Воля Чайкоўская | 15 февраля 2013

Пяць тыпаў кахання

Каханне, як вядома, бывае розным. Абмяжуемся гэтым шматзначным прыметнікам, каб не пускацца ў больш дакладныя і пошлыя азначэнні.

У сувязі з наступіўшым Днём Святога Валянціна мы вырашылі звярнуцца да некаторых беларускіх фільмаў, таму што фільмы пра каханне ад Леа Каракса, Пола Томаса Андэрсана або Вудзі Алена і  так усе ведаюць. Або, прынамсі, пра іх можна прачытаць на кожным другім інтэрнэт-рэсурсе. А вось беларускае кіно нават у Беларусі мала хто ведае. І хаця ганарыцца асабліва няма чым, хіба што асобнымі фільмамі, мы абралі менавіта беларускія стужкі.  

Пры дапамозе некаторых фільмаў мы вырашылі вызначыць пяць тыпаў кахання. Бываюць, вядома, і іншыя віды. Але ў сілу таго, што мы не ствараем энцыклапедычны даведнік пра віды кахання ці даведнік фільмаў пра каханне, а ўсяго толькі пішам артыкул да Дня Святога Валянціна постфактум, абмяжуемся пяцю стужкамі.

Дзень Святога Валянціна хоць і мінуў, але відавочна пад яго знакам пройдзе ўвесь уік-энд.

Юнацкае.

“Лясныя арэлі”, 1975, “Беларусьфільм”, рэж. Міхаіл Пташук.  

Піянерскі лагер. Насця і Лёшка Зуеў закаханыя адно ў аднаго, але трымаюць свае пачуцці ў сакрэце і ад равеснікаў, і ад важатых. З кім не здаралася! Абсалютна цудоўная рамантычная сітуацыя. Светлае пачуццё, успаміны пра якое застануцца на ўсё жыццё. Але, ясная рэч, закаханым не даюць спакою ні зайздрослівыя равеснікі (яны ўвесь час дзекуюцца з Насці і Зуева, аказваючы на іх няхілы псіхалагчіны ціск), ні важатыя. Гэтым здаецца, што яны павінны нечаму навучыць, расказаць, дапамагчы дзецям. Але як можна навучыць кахаць? Гадзінная недасканалая і наіўная другая стужка Міхаіла Пташука вучыць быць у першую чаргу парадачнымі. А з сваім каханнем кожны сам разбярэцца.  

Нешчаслівае.

“Верыш, не верыш”, 1971, “Беларусьфільм”, рэж. Яўген Васільеў, Анатоль Дудароў.

Бывае, у жыцці здараюцца памылкі. Вось як у гераіні гэтага фільма Тоні, якая не дачакаўшыся каханага Сашу з войска, рванула на цаліну. Там яе, вядома ж, нехта ачмурыў і кінуў адну з дзіцём. Не ведаю, што ў гэтым фільме ёсць яшчэ беларускага, акрамая назвы “Беларусьфільм” у пачатковых цітрах. Блуканні ў бярозах, рускія народныя песні (савецкі варыянт), цаліна, “Беларусьнафта” (ого-го! Вось яна, магутнасць савецкай краіны!...) і нават “Льет ли теплый дождь, падает ли снег…” – усё гэта стварае незабыўнае ўражанне савецкай эпохі 1970-ых… Так бы мовіць, сацыялка на фоне душэўнай драмы. Саша едзе шукаць Тоню. Яго сэрца разбіта, яго мужчынская годнасць незваротна абражаная, але ён усё адно кахае. Уся штука ў тым, што Тоня, здаецца, кахае таго Казанка, які кінуў яе з дзіцём… Цікава, што поруч з народнымі прыпеўкамі, у фільме гучаць джазавыя матывы і, наогул, шмат лірычных адступленняў, якія стылістычна выбіваюцца з агульнай карціны. Тыя ж блуканні Тоні і Сашы ў бярозах і рамантычныя сцэны ля вады, якія нагадваюць пра рэвалюцыйнае для савецкага кіно “Іванава дзяцінства” Андрэя Таркоўскага.   

 Выратавальнае.

“Колер кахання”, 2005, “Беларусьфільм”, рэж. Аляксандр Канановіч.

Яшчэ гадоў 5-7 таму “Колер кахання” быў вельмі папулярны фільм у студэнцкім асяродку. Зробленая выпускніком майстэрні Пташука гэтая кароткаметражка выклікала неверагодны інтарэс і атрымала кучу прызоў. І фільм сапраўды займальны і таленавіты. 20 хвілін мы назіраем за дзіўнымі прыгодамі двух закаханых (Пётр Юрчанкаў малодшы  і Юлія Кадушкевіч) пад музыку гурта “Крамбамбуля”. І каханне выратоўвае галоўнага героя ад злога чараўніцтва. Дасціпныя вясёлыя дыялогі, шмат Мінскіх краявідаў – выдатны фільм для тых, хто хоча хутка і эфектыўна ўзняць настрой.

Усёпераможнае.

 “Ясь і Яніна”, 1975, “Беларусьфільм”, рэж. Юрый Цвяткоў.

Тут перадусім варта заўважыць – сябры, уважліва чытайце цітры, калі глядзіце старыя беларускія фільмы. Часам можна адкрыць для сябе вельмі шмат цікавага і пабачыць прозвішчы знаёмых людзей у нязвыклых ампула. Што да фільма, то гэта такая сабе савецка-беларуская буколіка. Увесь цымус якой, зразумела, ва ўдзеле гурта “Песняры”, які не толькі грае музыку, але яшчэ выконвае драматычныя ролі ў фільме. Напрыклад, Уладзімір Мулявін у ролі заатэхніка, у якога “душа музыкі просіць” – вельмі нечаканы ход. На фоне песень і танцаў на адкрытым паветры і каля будоўлі суперсучаснага кароўніка перад намі разгортваецца гісторыя кахання Яся і Яніны. Ён – лётчык, яна – інструктар па конным спорце, калі гаварыць сучаснай мовай. Але здараецца непаразуменне і Яніна адмаўляецца ад прапановы Яся выйсці за яго замуж. Яніна думае, што насамрэч ён кахае іншую, і тая іншая сама ёй пра гэта сказала – таксама цалкам жыццёвая гісторыя, праўда? Але насамрэч тая іншая кахае апантанага міліцыянера, які ўзначальвае аматарскі хор і напрацягу ўсяго фільма заваблівае ўсіх у гэты хор. З пункту гледжання рэжысуры “Ясь і Яніна”, канешне,  вельмі слабы фільм. Але як гісторыя кахання на фоне музыкі “Песняроў” і дыялогаў Мулявіна – нічога, даволі любапытны экземплярчык.

Трагічнае.

 “Навучыся таньчыць”, 1985, “Беларусьфільм”, рэж. Леанід Мартынюк.

Трагічны стылёвы фільм напярэдадні перабудовы. Па жанры, дарэчы, вельмі характэрны для тых часоў – крымінальная дарама. Працавіты хлопец, студэнт ПТВ, закохваецца ў дачку прадпрымальнага бацькі. Яе грае, дарэчы, Кацярына Голубева, у будучыні – муза Шарунаса Бартаса і Леа Каракса. Гэта адна з яе першых роляў. Яна капрызная і разбалаваная, ёй патрэбны зусім не такі “правільны” мужчына. Каб уразіць каханую хлопец рашаецца ўгнаць машыну, якую яны з яе бацькам рамантуюць нелегальна. У выніку адбываецца аварыя, і ўжо іншая дзяўчына застаецца калекай. Далей – цалкам “перабудовачнае” развіццё сюжэта з бойкамі, крывёю, дэпрэсіўнымі думкамі. Цалкам экзістэнцыйная сітуацыя, калі перад галоўным героем стаіць праблема выбару, на які ён ніяк не можа рашыцца. І каханне ўжо адыходзіць на другі план. І нават зацямняецца пачуццямі да іншай дзяўчыны… Скразны матыў фільма – дыскатэка пад электронную музыку, якая тады толькі пачала станавіцца дазволенай на савецкай прасторы. Вучыся таньчыць, вучыся быць хітрым, вучыся рабіць нелегальна, выкручвацца – інакш не выжывеш…



Теги: кино, творчество, мысли
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю