USDКурс снизился 1.9703
EURКурс снизился 2.1019
Воля Чайкоўская | 13 декабря 2013

Уся ўлада World Press Photo

На выставе фотаздымкаў World Press Photo 2013 (працуе да 31 снежня ў галерэі “ЦЭХ”) пануе атмасфера гранічнай мегадакументальнасці. Уражанне, быццам трапляеш калі не ў самі “гарачыя кропкі” ці эпіцэнтр крывавых, жорсткіх актуальных падзей свету, то, як мінімум, у кругласуткавае атачэнне навінаў з тэлеканалаў Euronews, BBC ды CNN.

Заўжды думала, што нічога выпадковага ў свеце не бывае. І сёлета на выставу World Press Photo я абсалютна выпадкова прыйшла вельмі падрыхтаванай: у сувязі з падзеямі на кіеўскім Майдане “Еўраньюс” у мяне дома не выключаецца. А таму я ведаю падрабязнасці не толькі пра калярэвалюцыйныя падзеі ва Ўкраіне, але і пра смерць Нэльсана Мандэлы, мітынгі апазіцыі ў Тайландзе, падзеі ў Цэнтральнай Афрыканскай рэспубліцы і ў Паўднёвай Афрыканскай рэспубліцы, Сірыйскі ўзброены канфлікт… А яшчэ зусім нядаўна ў мяне дома з’явіўся глобус. І гэта, ведаеце, такая карысная цацка: разглядаючы гэты глобус я, напрыклад, узгадала, бадай, усе сталіцы ўсіх самых экзатычных краін свету, пачынаючы ад Філіпінаў, сканчваючы Эфіопіяй, Шры-Ланкой і Сан-Сальвадорам, якія некалі вывучыла на зубок у школе.

Мой настаўнік па геаграфіі быў трэнерам школы па “Што? Дзе? Калі?” і нашая каманда была адной з самых моцных у Віцебску. Некалі я недалюблівала свайго настаўніка геаграфіі за тое, што на ўроках даводзілася выходзіць да мапы свету і шукаць якое-небудзь Карыбскае мора альбо Мадагаскар. І гэта яшчэ лічылася, што табе моцна пашчасціла. Лузэры паказвалі Беліз, Руанду і мора Лапцевых.  

Але на выставе World Press Photo, якую вось ужо два гады ў Мінску курыруе фатограф Андрэй ЛЯНКЕВІЧ, я ўзгадала свайго настаўніка геаграфіі з удзячнасцю. Таму што World Press Photo – гэта гісторыі з усяго свету. Фатографы Associated Press, New York Times, Gazeta Wyborcza, Time, Wenzhou Daily ды іншых інфармацыйных агенцтваў і выданняў  зрабілі свае найлепшыя здымкі, за якія атрымалі ўзнагароды ў 9 намінацыях: спорт, прырода, навіновыя фотаздымкі, пастановачныя партрэты і г.д. Ацэньвала фатаграфіі журы ў складзе 20 чалавек. І самымі галоўнымі крытэрыямі ацэнкі фотаздымкаў была іх сапраўднасць: ніякага або мінімум фаташопу (і тое пры дапамозе камп’ютара дазваляецца карэктаваць яскравасць/кантрастнасць, а ніяк не прыбіраць ці дадаваць на фота нейкія прадметы, надпісы і г.д., і ступень прымальнасці гэтай камп’ютарнай апрацоўкі,каб яна не скажала дакументальнасць, вызначае журы для кожнага канкрэтнага фотаздымка). Суддзі ледзь не пад мікраскопам разглядаюць кожнае фота. Таму, безумоўна, World Press Photo можна лічыць самай сур’ёзнай узнагародай для фотажурналістаў. Яе называюць нават “Оскарам” у галіне фатаграфіі. Паглядзець усе фотаздымкі-пераможцы сёлетняга конкурсу можна тут.

Насамрэч на гэтым вусцішным фотаздымку, які не-не ды асацыюецца з сюррэалістычна-мінімалістычным жывапісам Рэнэ Магрыта, салдат Суданскіх узброеных сілаў ляжыць мёртвы ў лужыне нафты побач з аб’ектам нафтавай прамысловасці ў горадзе Хэгліг пасля сутыкнення з Народна-вызваленчай арміяй Судана.

Так і хочацца запытацца: чалавек – ніхто, нафта – усё?  

3-е месца/Падзеі/Адзіночныя фотаздымкі

Фатограф – Домінік Нар, Швейцарыя, Magnum Photos для часопіса Time

Наогул, ад гэтай сапраўднасці, дакументальнасці фотаздымкаў спачатку слупянееш, потым яна абурае і ўрэшце рэшт ты да яе прывыкаеш. Але не ў сэнсе таго, што гвалт, несправядлівасць, вайна, тэрарызм, прыродныя катаклізмы – гэта нармальна. А ў сэнсе таго, што гэта для чалавецтва звычайная справа, так бы мовіць. І, баюся, інакш, можа, і не прадугледжана… Але гэтыя фотаздымкі таксама выклікаюць пачуццё пратэсту. Калі ты не хочаш і не можаш больш, у сілу прысутнасці ў тваёй свядомасці нейкіх маральных імператываў, эмпатыі і нават проста сентыментальнасці, з гэтым мірыцца.

Адбываецца свайго роду інтэрферэнцыя: калі дакументальныя фотаздымкі, стаўшы ў пэўным сэнсе аб'ектамі мастацтва, уплываюць на нашае рэальнае жыццё. Мы паглядзелі, падумалі і пайшлі жыць далей, але, мажліва, станем трошку дабрэйшымі адно да аднаго. Хаця б на бліжэйшыя гадзіны. Чалавек неяк вельмі хутка пра ўсё забываецца…

Яшчэ, разглядаючы фотаздымкі выставы World Press Photo 2013, я ўзгадала радок з песні Паці Сміт і перафразіравала яго. Ён прагучаў, як лозунг, як заклік, як канстатацыя рэальнасці эпохі панавання медыя: Photo has the power! У перакладзе на сучасную рэальнасць “Photo has the power!” значыць, што журналісты з фотакамерамі – вось тыя, у каго рэальна ёсць улада. Хаця, зрэшты, апошнія падзеі ў суседняй краіне дэманструюць, што і гэта адносна.

Зноў-такі, усё невыпадкова ў гэтым свеце. І калі гаварыць пра тое, што фота могуць змяніць жыццё, нельга не прыгадаць гісторыю, якую прыгадаў праект-менеджар World Press Photo на адкрыцці выставы. Гэта рэальная гісторыя пра тое, як фотаздымак, на якім маленькая дзяўчынка хаваецца ад ваеннай атакі, практычна змяніла ход вайны ў В’етнаме.

Журналістыка і фотажурналістыка сёння могуць быць такімі ж уплывовымі, як і бездапаможннымі. Мне ўзгадваецца адразу, якім эталонам аб’ектыўнай і ўплывовай журналістыкі быў амерыканскі тэлеканала Тэда Цёрнара CNN. У найлепшыя для канала часы дырэктар ЦРУ Амерыкі тэлефанаваў начальніку нацыянальнай бяспекі і раіў уключыць CNN, каб паглядзець, куды патрапілі ракеты, якія Ірак у чарговы раз запусціў у бок кааліцыйных войскаў.

Можна ўзгадаць і “закон Херда”, які нібыта сфармуляваў брытанскі міністр замежных справаў Дуглас Херд і які гучыць прыблізна так: “Кіраўніцтва дзяржавы не абавязана рэагаваць на крызіс, калі ён не быў паказаны па ТБ”.  

Фотаздымкі, якія сталі пераможцамі World Press Photo 2013 таксама з’яўляюцца вельмі ўплывовымі і абышлі ўвесь свет, выклікаўшы мноства самых розных спрэчак: мастацкіх, тэхнічных і грамадска-сацыяльных. Гэтыя здымкі паглядзела ўжо больш за 3 мільёны чалавек. Мінск уваходзіць у сотню гарадоў, па якіх вандруе выстава World Press Photo. Прыйшоўшы ў “ЦЭХ”, вы пабачыце, напрыклад, дзяўчынку-альбіноса, якая жыве ў Варшаве (фота – Анна Бэдыньска); мужчыну, хворага на Альцгеймера, якога даглядае жонка, з якой ён пражыў больш за 40 гадоў (фота – Фаўста Падавіні, Італія). Наогул, гэтая серыя фотаздымкаў пра пажылую пару стылістычна нагадвае мне фільмы Райнера Вернера Фазбіндэра, а канцэптульана – “Любоў” Міхаэля Ханеке. І, дарэчы, гэтыя фоты не адзіныя, якія маюць пэўныя кінематаграфічныя канатацыі. Таксама вы пабачыце крывавы фотаздымак Эстэбана Фэлікса (Перу), на якім ў більярднай зале ляжаць мёртвыя людзі, на падлозе – лужыны крыві. Гэта не бутафорыя. Гэта наступствы сапраўдных забойстваў, якіх у Гандурасе 86 на 100 000 жыхароў у год… І маўчаць пра гэта нельга.     

Выстава ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.



Теги: творчество, искусство, движение
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю