USDКурс снизился 1.9703
EURКурс снизился 2.1019
| 26 июня 2012

ТОП-7 беларускіх фэстаў гэтага лета

Выбару ў беларускага слухача зусім няшмат – паездка ў няблізкі свет на хутар да дзядзі Вовы, танцы на палянцы ў атачэнні міліцыянтаў або адпачынак у стылі сада-маза ў Віцебску.

Пакуль наша краіна знаходзіцца там, дзе яна знаходзіцца, не даводзіцца разлічваць на маштабныя музычныя фестывалі, якія маглі прадстаўляць цікавасць не толькі для нашага, але і для пераборлівага замежнага слухача. Віной таму найперш сумнеўны імідж нашай краіны ў свеце. Рэдкая заходняя зорка захоча паехаць сюды, начытаўшыся навінаў пра Беларусь, якая падаецца ў прэсе не інакш, як “запаведнік сацыялізму” і, вядома ж,  “апошняя дыктатура ў Еўропе”. Складанасці дадае суворы візавы рэжым, які фактычна адразае нашу краіну ад цывілізаванага свету ў культурным (ды і не толькі) плане.  Дадайце яшчэ сюды той факт, што светапогляд масаў працягваюць фармаваць расійскія медыя. Таму адпаведна ўсходнія героі тут у большасці сваёй больш пазнавальныя, чым заходнія. І з гэтага сыходзяць арганізатары і фундатары беларускіх фестываляў. На жаль, часта выходзіць так, што тутэйшы спонсар, калі і знаходзіцца, то выяўляе цікавасць у падтрымцы таго, што, на яго думку, ведаюць і любяць людзі. А ведаюць і любяць нашы людзі ў большасці сваёй ўсё, што заўгодна, але толькі не годную і якасную музыку.  Тым не менш, летнія беларускія фестывалі існуюць. Падзелім самыя яскравыя з іх паводле спецыфікі і бюджэту на тры катэгорыі.

 

Фестываль сваімі сіламі

Даволі распаўсюджаная форма правядзення фестываля. Ладзіцца з невялікай спонсарскай падтрымкай, а часта наогул без яе. Музыканты выступаюць як правіла без ганарараў ці з мінімальнай аплатай. Камерцыйная мэта ў арганізатараў – звесці мерапрыемства ў нуль. Такія фэсты як правіла доўга не жывуць і згасаюць паступова разам з энтузіязмам іх завадатараў.

Бюджэт: да 30 000 у.е.

Аўдыторыя: да 1 000 чал.

Пазітыў: разняволеная атмасфера, цікавая і насычаная праграма, у якую можа трапіць кожны ў незалежнасці ад сваіх поглядаў і ступені вядомасці;

Негатыў: неўцямны бюджэт, які не дазваляе разгарнуцца, адсутнасць замежных хэдлайнераў і слаба развітая інфраструктура.

Фэсты гэтага лета:

1. “ПІКНІК.BY” (1 ліпеня 2012, хутар Шаблі)

Праводзіцца ў другі раз сіламі мінскага паб-клуба “Графіці”. Сёлета ў Шаблі, што ля Валожына, збіраюцца практычна ўсе яскравыя прадстаўнікі беларускай незалежнай музыкі. У лайн-апе на двух сцэнах заяўлены кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба», Pomidor/off, Akute, HandmadE, «Разьбiтае сэрца пацана» і яшчэ пад два дзесяткі выканаўцаў, а таксама паэты, ды-джэі, мастакі, танцоры. Сярод забаваў для наведнікаў – фрысбі, капаэйра, сокс, бодзі-арт, выставы, кінатэатр пад адкрытым небам, настольныя і спартовыя гульні, ёга. Уваход – ад 90 000 руб.

2. Extreme Power Fest (6 ліпеня 2012, Палыковічы)

Фэст, які праводзіцца пад Магілёвам у другі раз высілкамі канцэртнага агенцтва Energy Music і, як гэта не дзіўна, “Русского радио”. Пазіцыянуецца як першы мясцовы музычна-забаўляльны фэст.  Сёлета на асноўнай сцэне выступяць “Дай Дарогу”, “ТТ-34”, Naka, IQ48, а за хэдлайнера прапануецца лічыць шанаваны байкерамі расейскі гурт “Монгол Шуудан”. Другая сцэна будзе цалкам аддадзена рэперам. З іншых забаваў – фаер-шоў, байк-шоў, турніры па стрыт-болу ды брэйк-дансу, начная дыскатэка. Уваход – ад 100 000 руб.

3. Вольнае паветра (25 жніўня 2012, хутар Шаблі)

Фест новага этна, які прадстаўляе цікавыя гурты з розных краінаў, што працуюць у стылістыцы world-music. Паўстаў дзякуючы бровару “Сябар” ды яго кіраўніку Сяргею Левіну ў 2006 годзе (тады праводзіўся ў Крупках). Беларускі бізнесовец, які цяпер кіруе фабрыкай “Сонца”, працягвае падтрымліваць фэст дагэтуль. А ладзяць яго апошнія гады прадусары Аляксандр Багданаў і Яўген Калмыкоў. Дзякуючы спонсару лайн-ап фэсту выглядае даволі разнастайна – сёлета заяўлены музыканты з Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Літвы, а ў якасці хэдлайнераў будзе ўкраінскі фольк-праект “ДахаБраха”, які прадставіць сваю сумесную праграму з беларусамі Port Mone. Сярод іншых цікавостак – другі па ліку чэмпіянат па кіданню кізякоў (засушаных ляпёшак з навозу).

 

Фестываль з падтрымкай дзяржаўных структур

Разглядзім самыя паказальныя прыклады –“Славянскі базар у Віцебску” і “Басовішча”. Фестываль у Віцебску мае 20-гадовую гісторыю і пачынаўся з конкурсу польскай(!) песні, а з цягам часу пераўтварыўся ў галоўны дзяржаўны фэст ды стаў такой альтэрнатыўнай версіяй “Еўрабачыння” для постсавецкай прасторы. Найстарэйшы беларускі рок-фестываль “Басовішча” з 1990 году праводзяцца ў памежным польскім (!) Гарадку з падтрымкі польскага ўраду. У абодвух фестываляў фармат “толькі свае”. На “Басах” ніколі не выступіць які дзядзя Ваня, а на “Слаўбазу” ніколі не запросяць, напрыклад, “КальЯн” , бо яны маюць адрозны пункт гледзішча на грамадзка-палітычную сітуацыю ў краіне.

1. Славянскі базар (12-18 ліпеня 2012)

Бюджэт: больш за 700 000 у.е.

Фестываль існуе на грошы Саюзнай дзяржавы і датацый з фонду прэзідэнта Беларусі, а таксама за прыбытак ад продажу квіткоў на канцэрты ў Віцебскім амфітэатры. Афіцыйна агучвалася сума ў 25 000 000 расійскіх рублёў, якая штогод вылучаецца толькі з фонда Саюзнай дзяржавы. Пры чым Павал Барадзін летась паабяцаў фінансаванне павялічыць у 2-3 разы. 

Аўдыторыя: больш за 100 000 чал.

Пазітыў: фестываль праводзіцца з вялізарным размахам, лічыцца адной з цэнтральных культурных падзеяў на постсавецкай прасторы.

Негатыў: дурное марнаванне сродкаў на безыдэйны і бязлітасны лайн-ап.

“Славянскі базар” стаў адным з культурных маркераў сучаснай Беларусі, але славіцца, на жаль, перадусім культывацыяй безгустоўшчыны. Самы лепшы час на галоўнай сцэне традыцыйна аддаецца зоркам расійскай эстрады і шансону. Сёлета ў якасці гасцей заяўлены Ірына Алеграва, Барыс Маісееў, Верка Сярдзючка, Сяргей Пенкін, Аляксандр Новікаў ды іншыя. Другая адметная рыса “Слаўбазы” – поўны ігнор беларускай незалежнай сцэны і татальная адсутнасць павагі да свайго, беларускага. Напрыклад, на заснаванай у межах фэсту “Алеі зорак” першую пліту паклалі ў гонар Валерыя Лявонцьева, а потым толькі ўзгадалі пра Уладзіміра Мулявіна…  

Уваход: квіток на адзін канцэрт у межах 150 000 – 280 000 руб., квіткі на канцэрт-адкрыццё сягаюць 750 000 руб.

2. Басовішча (13-14 ліпеня 2012)

Бюджэт: 30 000 – 50 000 у.е.

Сродкі на правядзенне фестываля вылучае польскі ўрад у межах праграмы падтрымкі нацыянальных меншасцяў. Сёлета Міністэрства адміністрацыі Польшчы выдала на яго арганізацыю суму ў 90 000 злотых (ля 30 000 даляраў), хоць бюджэт разлічваўся на 150 000 злотых. Агулам бюджэт «Басовішча-2012» усё ж перасягнуў лічбу ў 100 000 злотых за кошт падтрымкі Маршальскага ведамства і асобных прадстаўнікоў гарадской рады Беластоку.

Аўдыторыя: да 5 000 чал.

Пазітыў: фэст сілкуе і падтрымлівае беларускую незалежную музыку і гуртуе людзей вакол ідэі павагі да сваёй культуры;

Негатыў: слабая арганізацыя праз частую змену кіраўніцтва Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы, складанасці з атрыманнем візаў для беларускіх гледачоў.

З цягам часу “Басовішча” перастала быць ужо мекай для аматараў беларускага року, але па-ранейшаму застаецца адзіным вольным фэстам, дзе могуць выступіць тыя, каго на Радзіме прыціскаюць з прычыны наяўнасці ў іх грамадзянскай пазіцыі. Тут прапісаліся ў свой час N.R.M., Neuro Dubel, ZET, “Крама” ды іншыя фігуранты “чорных спісаў”. Праўда, у апошнія гады лайн-ап вырашылі асвяжыць і “ветэранаў” “Басовішча” не клікаюць. Сёлета абяцаюцца “Кальмары”, :B:N:, IQ48, Znich і адзін з культавых польскіх гуртоў.   

 

Брэндзіраваныя фестывалі (фэсты тытунёвых і піўных брэндаў, мабільных аператараў)

Бюджэт: больш за 100 000 у.е.

Аўдыторыя: да 25 000 чал.

Пазітыў: магчыма прысутнасць у лайн-апе зорак сусветнага маштаба дзякуючы немалым спонсарскім укладанням.

Негатыў: выпадковая публіка, вялізарная колькасць міліцыянтаў.

Яскравымі прыкладамі брэндзіраваных фэстаў могуць быць фестываль танцавальнай музыкі Global Gathering Freedom Music (цыгарэты Winston) і фестываль “Рок за Баброў” (піва “Баброў”).

1. Global Gathering Freedom Music (30 чэрвеня, аэрадром “Баравая” пад Мінскам)

Фестываль электроннай танцавальнай музыкі, што ідзе 12 гадзін нон-стопам з вечара да раніцы. Праводзіцца з 2001 году ў Брытаніі, з цягам часу стаў ладзіцца і ў іншых краінах свету (ЗША, Турцыя, Малайзія, Украіна). У Беларусі ладзіцца ў пяты раз. Галоўны хэдлайнер сёлета – Tiesto, шалёна папулярны ў свеце ды-джэй, васкавую фігуру якога нават стварылі для музея Мадам Цюсо. Уваход – ад 150 000 руб.

2. Рок за Баброў (прайшоў 2 чэрвеня, аэрадром “Баравая”)

Фестываль у падтрымку піўнага брэнду, што славіцца бясплатным уваходам і кіслым лайн-апам, падабраным па прынцыпе і жук, і жаба. Можна падумаць, што Саюзная дзяржава мае дачыненне і да гэтага мерапрыемства, бо арганізатары, засвойваючы рэкламныя бюджэты, чамусці зацята і ўпарта вязуць штогод хэдлайнераў з Расіі, хоць можна было б паказаць людзям за тыя ж вылучаныя грошы цікавыя, але не такія вядомыя гурты з блізкага і далёкага замежжа. Цікава, што тая ж кампанія Heineken, якой належыць брэнд “Баброў”, праводзіць у суседняй Польшчы цуда-фэстываль Heineken Open’er. Там у спісе выступоўцаў - Bjork, Franz Ferdinand, Gogol Bordello, New Order. А беларусам прывозяць “Градусы”, “Город 312” ды “Парк Горького” у некласічным складзе… 

Па выніку, выбару ў беларускага слухача зусім няшмат. Калі перадусім цэніцца атмасфэра, то лепшым варыянтам будзе паездка ў няблізкі свет на хутар да дзядзі Вовы (“ПІКНІК.BY”, “Вольнае паветра”). Калі хочацца паглядзець на людзей за вяртушкамі, пад музыку якіх пруцца ва ўсіх клубах свету, дык тады можна абраць танцы на палянцы ў атачэнні міліцыянтаў (“Global Gathering”). “Тлустымі” хэдлайнэрамі сусветнага маштабу сапраўды могуць пахваліцца толькі электроншчыкі. А як знойдуцца аматары адпачынку ў стылі сада-маза, дык такім простая дарога на “Слаўбазу”. Ёсць яшчэ варыянт з’ездзіць на закупы ў беластоцкія гіпермаркеты ды прасякнуцца па шляху вольным духам “Басовішча”. А як у каго ёсць жаданне выправіцца ў сур’ёзную вандроўку хоць бы ў блізкае замежжа, дык ва Ўкраіне і Расіі праводзіцца безліч опэн-эйраў з хэдлайнерамі ўсясветнага ўзроўню. Летам да суседзяў едуць Garbage, Limp Bizkit, ZAZ, Gogol Bordello, Korn…. 



Теги: музыка, отдых, фестивали
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю