USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967
Воля Чайкоўская | 06 июля 2012

На вайне як на вайне

Культавы брадвейскі мюзікл West Side Story ў Беларусі страціў сваю вострасацыяльнасць, але захаваў магутны пацыфісцкі мэсыдж.

“Вестсайдская гісторыя” амерыканскага рэжысёра і харэографа Джэрома Робінса і амерыканскага яўрэя Леанарда Бернстайна на працягу года будзе ісці ў Музычным тэатры ў Мінску, на базе якога адбывалася пастаноўка беларускай версіі славутага мюзікла. Некалькі паказаў адбудзецца таксама і ў іншых гарадах Беларусі.

Падзеяй гэтую пастаноўку можна назваць адназначна: ўпершыню ў Беларусі з’явіўся ліцэнзійны мюзікл сусветнага ўзроўню. Дзякуючы падтрымцы Амбасады ЗША ў Беларусі, якая выкупіла правы на пастаноўку і нават забяспечыла Музтэатр пэўнай музычнай экіпіроўкай, мы маем магчымасць жыўцом паслухаць геніяльную музыку Бернстайна і паглядзець геніяльную харэаграфію Робінса. А не праз ю-туб, торэнты і ліцэнзійныя дыскі – самыя папулярныя сярод айчынных інтэлектуалаў сродкі здабычы духоўнай ежы.

Двойчы прыемна, што пасля сур’ёзнага кастынгу з трупай Музтэатра працавалі і амерыканскія спецыялісты: адмыслова прыехалі дырыжор-пастаноўшчык Філіп Сіманс, харэограф-пастаноўшчык Пол Гордан Эмерсан разам з асістэнтам Джэйсанам Гарсія Ігнасія. Напэўна, менавіта яны, нягледзячы на ўсе хібы любога адаптаванага мастацткага твора, і надалі пастаноўцы сапраўдны брадвейскі размах (Танцы-танцы! Шыкоўная харэаграфія!). Ну і, канешне, музыка Леанарда Бернстайна робіць сваю справу насуперак усяму. Напрыклад, насуперак пошлым “аперэтным” жаночым касцюмам (са стракатымі спадніцамі а-ля “стылягі”, якія жудасна дысгарманіруюць на фоне амаль сучасных мужчынскіх строяў) і бессэнсоўнаму перакладу на рускую мову(Уладзімір Познер) цудоўных тэкстаў Сцівена Сондхайма. З-за гэтых лінгвістычных пераўтварэнняў тэксты Сондхайма (які пазней, дарэчы, зрабіў істотны ўнёсак у стварэнне іміджа Мадонны) проста не гучаць.

Музычны твор – вельмі далікатны і цэласны прадукт. І калі родная мова мюзікла – англійская, то і гучаць ён будзе, відавочна, лепш па-англійску. Параўнайце хаця б англамоўную і рускамоўную версіі супермюзікла Эндру Ллойда Вэбера “Ісус Хрыстос – суперзорка”. Адаптаваць жа твор да беларускай сацыяльнай рэальнасці і мастацткай іррэальнасці можна было пры дапамозе іншых сцэнічных сродкаў, мастацкіх намёкаў і алюзій.

Калі пойдзеце глядзець мюзікл, абавязкова звярніце ўвагу на цудоўную сцэнаграфію мастака-пастаноўшчыка Андрэя Меранкова, які пры дапамозе мінімальных сродкаў (металічных канструкцый з іншых спектакляў Музтэатра і шыкоўнай заслоны, размаляванай графіці) стварыў абсалютна ідэнтычную першакрыніцы гістарычную рэальнасць.

Нью-Ёрк 1950-х гадоў. Неспакойныя часы, калі вуліцамі горада кіравалі банды. Дзве з іх – “Ракеты” і “Акулы” – знаходзяцца ў цэнтры канфлікту “Вестсайдскай гісторыі”. Усе чулі, што мюзікл – своеасаблівы рэмэйк шэкспіраўскай гісторыі пра Рамэа і Джульету. Так што сутнасць канфлікту тлумачыць не мае сэнсу. Але фінал ад шэкспіраўскага адрозніваецца, майце на ўвазе.

Праўда, тут узнікае самае галоўнае пытанне: чаму гэты мюзікл трэба было паставіць у нас? Навошта? Так, культавы. Так, займае 2-е месца ў спісе найлепшых мюзіклаў усіх часоў паводле версіі Амерыканскага інстытута кінематаграфіі. Так, этапны і наватарскі ў жанры кінамюзікла (акрамя першай класічнай брадвейскай пастаноўкі 1957 года, ёсць яшчэ кінаверсія 1961 года рэжысёра Роберта Уайза і, уласна, самога харэографа Джэрома Робінса) . Але гэта вельмі спецыфічны фактурны матэрыял для нас, які мае шмат лакальных вострасацыяльных падтэкстаў.

У Амерыцы пастаноўка “Вестсайдскай гісторыі” ў любы час не выкліча пытанняў. Яны памятаюць, што такое дзіцячая злачыннасць, няўдалыя сем’і, расавыя і нацыянальныя канфлікты, нашэсце эмігрантаў, банды Нью-Ёрка, у рэшце рэшт. Але для звычайнага беларуса тыя банды – гэта нейкі, бадай, мастацкі вымысел.

Калі такі матэрыял пераносілі на беларускую глебу, то, здаецца, павінны былі кіравацца нейкай звышідэяй. Гіпатэтычна яна ёсць. Магчыма, нават не адна. Колькасць залежыць ад уважлівасці і ўдумлівасці гледача.

Толькі не зразумела, ці мелі яе на ўвазе самі стваральнікі. Ці пад гэтай бязлітаснай тэрытарыяльнай вайной усіх з усімі яны мелі на ўвазе нешта зусім іншае. Адно дакладна – магутны пацыфіскі пасыл перамагае напрыканцы. І гэта выдатна. Міру – мір, як той казаў. “Акулам” і “Ракетам” становіцца сормана, што іх непаразуменне прывяло да жудасных забойстваў і нават тыпажныя амерыканскія паліцэйскія не замінаюць, а ціха сыходзяць, схіліўшы галовы і трывіяльна азіраючыся. У зале дамінуе славутае пачуццё катарсісу, здаецца, што ўсе ўсё зразумелі і свет цяпер стане лепшым. “Акулы” больш не будуць варагаваць з “Ракетамі”, а паліцэйскія не будуць лічыць сябе ўладарамі свету. Усе аб’яднаюцца, каб перамагчы сусветнае зло.

Фота Анжалікі Граковіч



Теги: музыка, мюзикл, искания, творчество
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю