USDКурс снизился 1.9746
EURКурс вырос 2.1262
| 08 июня 2012

Сяргей Бабкін. Слава K.P.S.S.

Проста злачынства адмаўляцца ад праслухоўвання ўдумлівага Бабкіна на фоне дэфецыту інтэлектуальнай рок-музыкі. Украінскі спявак і актор наведаў Мінск і Гомель адразу з двума сваімі музычнымі праектамі.

Зусім нядаўна Сяргей Бабкін прыязджаў у Мінск у складзе супер-праекту «Брюссель», які сабраў Святаслаў Вакарчук. Гэта быў выдатны канцэрт, які запомніцца надоўга тым, хто на яго трапіў, хоць і прайшоў ён у вялікай халоднай і пафаснай залі Палацу рэспублікі, прыдатнай хутчэй для партсходаў, чым для драйвовых выступаў рокераў.

У траўні ўкраінскі прыгажун з сумнымі вачыма ізноў прыехаў у Беларусь, каб паказаць два сваіх праекта. Фактычна канцэрты ў Гомелі і Мінску далі два розныя гурты, якіх аб’ядноўвае тое, што пры галоўным мікрафоне і там, і там Бабкін уласнай персонай.

З гуртом Classika музыкант выконвае свае даўнія песні, якія калісці справакавалі да яго другую хвалю народнай любові пасля распаду каманды-з’явы 5′nizza. Адсюль і назва праграмы – Star’yo. Пазіцыянуецца гэта праграма нібы як канчатковае развітаньне з старым матэрыялам, але верыцца ў тое з цяжкасцю. Не можа быць, каб Сяргей так лёгка і проста пазбыўся свайго старога багажа. Цяжка ўявіць, каб ён больш ніколі не звярнуўся да «Забери» ці не праспяваў з толькі яму ўласцівым прысмакам пра «дзяцей атамных электрастанцыі». Дарэчы, песню «Пульс» з якой пачаўся мінскі канцэрт, можна назваць дасціпнай спробай выказацца ад імя свайго пакалення (памятае можа хто Цоя ды яго «дзяцей прахадных двароў»).  Наогул жа сугуччаў з найлепшымі ўзорамі рускага року ў яго творах можна знайсці безьліч. Бабкін і сам казаў, што на яго моцна паўплывалі Цой, «АукцЫон», «Чиж» ды астатнія. Але ў музычным плане ён пайшоў куды далей. Мяркуючы па каментарах прыхільнікаў Бабкіна, яго смелыя эксперымэнты з старымі і вядомымі творамі, успрынялі не ўсе. Былі нават папрокі ў знявазе мінулага. Зь іншага боку, знайшліся і тыя, хто ўразіўся новым падыходам да, падавалася б, дарэшты зацяганага матэрыялу. Так ці інакш – проста злачынства адмаўляцца ад праслухоўвання ўдумлівага «класічнага» Бабкіна на фоне дэфецыту інтэлектуальнай рок-музыкі.

Другі праект, які прывёз харкаўскі музыкант у Беларусь завецца K.P.S.S. Створаны ён не дзеля ўхвалы савецкага мінулага, проста такое скарачэнне атрымалася пры складанні першых літараў імёнаў удзельнікаў каманды. Тут ужо Бабкін паўстае сапраўдным тру-рокерам. Па яго прызнанні, яму і хацелася якраз пагуляцца ў рок-спевака, і K.P.S.S. адпаведна можна прымаць за адзін зь яго спектакляў. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі ў добрага актора ўсё выдатна складаецца і ў музыцы. Варта толькі таго захацець. Бабкін таксама выдатна спраўляецца з сваёй роляй у рок-спектакле пад назвай K.P.S.S.. Гурт выдаў пару год таму даволі моцны альбом «Cвинец», песні з якога якраз і гучалі у другім аддзяленьні двух выступаў у Беларусі, якія іранічна абыгрываліся пад агульнай назвай «Classika K.P.S.S.». Былых сябраў камуністычнай партыі просяць не хвалявацца, гэта музыка «дзяцей атамных электрастанцый». Гледачы на мінскім канцэрце былі пазбаўленыя магчымасці адчуць сябе прысутнымі на партсходзе – выступ адбыўся ў клюбным фармаце і сабраў больш за тысячу гледачоў. Бабкін нават і не ведаў дагэтуль, як яго ў Мінску любяць.

Студыйны запіс песні «Слова» з альбома «Star’yo»



Теги: музыка, творчество, Сяргей Бабкін, Святаслаў Вакарчук
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю