USDКурс вырос 1.9789
EURКурс вырос 2.122
Воля Чайкоўская | 03 августа 2012

На ZABORы таксама напісана

Арт-праект ZABOR уздоўж плоту парку Чалюскінцаў у Мінску прэзентуе чатырох сучасных беларускіх мастакоў. Ім не сорамна?

Руслан Вашкевіч, Віктар Альшэўскі, Уладзіслаў Стальмахаў, Сяргей Каваль не саромеюцца вывешваць свае карціны на плоце. Таму што так – бліжэй да людзей. Нават дзіву даешся, наколькі мастакі, аказваецца, клапатліва ставяцца да гледачоў. Праўда, гэта ўсё-ткі не арыгіналы палотнаў, а лічбавыя рэпрадукцыі. І гэта таксама тэндэнцыя.

Шмат людзей цяпер рэдка ўбачыш у музеях. А таму мастацтва вырашыла выйсці на вуліцу само. Што, у прынцыпе, ужо не навіна. Гэта мы, неспрактыкаваныя ў сучасных мастацкіх практыках і падыходах беларусы, думаем, што арт-праект ZABOR – гэта ўльтрамодна. У свеце, дзе мастацтвам абвешчаны нават мёртвыя мухі, налепленыя на холст, або слоічкі з чалавечым калам (такія арт-аб’екты не рэдкасць, напрыклад, на амерыканскіх аўкцыёнах Сотбіс і Крысціс) вулічныя выставы сталі паўнавартасным элементам гарадской прасторы і не выклікаюць ужо ані захаплення, ані здзіўлення.

   Асацыяцыі з плотам узнікаюць розныя. Але, відаць, калі мастацтва вырашылі наблізіць да людзей нават фізічна – вывесіць на вулічным плоце – то яно павінна быць і відовішчна-зразумелым для гэтых людзей (асцярожна! магчыма, так і нараджаецца маскульт?). А таму лубок, наіў, прымітыўнае мастацтва – гэта акурат тое, што патрэбна ў дадзеным выпадку. Галоўнае ўсё адно назваць гэта contemporary art, а мастакоў – найлепшымі прадстаўнікамі актуальнага беларускага мастацтва.

   І не важна, што мала каму вядомы мастак Уладзіслаў Стальмахаў, які нарадзіўся ў пасёлку Адамаўка Арэнбургскай вобласці, вярзе нешта абслаютна няўцямнае ці тое не ўмеючы гаварыць на публіку, ці тое здзекуючыся з яе:

— Я люблю пісаць аўтобусы, трамваі і тралейбусы. А цяпер мае карціны будуць вісець на вуліцы, дзе ходзяць аўтобусы, трамваі і тралейбусы.

   Гуляш уздоўж гэтага вулічнага мастацкага лішку, і не верыш вачам сваім. Пераконваешся яшчэ раз, што ў сучасным мастацтве галоўнае – абвясціць. А аўтобусы, трамваі, тралейбусы няхай едуць сваёй дарогай…

  “Хто мы такія?” – галоўнае пытанне, якое задавалі сабе мастакі, ствараючы або падбіраючы творы для гэтага вернісажу. Сяргей Каваль са сваімі прымітывісцкімі карцінамі нібыта пераконвае нас у тым, што мы жывем у нейкай цьмянай ліхаманкавай краіне, дзе невядомыя казачныя персанажы лётаюць па небе і разгульваюць па вуліцах, а рэальныя персанажы раз’язджаюць інкогніта ў казачна багатых карэтах. “Казкі Мірскага замка”, “Стары Віцебск”, “Дзіўны горад Менск” – назвы карцін Каваля гавораць самі за сябе. І нягледзячы ні на што, гэтаму мастаку верыш. Да таго ж і яго наіўная эстэтыка надта блізкая да маляваных дываноў Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Хаця б зразумела, што гэта вулічная выстава адбываецца ў Беларусі. А на крацінах Уладзіслава Стальмахава, наогул, а-ля Н’ю-ёркскія хмарачосы і джазмэны ў аўто. У кожнага свая рэальнасць. Гэта непазбежна.  

   Праўда, творы Віктара Альшэўскага таксама пераадрасоўваюць гледача да айчынных архітэктурных славутасцяў: Акадэмія навук, Мірскі замак, Ружаны. Але выкананыя ў стылістыцы “прывітанне Сальвадору Далі і лепшым традыцыям жывапісу сацрэалізму!” гэтыя карціны выключаюць магчымасць нейкай прадуктыўнай адваротнай сувязі.

   Пра творчасць Руслана Вашкевіча пісаць нават неяк няёмка. Ён сапраўды! Яго ўсе! Серыя твораў “Шкала Рыхтэра”, якую мастак прэзентуе на ZABORы, лаканічная і немудрагелістая. Калі глядзіш на карціны Вашкевіча, ствараецца ўражанне, што ўсё вельмі проста і што ты таксама так можаш. Памятаю, некалі выдатны беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер расказваў мне, што гэта галоўнае правіла дызайну.

   Вось яно – сучаснае мастацтва. Усе грані размытыя. Няма сістмэмы каардынат, ёсць бермудскі трохкутнік. Ідэя (а чаго вартая тая ідэя?) пераважае над увасабленнем.

   Гэта да пытання пра тое, што лічыць мастацтвам, а што не.

   Руслан Вашкевіч адзіны, хто перафармуляваў галоўнае пытанне выставы. “Хто мы такія” пераўтварылася ў “Куды мы ідзём?” і ўсе зусім заблыталіся.  У беларусаў няма бадучыні? Або чалавецтву наканаваны непазбежны канец? Што, зрэшты, таксама не навіна. Карацей, час размые нас усіх бясследна і па шкале Рыхтэра. А на плоце застануцца толькі шэрыя водблескі, ледзь прыкметныя сілуэты. Быццам нехта добранька папрацаваў над намі ў PhotoShop. І гэта таксама тэндэнцыя.

   Карціны на ZABORы ў Мінску будуць вісець да сярэдзіны восені. Мяркуецца, што потым творы выправяцца ў турнэ па абласных цэнтрах Беларусі і нават звандруюць за мяжу: Вільня, Варшава, Стакгольм... Вандроўку плануе забяспечыць адзін з арганізатараў праекту -- кампанія "Зубр Капітал".

   Гуляйце міма.

Фота Кацярыны ФРАЛОВАЙ



Теги: Зубр Капитал, творчество, движение, художник, отдых
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю