USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967

Словы ігнаруюцца інвестыцыямі

Беларусь стабільна не выконвае прагнозы па прыцягненню прамых замежных інвестыцыяў (ПЗI). І, па прагнозах экспертаў, роля няўдачніка па гэтым паказчыку нашай краіне на бліжэйшы час забяспечана.

"Беларусь будзе прыцягваць…", "Беларусь прапануе…", "Урад мае намер…", "… цікавіцца развіццём… у Беларусі" – гэта стандартныя штампаваныя загалоўкі навінных агенцтваў. Яны падбадзёрваюць, даюць глебу для роздуму і надзеяў. Пад такімі загалоўкамі хаваюцца навіны аб тым, што альбо беларускі ўрад робіць захады на наладжванне кантакту з замежнымі інвестарамі, альбо яны самі заяўляюць пра сваю зацікаўленнасць.

І ў тым, і ў іншым выпадках вынік амаль нулявы – замежныя інвестыцыі не ідуць у Беларусь. Згодна з дадзенымі плацёжнага балансу, за сёлетні першы квартал ПЗI склалі $ 420 млн, што на 38,9% меней, як летась. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за чатыры месяцы 2012 году ПЗI крыху падраслі (да $ 600 млн) і амаль зраўняліся з узроўнем 2011 году. Аднак сярэднямесячны тэмп росту прамых інвестыцыяў усё адно істотна адстае ад зацверджаных прагнозам тэмпаў на год. Па выніках 2012 году ў Беларусь павінна прыйсці аж $ 3,7 млрд інвестыцый! Дзе ўзяць такі аб’ём?

Паводле меркавання намесніка дырэктара інвестыцыйнага агенцтва “Владыум” Уладзіміра Іскарцава, кіраўніцтва Беларусі пакуль не ведае, навошта яму патрэбныя замежныя інвестыцыі: “Сёння ставіцца шмат задачаў: павялічыць аб'ёмы вытворчасці, аб'ёмы імпартазамяшчэння, зарплаты да $ 500. Але гэтага немагчыма дасягнуць, пакуль няма канкрэтна пастаўленых мэтаў. Калі супастаўляць выдаткі з вынікамі, то можна зрабіць выснову: прынясе гэта што-небудзь у краіну ці не”.

Разам з тым, Уладзімір упэўнены, што Беларусі надзвычай неабходныя замежныя інвестары (не столькі дзякуючы іх грошам, колькі дзеля іх досведу, уменняў і новых бачанняў сітуацыі). Ён нагадвае, што ў самы бліжэйшы час Расія стане членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, і беларускія тавары будуць вымушаныя спаборнічаць на агульным рынку Агульнай эканамічнай прасторы з больш канкурэнтаздольнымі замежнымі вырабамі і паслугамі. А як гэта зрабіць, калі ўся вытворчасць накіраваная на выкананне загадаў зверху, а не на дасягненне выніку.

“Інвестыцыі знаходзіць той, каму яны сапраўды патрэбныя. Чыноўніку яны не патрэбныя”, – лічыць У. Іскарцаў.

Дырэктар кампаніі Network Systems Аляксей Колб лічыць, што незадавальняючыя вынікі прыцягнення замежных інвестыцыяў звязаны з тым, што ў суседніх з Беларуссю краінах ёсць шмат магчымасцяў прыкладання фінансавых рэсурсаў: “Навокал больш стабільная эканоміка, больш прадказальнае заканадаўства, больш паслядоўная палітыка ўладаў суседніх краін. Там няма шараханняў Захад-Усход, сёння Дырэктыва № 4, а заўтра – праверкі і штрафы”.

Аляксей лічыць, што, нягледзячы на гэта, буйныя прадпрыемствы будуць прадавацца. І інвестар будзе гатовы плаціць за іх рэальны кошт. А беларускі бізнес можа пацярпець, калі ў Беларусь прыйдуць расійскія прадпрымальнікі. На погляд Аляксея, значная частка расійскага бізнесу не прытрымліваецца еўрапейскіх стандартаў вядзення бізнесу, таму беларускім прадпрымальнікам будзе даволі складана прызвычайвацца да ўсходніх парадкаў.

Што датычыцца замежных інвестыцый, то дырэктар Network Systems лічыць, што Беларусь для іх не вельмі прывабная. Калі ўявіць сябе на месцы нямецкага альбо французскага бізнесмену і выбіраць, куды ўкласці грошы – у Беларусь ці, напрыклад, у Літву, – то большасць прадпрымальнікаў абярэ другі варыянт. Усё проста: там дзейнічае рынкавая эканоміка, урад не спяшаецца імкліва павялічваць заробкі насельніцтву, што робіць працоўную сілу там амаль такой жа па кошце, як і ў Беларусі. Акрамя таго, калі ты вырабляеш тавар у Літве, ты атрымліваеш марку “Зроблена ў Еўразвязе” і можаш свабодна гандляваць у межах гэтага ўтварэння.

Калі разглядаць АЭП, то інвестару больш зручна размясціць завод у Смаленску, як у Віцебску, бо там больш зразумелыя правілы гульні.

Палітыку стварэння прэферэнцыяльных умоваў дзейнасці для прадпрымальнікаў з іншых краінаў, у прыватнасці з Кітая, Аляксей Колб не ганьбіць. Паводле ягонага меркавання, гэта правільнае рашэнне з боку беларускага ўраду – даць замежным краінам рэалізаваць магчымасць заняць месца бліжэй да Еўропы. Хаця за такія дзеянні можна прыдбаць праблемы ад саюзнікаў па АЭП.

Беларусь, мяркуе Аляксей, у бліжэйшы час будзе ўсё глыбей інтэгравацца ў адкрытую сусветную эканоміку, як бы гэтаму ні супраціўляўся беларускі ўрад. І калі гэты працэс дасягне свайго піку, можна чакаць масавых замежных інвестыцыяў.




Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю