Структуравалі, структуравалі ды не выструктуравалі

На выставе ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” паспрабавалі ўпарадкаваць сучбеларт.

Вось прыходзіш на нейкую выставу ў галерэю сучаснага мастацтва "Ў", і адчуваеш сябе, як дома. Гэта таму, што сучаснае мастацтва такое спадручнае і не пафаснае. Часцей за ўсё яно падобнае або на перадачу навін (навіну перадач?), або на падзею ў стылі "рамонт у кватэры", або на выставу найлепшых твораў конкурсу "Зрабі сам". Час цяпер такі.

Мастацтва нібыта павінна быць даступным. І галоўнае - актуальным і кантэкстуальным. А для таго, каб рабіць такое мастацтва, мастак павінен карыстацца і апераваць усім, што знаёмае для гледача: матэрыяламі, тэмамі, кантэкстам. Мастак нібыта павінен быць адначасова і самім гэтым гледачом, каб асабліва "не выпендрывацца", не вылучацца. Каб на крайні выпадак (калі глядач "не дагнаў" канцэпцыю) можна было проста пасмяяцца з твора сучаснага мастацтва. Або паплакаць.

{quote-1}

Па шчырасці, структурызацыя – гэта акурат тое, чаго не хапае не толькі сучаснаму беларускаму выяўленчаму мастацтву, але і беларускаму сучаснаму арт-працэсу наогул: літаратуры, тэатру, кіно і журналістыцы ўключна. Калі пра хрэстаматыйныя і заслужаныя шэдэўры, асобаў і кірункі мы ведаем цудоўна (а калі не ведаем, дык вікіпедыя нам у дапамогу), то з сучасным мастацтвам усё нашмат складаней. Ёсць найменні і факты, няма асэнсавання.

Таму галоўная задача выставы – структураваць. І тут з'яўляецца некалькі надзвычай цікавых уласцівасцяў сучаснага арт-працэсу, якіх не існавала раней і якія з’явіліся толькі ў эпоху contemporary art. Раней мастак мог аджартавацца або любым іншым чынам адкараскацца ад тлумачэнняў таго, што ж ён хацеў сказаць сваім творам. Маўляў, няхай гэтым займаюцца мастацтвазнаўцы. Сёння мастак вымушаны тлумачыць грамадскасці СВАЁ МАСТАЦТВА. Куратар выставы наўпрост папрасіла маладых мастакоў адказаць на некалькі базавых, актуальных для любога культурнага поля, пытанняў. Згодна з якімі крытэрамі ацэньваць сучасны твор? Ці ёсць закладзены аўтарам сэнс сапраўды нечага варты, калі глядач не валодае мовай, каб яго счытаць? Ці існуе гэты сэнс? Ці магчымае мастацтва ў такой сітуацыі? Хто ёсць сапраўдным творцам, а хто адно махляром ад культуры?

І кожны на гэтыя, трэба сказаць, правакацыйныя пытанні адказвае па-свойму. Вось вам і мастацтва. Дакладней, яго сутнасць.

Тарас Пашчэнка ператварае будзённасць у твор мастацтва, што ў прынцыпе ўжо, канешне, зусім не арыгінальна. Яго праект "IKEA" – гэта намаляваная ад рукі інструкцыя па зборы мэблі. Што само па сабе: а) натхняе на развагі пра "пакаленне IKEA",  б) структуруе, в) рэкламуе і г) натхняе на развагі пра тое, што "сабраць" агульную карціну сучаснага арт-працэсу куды складаней, чым канапу.

Паўліна Вітушчанка не дае ЎСЯМУ ГЭТАМУ аніякай назвы. Яе праект так і называецца –

"Без назвы". Мастачка структуруе гарадскую прастору. Напрыклад, прапаноўвае пазбавіць Мінск непатрэбных гарадскіх аб'ектаў – помніка на Плошчы Перамогі і Лініі Сталіна. І дадае пра арт-працэс у пісьмовым тлумачэнні: "Гэта збольшага нейкія п'янкі. Цяпер, калі акадэмічнасць выканання страціла сваю істотнасць і галоўны інструмент мастака – гэта думка, светапогляд, пазіцыя – працэс зводзіцца да назірання вопыту і стварэння прызмы, праз якую мастак гэты вопыт успрымае і пазней выкарыстоўвае, трансфармуе ў твор мастацтва. Твор мастацтва – гэта часткова сума вопытаў і ўмення яго ўдала перафразаваць, таму насамрэч зрабіць мастацкі твор займае ўсё жыццё".

Уразіў вось і калаж Аляксея Dreva "Уварванне", на якім дыснееўскія персанажы нібыта ўрываюцца ў рэальнасць старых беларускіх фотаздымкаў. Рыхтык так, як масавая культура і глабалізацыя ўрываюцца ў традыцыю і будзённасць наогул. Гэта працэс адваротны – дэструктурызацыя. Invaders must die? І тут можна доўга разважаць, чым ён небяспечны або плённы.

Яшчэ адна акалічнасць сучаснага мастацтва ў тым, што цяпер мастак можа прысутнічаць паўсюль і заўжды, убачыць і пачуць яго вы можаце не толькі падчас прэзентацыі, але ў любы іншы час, калі завітаеце на выставу. Тут замешана ўсё: і тэхнічны прагрэс, і новы светапогляд, і абсалютна адрознае мастацтва. І ўжо ў самім гэтым закладзена такая дэструктурызацыя рэальнасці, такая патэнцыйная блытаніна, што сам гэты факт можна лічыць удалым калектыўным творам мастацтва. Мастак Базыль пайшоў наогул яшчэ далей, ён папрасіў розных людзей (мажліва, гэта яго сябры і сваякі) прачытаць яго тэзісы перад камерай. І зманціраваў з гэтых запісаў відэа, якое і дэманструецца ў галерэі. Час сёння такі, што за твор мастацтва можна выдаць усё, што заўгодна. Галоўнае – правільна гэта прэзентаваць, патлумачыць, галоўнае – ідэя. Усе сёння мысляць глабальна і, каб хутчэй, каб паспець за сацыяльнымі сеткамі, так бы мовіць, робяць мастацтва са спадручных матэрыялаў. Магчыма, таму яно падаецца такім недаўгавечным.



Теги: искусство, мысли, люди, движение
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю