USDКурс вырос 1.9789
EURКурс вырос 2.122
Воля Чайкоўская | 11 января 2013

Падвялі… Вынікі… Падвялі!?

Падводзіць падрахункі, рабіць высновы і вынікі справа неадназначная і няўдзячная. Тым больш складана скласці рэйтынг або спіс найлепшага з абмежаванай колькасцю пунктаў... Асабліва ва ўмовах беларускай арт-сітуацыі, калі заўжды ёсць рызыка, што на цябе пакрыўдзяцца тыя, каго ты ў топ, спіс і рэйтынг не ўключыў. Але з іншага боку, часам асэнсоўваць вельмі карысна – раптоўна згадваецца нешта важнае, пра што даўно забыўся. І адначасова яшчэ і нагадваеш пра гэта іншым. А бывае так, што наогул даведваешся пра нешта зусім новае. Што было неабачліва прапушчана, абмінула.

 Асабліва прыкольна падводзіць вынікі, калі ўсё ўжо ўсё падвялі. Расклалі па паліцах, вызначылі прыярытэты, кірункі, дасягненні і правалы. Усім ёсць, чым пахваліцца. Усе пахваліліся, і ужо добра.

{quote-1}

Таксама адразу варта адзначыць, што з поля свайго зроку і слыху свядома выключыла музыку. Не бяруся за яе адказваць, бо тут мой погляд (зрэшты, о, чорт! як і па іншых пунктах таксама!) будзе неаб'ектыўна зацікаўлены. Але ў аб’ектыўнасць густу і меркавання я веру слаба. Так што, па вялікім рахунку, усё ў норме.

Цікава, што па мінулым годзе выразна відаць, дзе ў нас прагалы, а дзе патэнцыял, дзе атрымалася, а дзе недацягнулі. Калі ў агульным культурная сітуацыя ў краіне (ды і ва ўсім свеце) крызісная, заблытаная, усе збітыя з панталыку, то на фоне, напрыклад, беларускага кінематографа, з літаратурай і выяўленчым мастацтвам у нас усё проста цудоўна. Але гэта калі глабальна разважаць і не браць у разлік удалыя дакументальныя ці анімацыйныя стужкі ну, і г. д. А можна і ўзяць…     

Карацей, мая карціна наступная.

  1. Кінафестываль “Лістапад”.  Без уліку розных арганізацыйных хібаў і іншых недакладнасцяў (шматкроць апісаных мной ды іншымі неабыякавымі) мінскі міжнародны стаў цудоўнай пляцоўкай, дзе можна паглядзець, адсачыць, зразумець і атрымаць задавальненне ад россыпу стыляў, жанраў і спосабаў мыслення ў сучасным сусветным кінематографе. Не кажучы пра рэтраспектывы і іншыя спецпаказы. Ужо адно тое, што ў Мінску ў прынцыпе паказалі фільм Хрысціяна Мунджу “За ўзгоркамі”, вартае захаплення і прыязнасці. Ды і сам фестываль, дзякуй Богу, расце-развіваецца.

  2. Фільм “У тумане” Сяргея Лазніцы. Але ўсё-ткі не як прарыў “Беларусьфільма” і не як чарговы кінашэдэўр рэжысёра з беларускімі каранямі, а як факт сведчання таго, што Беларусь жыве. Што літаратура нашая не выключаная з сусветнага кантэксту, што яна не лагодная і кастрыраваная і што нам, сучасным беларускім літаратарам, ёсць да чаго імкнуцца і ў каго вучыцца. Варта толькі як след захацець. А там асцярожна – мары здзяйсняюцца!

  3. Выстава “Радыюс нуля”. Напэўна, самая цікавая выстава за цэлы год. Якая таксама пры ўсёй сваёй спрэчнасці і правакацыйнасці, здолела аб’яднаць у сабе і пафасны ўжо тэрмін “куратарства”, і сучасных альтэрнатыўных беларускіх мастакоў усіх масцей. Чаго вартае адно “Нічога няма” Аляксея Лунёва. Ну, і як адназначна станоўчы факт – асваенне закінутага памяшкання завода “Гарызонт”. Прагрэсіўны крок наперад для беларускай арт-рэчаіснасці і тых, хто часта чыніць ёй розныя перашкоды.

  4. Набыццё Статута ВКЛ 1588 года. Усе, праўда, пішуць “вяртанне”. Не ведаю, наколькі гэта можна назваць вяртаннем. Дакладней, можна, безумоўна. Духоўнае вяртанне – нешта ў такім духу. Але ў першую чаргу Статут ВКЛ 1588 гаду НА-БЫ-ЛI. Таксама не ўпэўненая, што гэта можна адназначна назваць менавіта арт-падзеяй. Хутчэй, гэта падзея больш глабальнага для Беларусі агульнакультурнага значэння. Але тое, што Статут – артэфакт, бясспрэчна. І тое, што ён апынуўся на духоўнай радзіме не можа не радаваць. Як не можа не радаваць і тое, што беларусы агулам такі сабралі грошы на гэтую нятанную, язык не паварочваецца, пакупку. Значыць, усё-ткі можам, калі захочам.   

  5. Святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала. З нагоды гэтай даты ладзілася вельмі шмат разнастайных мерапрыемстваў. І выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, і выстава Шагала на плошчы Якуба Коласа, і выстава графікі Марка Захаравіча з фондаў ізраільскага музея, і нават набыццё дзвюх графічных прац мастака, і традыцыйныя Шагалаўскія чытанні ў Віцебску і шмат чаго іншага. Але самае галоўнае, што мы нарэшце троху апомніліся, адносна вяртання і папулярызацыі спадчыны Шагала. Магчыма, троху і запозна, але на тое існуе вядомае выслоўе. Лепш позна.

{quote-2}

Андрэй ХАДАНОВІЧ, паэт, перакладчык, літаратуразнаўца:

  1. Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца.

  2. Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

  3. Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова (і «Жаночы слэм» у яго межах).

  4. ПЭНаўскі конкурс для маладых літаратараў імя Максіма Танка, а таксама конкурс для маладых літаратараў “Экслібрыс”, арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

  5. Паэтычныя чытанні ў межах фестывалю PIKNIK.BY і Астравецкі паэтычны слэм.

Міхаіл ГУЛІН, мастак:

  1. Калектыўны праект «Палацавы комплекс», які праходзіў у траўні-чэрвені ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў, і стаў маім першым куратарскім досведам.   

  2. Калектыўная выстава “Радыюс нуля” на заводзе “Гарызонт”.

  3. Выстава маёй жонкі Антаніны Слабодчыкавай «Яно тут» у галерэі сучаснага мастацтва Ў.

  4. «Going public» (Клайпеда — Менск, чэрвень-кастрычнік) – мой першы досвед удзелу ў такім маштабным міжнародным арт-праекец. А таксама тое, што адбылося ў Мінску пасля гэтага праекту, калі я спрабаваў здзейсніць сваю акцыю “Персанальны манумент”.

  5. Выставы Сяргея Кірушчанкі «Метабалізм жывапіснай прасторы» ў Палацы мастацтваў, Канстанціна Селіханава «Один и многие» ў музеі Заіра Азгура, выстава арт-групы «Беларускі клімат» у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Людміла САЯНКОВА, кінакрытык:

  1. Дакументальны фільм Віктара Аслюка “Цяпло”.

  2. Дакументальны фільм Вольгі Дашук “Кінааматар. Восеньскі сон”.

  3. Анімацыйны фільм Ірыны Кадзюковай “Фініст – ясны сокал”.

  4. Магчымасць уключэння кінастудыі “Беларусьфільм” у глабалізаваную сусветную кінапрастору – фільм “У тумане” Сяргея Лазніцы.

  5. Кінафестываль «Лістапад».



Теги: творчество, художник, театр, мысли
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю