USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967
Воля Чайкоўская | 09 декабря 2013

ЧС па хакеі як акт дэкансалідацыі беларусаў

Чэмпіянат свету па хакеі непазбежна набліжаецца… Гіганцкіх «зомбі-зуброў»  расставілі па горадзе. Стваральнікі называюць зубра Волатам. Ён, вядома, і ёсць волатам – здаровы, відзён за некалькі соцень метраў. Абяцаюць, што такія волаты будуць стаяць па ўсёй рэспубліцы. А, можа, нават ужо стаяць. Яны як бы набліжаюць апагей каляхакейнай істэрыі.

Адносна правядзення ЧС па хакеі ў Беларусі ёсць тры меркаванні: за, супраць і “ўстрымаўся”. Але гэта ўсё чыстай вады палітыка, у якой яшчэ трэба разбірацца. Напрыклад, ёсць некаторыя відавочныя мінусы ЧС па хакеі. А яшчэ шчыра крыўдна за сапраўдных хакейных фанатаў. І хаця, канешне, спорт без палітыкі немагчымы, але тое, што слова “хакей” у нас ужо ўстойліва асацыюецца з нечым большым і сярод свядомай часткі грамадства з’яўляецца ледзь не лаянкавым, нават абурае. Такая вось рэальнасць.

Мінск аздабляюць не толькі да Новага года і Калядаў, але яшчэ і да Чэспіянату свету па хакеі. Якіх дзівосаў у сувязі з гэтым мы нагледзімся, акрамя «зомбі-зуброў», застаецца толькі здагадвацца.

- Няўжо нехта будзе гэта купляць! – разважаю, пабачыўшы ў вітрыне рэчы з лагатыпам чэмпіянату – чырвона-зялёным хакеістам.

Усе гэтыя сурвэткі, кубачкі, бралкі, пакункі ды іншыя рэчы “першай неабходнасці” запаланілі літаральна ўсё. І ладна б гэта было нешта сапраўды густоўнае, якое было прыемна трымаць у руках, якое стварала б нейкі вобраз, статус на гэтым іміджавым, як цяпер кажуць, для Беларусі мерапрыемстве. А так не ведаю, які тут імідж. Так, нейкае справаздачнасць для “галачкі”, якая нахабна дэфармуе хранатоп горада.

Наогул, на фоне ўсіх гэтых спрэчак пра хакей, стала здавацца, што гэта нейкая наўмысная альбо падсвядомая спроба дэкансалідаваць беларусаў, пасварыць іх, тады як па-сапраўднаму іміджавыя падзеі такога маштабу павінны нацыю аб’ядноўваць. Паразмаўляўшы з рознымі людзьмі стала зразумела, што многім наогул напляваць на гэты хакей: ну, будзе і будзе. А момант пафігізму, ён у нашых умовах вельмі небяспечны. Мы ведаем, да чаго ў Беларусі прыводзіць пафігізм.

Каляхакейная істэрыя падаграецца рознасцю ўспрымання. Людзі проста сварацца з-за хакею. Вось нядаўна ў сеціве абураліся плакатамі Уладзіміра Цэслера, якія дызайнер зрабіў па заказе кіраўніка аналітычнага цэнтра “EcooM” Сяргея Мусіенкі і якія можна пабачыць на вуліцах літоўскага Вільнюса. Гэтыя плакаты (якія першапачаткова, дарэчы, паівнны былі быць прынтамі для ці-шотак) мусяць як бы запрашаць людзей у Беларусь на ЧС па хакеі, рэкламаваць краіну, як раз ствараць, фарміраваць яе імідж за мяжой.

А на плакатах гэтых, бачце вы, дранікі! “Я люблю дранікі!” – сцвярджае адзін плакат. Іншы паказвае карту Беларусі ў выглядзе драніка. Вобраз драніка выклікаў абурэнне пэўнай часткі беларусаў. Яно і сапраўды ў пэўным сэнсе абурае, таму што ў пэўным сэнсе праўда. Хаця вобраз і ляжыць на самай паверхні – каб да яго дадумацца, доўга думаць было не трэба, гэта праўда.

- А што мы не дранікі хіба? – здзіўляецца Уладзімір Цэслер, – Мы жа і ёсць дранікі! Да таго ж, на маю думку, гэта беларуская страва – самае смачнае, што можна прыдумаць, наогул.

Цэслер увасобіў на сваіх плакатах немудрагелісты вобраз, які ў яго асабіста асацыюецца з беларусамі, як станоўчы. Нехта ўспрымае гэты вобраз, як абразлівы. А яшчэ гэта можа быць і самаіронія, якую стваральнік плакатаў, магчыма, і не меў на ўвазе, але да якой таксама можна дадумацца. Калі ўжо ў нас праходзіць Чэмпіянат свету па хакеі і да нас прыедуць, адпаведна, з усяго свету, то чаму б нам яшчэ раз не нагадаць ім, што тут у нас насамрэч адбываецца, і што мы – проста дранікі!...    

Нікога не хочацца пакрыўдзіць. Проста часам здаецца, што калі б мы ставіліся да сябе больш патрабавальна і крытычна, то нам бы ніякі хакей не быў страшны. І ніякі хакей не здольны быў бы нас пасварыць. А так во ўжо – рэакцыя пайшла, пачынаем накідвацца адно на аднаго. Шайбу!



Теги: мысли, люди, Беларусь
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю