USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967
Воля Чайкоўская | 14 января 2014

Юра Шуст: у Беларусі не інвестуюць у мастацтва

Рэшткі ад штучнай елкі ахайна выкладзены на падлозе ў кола, на сцяне сумнеўны надпіс – “Будучыня”, недалёка ляжаць старыя нумары вядомага часопіса з не менш сумнеўнай назвай “Новый мир”, фужэры з шампанскім накрыты гранітнай плітой. Усяму – крышка. Гэта рэквіем. Па Новым годзе. Менавіта пад назвай “Рэквіем па Новым годзе” ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрылася выстава мастака Юры Шуста з Маладзечна, які цяпер жыве ў Брусэлі.

Яшчэ адным складнікам інсталяцыі мастака стала відэа. На ім сам аўтар ездзіць па гарадскіх сметніцах і збірае выкінутыя елкі. Як можна здагадацца, у нейкім сэнсе гэтыя елкі са сметніц і ляжаць на падлозе ў выглядзе галінак “рытуальнага ёрша”. “Рытуальная” выстава суправаджаецца цьмянай мінімалістычнай музыкай. На выставе наогул усё надзвычай мінімалістычна і стрымана. Можа быць, ад таго яна глядзіцца вельмі па-сапраўднаму. Дзядок, які пераблытаў даты і прыйшоў як бы на курсы беларускай мовы, але апынуўся на адкрыцці арт-івэнта, каментаваў мне, што елкі вельмі добра выкарыстоўваць ў гаспадарцы, бо іх ствалы не гніюць. У гаспадарцы, можа, яно і так. Але вось у мастацтве троху па-іншаму. Здаецца, мастак акурат і хацеў падкрэсліць, што ўвесь гэты стары ўклад, у якім мы жывем, мары пра стабільнасць і летуценні пад назвай “новы свет” даўно прагнілі. Усё застыгла. Штогод адно і тое ж. Не змяняецца анічога. А таму – нічога не застаецца, акрамя як наладзіць рэквіем па Новым годзе. Што яшчэ рабіць, калі ён будзе такім жа, як і папярэдні?..

Пад час адкрыцця выставы ў галерэі “Ў” мы паразмаўлялі з Юрай Шустам, які вось ужо два гады жыве ў Бельгіі, а да гэтага 5 гадоў жыў і вучыўся ў Вільнюсе, пра прадавальнасць і “прадажнасць” сучаснага мастацтва, інвестванне ў contemporаry art і лад жыцця, які трэба весці, каб цябе куплялі.

Як на ваш суб’ектыўны экспірыенс, сучаснае мастацтва і яго разуменне ў Еўропе, у прыватнасці ў Бельгіі, адрозніваецца ад беларускага?

- Наогул, першае, што мне кінулася ў вочы, і што я адзначыў для сябе, гэта тое, што мастацтва ў Еўропе на ўзроўні акадэмічнага навучання набліжана да фармулёўкі “Let’s make fun”, то бок – давайце проста атрымліваць задавальненне, весяліцца. У большасці выпадкаў на гэтым усё і сканчваецца. Натуральна, на базе беларускага наратыву мне было неабходна ўздымаць больш сур’ёзныя пытанні, чым проста задавальненне і пагоня за візуальнымі прыгодамі. Таму ўвесь час свайго навучання (я скончыў магістратуру ў Бельгіі па спецыяльнасці “graphic art” – “графічнае мастацтва”) я працаваў з беларускім наратывам, бэкграўндам. І мушу сказаць, што гэта было цікава куратарам, мастакам, з якімі я кантактаваў. Насамрэч сучаснае мастацтва Еўропы актыўна працуе з сацыяльнымі і палітычнымі праблемамі. .

Падчас навучання нейкіх жорсткіх рамак і абмежаванняў няма. Ты вольны рабіць усё, што табе захочацца. Іншая справа, як ты гэта рэпрэзентуеш і наколькі глыбока зможаш раскрыць канцэпцыю.. Цікавым было атрыманне новага досведу, новых рэферэнсаў з арт-суполкі, якая там існуе, наладжванне сувязяў, знаёмства з новымі людзьмі.

Ці здольнае сучаснае мастцтва прыносіць прыбытак? Што ў Еўропе найлепш прадаецца: інсталяцыя, жывапіс, графіка?..

- Ну, там ўсё па-старому. Еўропа вельмі кансерватыўная ў сэнсе продажу мастацтва. Лепш за ўсё прадаецца жывапіс, як гэта было раней. Інсталяцыі прадаюцца нашмат горш. Натуральна, усе прайсы і ўвесь рынак фарміруюць такія глыбы арт-рынку, як Sotheby’s і Christie’s. Гэта два аўкцыённыя дамы, дзве інстытуцыі, якія фарміруюць усе кошты ў гэтай галіне. Мне давялося пазнаёміцца, у некаторых выпадках нават асабіста, з прадстаўнікамі гэтых установаў. І я мушу адзначыць, што ўсё гэта досыць сумна. Як і раней усё вырашаецца выключна праз асабістыя стасункі і ў гэтым выпадку  часцей за ўсё працуе проста “шмузінг”.

- Гэта лад жыцця, які трэба весці, каб стаць знакамітым і прадаваць свае творы. Гэта бясконцая тусоўка, оўпэнінгі, знаёмствы…Таму калі гаварыць пра продажы, арт-маркет, то сусветныя арт-тэндэнцыі і кошты на мастацтва фарміруюццца менавіта шмузінгам. Вядома, ёсць і акадэмічныя шляхі, дасягненне прызнання, адукацыя, выставы, рэзідэнцыі, галерэі, art fairs. . Натуральна, акрамя продажаў ёсць больш прагрэсіўныя кірункі, якія як раз выкарыстоўваюць мастацтва як інструмент змянення свядомасці, выхаду за рамкі стэрэатыпаў. Гэта абсалютна іншыя кірункі, у якіх не так шмат грошай, але яны там таксама ёсць. У маім выпадку я нават не спрабую зарабляць грошы мастацтвам. У мяне ёсць цалкам стабільны даход з іншых сфераў, дзе грошы ствараюцца без прэтэнзій на мастацтва. Гэта дазваляе мне захоўваць свае арт-праекты ў выключна чыстым, некамерцыйным выглядзе.

І чым вы займаецеся?

- Я займаюся графічным дызайнам ва ўсіх праявах, пачынаючы ад брэндынгу, сканчваючы інтэрактыўным дызайнам.

А кім падтрымліваюцца гэтыя прагрэсіўныя тэндэнцыі, пра якія вы гаворыце?

- Зачастую такімі інстытуцыямі, як Еўрапейскі парламент. Што таксама, па сутнасці, з’яўляецца інструментам падначалення. Амерыка выкарыстоўвае дэмакратыю ў гэтым сэнсе, Еўрапарламент задзейнічае тыя ж рычагі. Гэта падначаленне  праз прыўнясенне быццам бы дэмакратыі. Але дэмакратыя гэта толькі чарговая інтэрпрэтацыя дамінанты. Проста на гэта вылучаюцца грошы, а мастацтва іх выкарыстоўвае. Натуральна, ёсць абсалютна пазітыўныя тэндэнцыі, калі мастацтва выкарыстоўвае гэтыя грошы ў нейкіх сапраўды прагрэсіўных кірунках барацьбы з гэтымі праявамі капіталізму. .

Якія сярэднія кошты на contemporary art у Еўропе?

- Пачатковы кошт за твор мастацтва, калі гаварыць вельмі агульна, зыходзячы з майго вопыту, пачынаецца ад 5 тысяч еўра. Залежыць усё ад многіх фактараў: ад матэрыялу, тэхнікі і імя мастака, у якіх галерэях ён прадстаўлены, яго С.V.  

- У Еўропе інвестуюць у мастацтва? Як бізнес, прыватныя ініцыятывы ўзаемадзейнічаюць з арт-рынкам і арт-супольнасцю?

- Там вельмі развітая садружнасць калекцыянераў. Гэтая садружнасць часта ўяўляе з сябе досыць прагрэсіўна мыслячых бізнесменаў, якія разумеюць, што мастацтва – гэта добрыя інвестыцыі і што на ім можна добра зарабляць. Часта гэтыя бізнесмены і калекцыянеры маюць сувязі з аўкцыённымі дамамі. А гэта значыць – атрымліваюць своечасовую інфармацыю пра тое, якое мастацтва колькі будзе каштаваць і калі. Гэта таксама бізнес. Таму імкненне да стварэння садружнасці калекцыянераў абсалютна не бяскрыўднае. Натуральна, ёсць аматары мастацтва, гатовыя абсалютна бескарысна ўкладваць грошы, купляць. Але вельмі часта гэта абумоўлена канкрэтнымі камерцыйнымі матывамі.

- А што ў Беларусі?

- У Беларусі гэтая сфера не развіта наогул. Таму што грошы ў Беларусі ў сучаснае мастацтва не ўкладаюцца зусім, а ўкладваюць іх часцей за ўсё ў развіццё нейкага нізкага ўзроўню культуры і спорту. Спорт з’яўляецца канстатацыяй дамінавання сілы. Я, наогул, разглядаю Беларусь, як аналаг праграмы “Энімал плэнет”. Тут толькі сіла мае значэнне.

- А цела мае перавагу над духам?..

Натуральна, дух наогул не існуе ў беларускім кантэксце, хутчэй ён падмяняецца. . Гэта ўсё тыя ж савецкія алгарытмы так званага  суперчалавека. І не толькі беларускія, дарэчы…

Аўтар Фота: Глеб Канаш



Теги: творчество, люди, искусство, мысли
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю