома, італьянскі мастак хоча намаляваць партрэт беларуса. Ён, наогул, вельмі цікаўны да нашай краіны. І кажа, што ў Еўропе таксама ўсе вельмі цікавяцца. Але Беларусь – надзвычай закрытая, інфармацыі пра яе мала…

{quote-1}

Часта галоўная праблема мастакоў у тым, што яны не ўмеюць сябе прадаваць. Вы маеце эканамічную адукацыю. Якім чынам яна дапамагае вам быць паспяховым у мастацтве?

- Аднойчы эканамічная адукацыя ўратавала маё жыццё. Я малюю, займаюся жывапісам на працягу 25 гадоў. Але частку з гэтых гадоў я вымушаны быў займацца іншымі рэчамі: PHD, праца ў кампаніі ў Лондане. Чым я толькі не займаўся! Нават рэкламай. І гэта шмат чаму навучыла мяне, дапамагло ўвайсці ў свет бізнесу. І ў большасці мае кліенты, мае калекцыянеры – гэта банкіры, і я размаўляю з імі на адной мове. Усё вельмі проста: я змяніў сваё жыццё кардынальным чынам, каб дасягнуць сваёй мары. Я быў вельмі багатым чалавекам, потым стаў вельмі бедным. Але заняўшыся сваёй любімай справай – жывапісам – я зноў змог выйсці на той самы ўзровень, на якім быў раней, калі займаўся бізнесам. І таму мае карціны адразу сталі каштаваць вельмі дорага. Я быў упэўнены ў сваім таленце. Але я адчуваў насцярожанасць, баяўся, што маё асабістае жыццё будзе разбурана. Вы заўжды павінны задаваць сабе пытанне: Як шмат вы гатовыя заплаціць, каб стаць той неверагоднай вядомай асобай, якой марыце стаць. Часцей за ўсё чалавек не гатовы ісці на ахвяры. А кошт стварэння такой асобы вельмі вялікі: трое дзяцей, адзін развод, уменне размаўляць на тайскай мове, жыццё ў Афрыцы, веданне мовы суахілі, жыццё ў Грэцыі, грэцкая мова, ангельская мова, італьянская, французская. Усё гэта сумуецца, і адпаведна надае большы кошт маім працам. Але вельмі важна памятаць, што ў пэўны момант рынак паглынае цябе. Я больш сам не кантралюю сваё жыццё насамрэч. Я – прадукт, брэнд. Ёсць людзі, якія кантралююць і рэгулююць вартасць, кошт маіх прац і мяне самога.

- Вам не здаецца, што стаць вядомым, малюючы сусветна вядомых асобаў, вельмі лёгка. Ці не спрашчаеце вы сабе гэтым шлях да Алімпа?

- Не. Вобразы вядомых людзей патрэбныя мне, каб было лягчэй расказаць гісторыю. Можна, канешне, напісаць партрэт невядомага жыхара якой-небудзь вёскі. Але яго ніхто не ведае, і яго гісторыі – таксама. Тым больш, што недзе 80% маіх партрэтаў –  гэта партрэты людзей, якіх я даўно ведаю. І ўсе яны выбітныя людзі, яны шмат зрабілі для грамадства і для мастацтва наогул. Паала Барозі жыве ў Венецыі, ён спрычыніўся да стварэння калекцыі Пэгі Гугенхайм. Эдуард Карміньяк – адзін з самых вядомых фінансістаў Францыі. Людзі, якія працуюць на яго, калекцыянуюць мае працы. Таму я бачу яго пастаянна. Лары Гагасян – адзін з самых буйных арт-дылераў у свеце. Штогод абарот яго галерэйнага бізнэсу складае больш за 1 мільярд еўра. Я бачу яго пастаянна на буйных мерапрыемствах свету мастацтва. Мы называем яго Shark (англ. – Акула).

Дэм’ен Хёрст. 20 гадоў таму я быў у кампаніі маладых мастакоў у Лондане. Там быў і Дэм’ен. Мы пілі, клеілі дзяўчат. Але мой сябра не мог мяне прасунуць у тую суполку. Бо я не быў брытанцам. Такім было маё першае знаёмства з Хёрстам. Кожны партрэт мае нейкую сваю гісторыю. Усе гэтыя партрэты сабраныя разам і выстаўленыя ў адным памяшканні ўпершыню. Гэта была смелая ідэя куратара Вольгі Кліп.

То бок, для вас мастацтва – гэта бізнес?

- Не, канешне не!  У першую чаргу мастацтва – гэта жарсць. Я закаханы ў тое, што раблю. Інакш я б з’ехаў з глузду. Я проста скокнуў бы з акна, калі б сышоў з кампаніі, у якой працаваў і якую кінуў дзеля заняткаў жывапісам. Я займаўся шмат чым, кантактаваў з людзьмі, жыў у Лондане. Але аднойчы я вырашыў толькі маляваць і жыць па волі сэрца. Я прамяняў усё на нішто, і ўсё вярнулася да мяне. Калі вы ствараеце з ідэяй прадаваць – у вас атрымаецца толькі нешта жудасна дэкаратыўнае, салоннае. Гэта, канешне, прынясе вам шмат грошай, але не застанецца ў гісторыі. Мой інтарэс – заняць хаця б самае маленькае месца ў глабальнай гісторыі мастацтва. Таму што ў мяне ёсць сваё бачанне.

Як стаць паспяховым у мастацтве?

- Няма ніякіх універсальных сакрэтаў. Перадусім табе павінна нешта балець. І важна, каб табе было, што сказаць. Яшчэ – ты павінен мець нейкі талент і працаваць над ім. Я працую 12 гадзінаў у дзень. 12 гадзінаў у дзень на працягу 25 гадоў – значыць шмат памылак. Чым больш памылак ты зробіш, тым больш паспяховым станеш. Ты ўсвядоміш свае памылкі і зможаш выпраўляць іх.

Яшчэ – без удачы ніяк. Сустрэць патрэбных людзей: куратара, банкіра, агента, каго-заўгодна, хто скажа табе: “Не хвалюйся, я паклапачуся пра твае грошы на працягу двух наступных гадоў”. Так здарылася са мной. Потым мне патрэбна было месца для майстэрні, я паехаў у Парыж. І адзін чалавек з велічэзным домам сказаў: “Гэта твой будынак. Малюй”. Вось гэта ўдача. Але мы і самі на яе ўплываем. Вось, напрыклад, я прыехаў у Мінск паказаць свае працы. Хаця мог бы паехаць у Н’ю-Ёрк, што было б больш лагічна. Але пасля Мінска мне лягчэй будзе паказваць свае працы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу. Такая логіка. Ты павінен верыць у тое, што ты робіш. Ва ўсіх нас ёсць мары. Трэба ўзважыць, што ты гатовы страціць, каб дасягнуць гэтай мары. Гатовы страціць сям’ю, бойфрэнда, жонку, мужа, дзяцей, сяброў?.. Калі так, то ты зможаш стаць кім-заўгодна. Многія людзі не могуць адмовіцца ад гэтага ўсяго. Калі я пра гэта думаў, я вырашыў адмовіцца ад усяго, акрамя дзяцей. Усё астатняе павінна было знікнуць. Можна вярнуцца да гэтага потым. Але пэўны час ты павінен сканцэнтравацца толькі на працы. Мастацтва патрабуе ахвяраў.

Фота Сяргея ГРАБОЎСКАГА.



Теги: люди, искусство, творчество
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю