USDКурс вырос 1.9706
EURКурс снизился 2.0897
Сяргей Будкін | 20 апреля 2012

ТОП-5 беларускай музыкі гэтай вясны

Нямаведама, як музыканты, але слухачы ад таго, што ў Беларусі практычна спынілася выданне музыкі на CD, толькі выйгралі. Большасць айчынных музыкантаў прадстаўляюць свае працы ў фармаце інтэрнэт-рэлізаў і здараецца гэта практычна кожны дзень. Асабліва радуе, што даволі значная частка з прэм’ераў сапраўды якасна зроблена і пададзена. Вашай увазе – самыя арыгінальныя рэлізы вясны-2012 ад нашых музыкаў. 

 

Akute

Беларуская каманда, якая з выхадам свайго першага альбому “Дзевачкі і космас” (2011) імгненна заняла ў нашай музыцы тую ж нішу, якую маюць Editors у Брытаніі ці Interpol у Амэрыцы. Іх другая кружэлка “Не існуе”, якая выйшла сёлета ў красавіку, канчаткова зацвердзіла за імі статус галоўнай індзі-надзеі Беларусі. Музыкі яўна адчуваюць невыносную лёгкасць быцця, а таму насуперак усім стэрыятыпам, што склаліся пра беларускі рок, апяваюць зоркі і космас. Гэтыя не надта гаваркія хлопцы вярнулі ва ўжытак забытае слова “адзіноцтва” (так называецца іх галоўны хіт) ды з усіх сілаў удаюць з сябе на сцэне меланхолікаў. Зрэшты, такія яны і па жыцці. Звычайна самі музыканты не надта любяць апісваць сваю музыку на словах. Але аўтар песень і басіст каманды Рома Жыгараў неяк паспрабаваў: “Уявіце сабе, што візіянер кшталту Говарда Філіпса Лаўкрафта трапіў у адкрыты космас, такая ж атмасфера нашага альбома”.

Загадкавыя, містычныя і таямнічыя Akute прыцягнулі ўжо да сябе ўвагу. На іх канцэртах прыхільніцы робяць няпросты выбар у каго ўлюбляцца – у вакаліста Стаса ці басіста Рому. А яшчэ Akute сталі правобразам кіношнай каманды Perfect з першага беларускага моладзевага серыялу “Вышэй за неба”. Іх песьні будуць гучаць у саўндтрэку да стужкі. Так што можна з пэўнасцю сказаць: 2012 год пройдзе пад зоркай Akute.

Тройка добрых трэкаў (аўдыё з парталу Tuzin.fm):

Спампаваць альбом “Не існуе” можна тут

 

Clover Club

Адна з самых арыгінальных каманд на беларускай альтэрнатыўнай сцэне парадавала гэтай вясной сваім дэбютнікам “Random Mood Jukebox”. Іх музыка з той самай катэгорыі – калі пачуеш аднойчы, ужо ніколі не забудзеш. Удзельнікі гэтай фармацыі, што назваліся ці тое ў гонар кавярні ў Брукліне, ці проста вырашылі абыграць чарговы раз такі беларускі вобраз канюшыны, ладзяць яскравыя перформансы на сцэне, любяць пакрасавацца на фотасэсіях і прыкрываюцца загадкавымі імёнамі. У вакалісткі, якая заве сабе не інакш, як  Patrick, just Patrick, даволі ўдала атрымліваецца перадаваць на сцэне такую атмасферу лёгкага вясенняга вар’яцтва пры дапамозе сваіх сяброў – клавішніцы Nutty Natty і гітарыста Henry Herz. Чаго вартая хоць бы песня “Nada Mais” – прысвячэнне саве, што загінула падчас футбольнага матча ў Паўднёвай Амерыцы. А самы яркі іх трэк “On Rewind” яўна бы не згубіўся ў сусветных чартах пры адпаведным прадусарскім спрыянні. Пра гэта якраз і мараць удзельнікі Clover Club: забыцца на брыдкую офісную штодзённасьць ды махнуць з канцэртным турам па свеце. 

Тройка добрых трэкаў (аўдыё з парталу  Ultra-Music.com):

Спампаваць альбом “Random Mood Jukebox” можна тут

 

Паліна Рэспубліка

Маладая спявачка ў красавіку адзначыла сваё 18-годдзе аншлагавым канцэртам у адным з мінскіх клубаў. Да гэтага ў яе была перамога ў самым значным беларускім фестывалі аўтарскай песні “Бардаўская восень”, што праводзіцца ў Польшчы, ды прызнанне галоўным адкрыццём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. Відэа з яе выступаў на кватэрніках-офісніках хутка разляталіся па інтэрнэце і ў лічаныя месяцы Паліну сталі актыўна клікаць на клубныя выступы. Інтэрнэт-грамадскасць адразу пачала шукаць паралелі – дзяўчыну сталі параўноўваць з Касяй Камоцкай, Рэгінай Спектар, Алінай Арловай, ZAZ, Земфірай (відаць таму што яна ў адной з сваіх песен пяе пра тое, як “чытала ў метро Багдановіча”), а блогер і журналіст Павал Шарамет дык наогул нечакана назваў Паліну “беларускай Ёлкай”. Але на стала ніводнае параўнанне, дзякуй богу, за ёй не замацавалася, і спявачка лёгка і спакойна стварае свае новыя песні не ў ценю сваіх меркаваных папярэднікаў. Пакуль Паліна вызначаецца ў якім кірунку будзе працаваць, а таму грае, як сола з гітарай, так і пры дапамозе невялічкага акампануючага складу кантрабас+акардыён, а таксама актыўна рэпетуе з рок-гуртом Hasta la Fillsta.

Парачка добрых трэкаў (аўдыё з парталу Tuzin.fm):

 

HandmadE

Праект журналіста ды байца муай-тай Яўгена Валошына і паэта Глеба Лабадзенкі паўстаў як чысты эксперымент. Асноўная цікавасць была ў тым, каб сучасная – нелубочная – песня па-беларуску трапіла ў дзяржаўныя СМІ. Ствараліся некаторыя творы досыць дзіўным чынам, адзін з іх, напрыклад, нарадзіўся ў Яўгена проста на рынгу, калі ён атрымаў у вока ў бойцы за тытул чэмпіёна Беларусі сярод студэнтаў. З фарматам айчынных FM-станцый змаганне было прайграна, радыёхітамі песні HandmadE не сталі, затое на беларускіх тэлеканалах музыкі сталі досыць частымі гасцямі, хоць і выглядалі на закасцянелых тутэйшых тэлешоў быццам іншапланетнікі. Пры тым, кожны свой крок Яўген фіксаваў у лепшых традыцыях гонза-журналістыкі, распавядаючы, што ўдзельнікаў “Песні году” кормяць салатам з капусты і варанай бульбай, з кавалачкам мяса і нічагусенькі ім не плоцяць: “Напэўна, вам цікава, колькі заплацілі за ўдзел у праекце “Песня году”? Усё ж гэта не які-небудзь канцэрт пад кустом – на ўсю краіну паказваюць, дыпломы даюць. Але як выявілася, беларускі артыст згодны адкрываць рот па тэлебачаньні за бясплатна! Наша “зорка”, прычым любога калібру, будзе плясаць за так. Бо ўдзел у беларускім тэлешоў – гэта божая ласка, за якую тэлевізійнікаў яшчэ абцалаваць не зашкодзіць”, – дзяліўся ён адным сваім экспірыенсам. Па выніку Яўген выправіўся пажыць у Коста-Рыку, адкуль і зладзіў інтэрнэт-прэзентацыю дэбютнага дыску HandmadE. Па вяртанню на Радзіму музыкант збіраецца працягнуць змаганне з усталяваным фарматам.

Тройка добрых трэкаў (аўдыё з парталу Tuzin.fm):

Спампаваць альбом “DEMO. The Music from Unfreedom” можна тут

 

Hair Peace Salon

“Самаўдасканаленне і мастурбацыя, мастурбацыя і самаўдасканаленне”, – гэтай цытатай з “Байцоўскага клубу” менскія хлопцы з гурта Hair Peace Salon адказалі неяк на пытанне кітайскага музычнага часопіса “SoRock!” наконт таго, ці атакуюць іх прыхільніцы пасля канцэртаў. Яны і праўда не гоняцца за славай і ўжо дзесяць год граюць музыку, якую лічаць сваёй. Робяць музыканты сваю справу падкрэслена нетаропка – з толкам, пачуццём ды растаноўкай, а таксама з добрым адчуваннем стылю і густу. Сёлета ў сакавіку яны ўрэшце прадставілі публіцы свой дэбютны альбом “Gentleman”, а замест прэс-рэлізу разаслалі па СМІ барадаты анекдот пра трох джентэльменаў, што стаяць на беразе возера. Адзін з іх праз немалую паўзу упэўнена і ціха выказвае сваю пэўнасць наконт таго, што тут мусіць быць шмат рыбы. Другі з няпэўнасцю заўважае, што наўрад ці знойдзецца хоць адна рыбіна. А трэці праз хвілін дзесяць з уздыхам прамаўляе: давайце, маўляў, спадарства, спынім гэты непатрэбную ды бясконцую спрэчку… У гэтай плаўнасці і далікатнасці ды абсалютным нежаданні даводзіць усяму свету сваю творчую ўнікальнасць – разынка гэтай каманды. Яны ствараюць выдатную музыку і гэта важна ведаць найперш ім самім.

Тройка добрых трэкаў (аўдыё з парталаў Tuzin.fm і HairPeaceSalon.com):

Спампаваць альбом “Gentleman” можна тут



Теги: музыка, Akute, Clover Club, Hair Peace Salon, Говард Лавкрафт
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю