Воля Чайкоўская | 05 октября 2012

"Сівая легенда" - а што сказаў бы сам Караткевіч...

Пяць пытанняў да оперы "Сівая легенда"…

Адноўленую пастаноўку оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага на лібрэта Уладзіміра Караткевіча можна лічыць сапраўды падзеяй у музычна-тэатральным жыцці краіны. Яшчэ было б не блага, каб гэта пераўтварылася ў тэндэнцыю. Таму што пастаноўкі на музыку сучасных беларускіх кампазітараў, зрэшты, як і пастаноўкі паводле п'ес сучасных беларускіх драматургаў у беларускіх тэатрах, з'ява, на жаль, надзвычай рэдкая. А тут опера, ды яшчэ па-беларуску! За гэта, безумоўна, далёкаму ад нацыянальных мітрэнгаў беларусаў рэжысёру Міхаілу Панджавідзэ трэба сказаць вялікі дзякуй.

Пра адноўленую оперу (першая пастаноўка адбылася ў 1978 годзе) размаўляюць шмат. Кожны беларускамоўны інтэлектуал лічыць сваім святым абавязкам схадзіць, паслухаць і паглядзець. Але пасля прагляду застаецца нейкі не надта прыемны асадак, а ў глядацкага "я" з'яўляецца шмат пытанняў да калектыўнага "я" стваральнікаў пастаноўкі. Гэтых пытанняў як мінімум пяць.

1.   Навошта патрэбна мультымедыйнасць, калі яна не якасная?

Апошнім часам у Оперным з'яўляецца шмат пастановак, багата аздобленых разнастайнымі сучаснымі "спецэфектамі". Так, рухомая сцэна, шматузроўневасць і шматяруснасць  -  гэта зручна, эфектна і бясспрэчна ўзбагачае сцэнаграфію. Пытанні выклікаюць няякасныя лічбавыя праекцыі і поліэкран. Навошта яны патрэбныя, калі аблокі ў "Сівой легендзе" больш нагадваюць нейкую дзіцячую недарэчнасць і толькі перашкаджаюць сканцэнтравацца на дзеі, што адбываецца на сцэне. Ды і, наогул, канцэптуальная адпаведнасць лічбавых выяваў, якія суправаджаюць оперу, выклікаюць сумневы. Праваслаўнымі храмамі і крыжацкімі бойкамі стваральнікі, відаць, хацелі падкрэсліць гістарычны кантэкст. Але атрымалася проста перанасычаная агульная карцінка. Калі немагчыма дабіцца якаснай выявы (ўсё банальна рассыпаецца ў пікселях), то чаму б ад мультымедыйнасці, наогул, не адмовіцца? Спачатку я падумала, што тэатр проста купіў адмысловае абсталяванне, і такім чынам трэба апраўдваць яго прысутнасць. Але потым дапяла  -  гэта, напэўна, аўтарскі стыль... Узгадайце хаця б оперы "Набука" і "Тоска" Міхаіла Панджавідзэ.

2. Чаму законная жонка Кізгайлы Любка паводзіць сябе з мужам, як выгляжанка-спакусніца?

Гэтае пытанне непакоіла, здаецца, не мяне адну. У шаўковай чорнай камбінацыі (падобна на вытворчасць самі-разумееце-чыю) шляхцянка Любка (дарэчы, праваслаўная па веравызнанні, хаця муж перайшоў у каталіцтва) спакушала ўласнага мужа, каб дабіцца ад яго рашэння не аддаваць свайму сябру Раману халопку Ірыну, якую той пакахаў. Інтрыга ў тым, што Любка сама закаханая ў Рамана. І не важна, што яна шляхцянка. Галоўнае, што яна жанчына. А жанчыны дзеля кахання здольныя на ўсё. Праўда, у оперы "Сівая легенда" каварнасць Любкі пераўтварылася ў пошласць і абмежаванасць. Прынамсі за яе таннымі паводзінамі зусім не чытаецца моцная і хітрая шляхцянка з абвостраным пачуццём уласнай годнасці. Зрэшты, як не чытаюцца характары і іншых персанажаў. Раман  -  непаслядоўны, Ірына  -  фарфоравая, Кізгайла  -  бязвольны. Зрэшты, усё гэта тычацца больш не вакалу, а акцёрскай гульні. Няпэўнасць была (ёсць? будзе?) хіба што ў беларускім вымаўленні. Гучыць занудна, але чаму б выдатным оперным спевакам не навучыцца спяваць па-беларуску правільна. Асіміляцыйная мяккасць, "я" ў першым складзе перад націскам, ну і ўсё такое. Тады б, магчыма, характары загучалі больш выразна.

3. Куды падзелася паўстанне Караткевіча?

У Караткевіча часцяком любоў да жанчыны перарастае ў любоў да Радзімы. Або наадварот. Дакладна адно, без радзімы каханне немагчыма. Пішу без пафасу. Аповесць "Сівая легенда" паўстаннем пачынаецца, паўстаннем і завяршаецца. У канцы  -  абстрактныя вобразы абязручанай і аслепленай краіны... Караткевіч не пісаў пра нейкае рэальнае паўстанне. Яго паўстанне  -  зборны вобраз змагання беларускага народа за сваю свабоду.

{quote-1}

4. Што сказаў бы пра сёлетнюю пастаноўку сам Уладзімір Караткевіч?

Гавораць, што Уладзімір Караткевіч напісаў лібрэта да оперы на гатовую музыку кампазітара Дзмітрыя Смольскага. І таму, быццам бы, у нечым мусіў падпарадкоўвацца канцэпцыі Смольскага. Мажліва, яно ў нечым і так. Але Караткевіч, мяркую, цудоўна разумеў, што пераўтвараць пранікнёную аповесць з цудоўным меладраматычным патэнцыялам у батальную пастаноўку не варта. Дорага і неапраўдана. Галоўны мэсадж можна данесці і так. Тым больш што каханне да жанчыны ў яго заўжды амаль эквівалентнае любові да радзімы. Толькі вось у оперы галоўнымі чамусьці аказаліся каханне Рамана і Ірыны; роспач і пошасць Любкі. А на фоне шляхцічы чамусьці адбіваюцца ад агалцелых сялян. Ясна, што яны пратэстуюць у тым ліку і супраць саслоўнай няроўнасці. Яны за тое, каб халопка Ірына пабралася шлюбам з нобелем Раманам. І гэта нібыта сімвал роўнасці. Нібыта...

5. Пры чым тут Пётр і Фяўронія?

Опера, як і аповесць сканчваецца абстрактна. Раман і Ірына будуць разам. Але знявечаныя назаўсёды. Раману адрубілі рукі, Ірыну асляпілі. Але каханне іх  -  жыватворнае. Народ, які ўмее так кахаць, не можа і не мае права быць несвабодным і нешчаслівым. Стваральнікі оперы вырашылі метафару пераўтварыць у жыццё. Дакладней, у немудрагелісты хэпі-энд. Рукі ў Рамана адрастаюць (апагей метафарычнасці і сілы кахання!), а Ірына зноў пачынае бачыць... Навошта ж так у лоб?! Сапсавалі катарсіс. Гледачы і самі маглі дадумаць.

Для дасягнення поўнага эфекту перамогі дабра над злом напрыканцы оперы з'яўляюцца выявы святых Пятра і Фяўроніі. З імі аўтары пастаноўкі быццам атаясамліваюць Рамана і Ірыну, і наогул, як бы падкрэсліваюць (сваё веданне таго?), што Беларусь  -  спрадвечна праваслаўная краіна. Праўда, глядзіцца гэта таксама непераканаўча. Па-першае, таму што Беларусь спрадвечна яшчэ краіна і талерантная (хто не згодны, пачытайце Міколу Ермаловіча). Па-другое, таму што Пётр і Фяўронія РУСКІЯ праваслаўныя святыя, якія лічацца ахоўнікамі СЯМ'І і ШЛЮБУ. Нічога сабе падрахунак, праўда?!..

Карацей, уратоўвае толькі музыка Дзмітрыя Смольскага.



Теги: творчество, искусство, мысли, опера
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю