USDКурс снизился 1.9703
EURКурс снизился 2.1019
Воля Чайкоўская | 25 января 2013

Дасціш Аляксандр Канановіч

Напярэдадні 70-годдзя Міхаіла Пташука (28 студзеня) мы сустрэліся з адным з яго вучняў - рэжысёрам Аляксандрам Канановічам, аўтарам вядомай кароткаметражкі "Колер каханння" (за якую Сашу нават празвалі беларускім Кустурыцам), каб паразмаўляць пра дзядзю Мішу, вучобу ў Акадэміі, і пра тое, як Пташук выгнаў Канановіча з курса.

Але размова зайшла і пра новае Сашава захапленне ветразямі, і пра тое, навошта малады рэжысёр часам выпраўляецца на балоты, і нават пра тое, што з гэтага можа атрымацца кіно з нацыянальным каларытам.

{quote-1}

Пра Майстра

Калі Пташук загінуў, наш курс "даводзіў" Вячаслаў Нікіфараў. Мы прасілі, каб нам прызначылі Ігара Дабралюбава, але яго асобу не зацвердзілі. Прызначылі Нікіфарава. Мы былі супраць. Мы, наогул, былі супраць таго, каб нас нехта перавучваў... Але калі сустрэліся з Нікіфаравым, аказалася, што ён вельмі-вельмі граматны чалавек. Ён расставіў усё кропкі над "і". Сказаў, што перавучваць нас не будзе, але заўжды адкрыты для ўсіх пытанняў. У выніку за 2 гады вучобы ў Нікіфарава, мы збіраліся ўсяго некалькі разоў. Усе ўсё разумелі. І цяпер у мяне з ім выдатныя адносіны. У мінулым годзе мая група суседнічала на "Масфільме" з яго групай, мы цудоўна кантактуем.

Два гады мы былі неяк звязаны з Нікіфаравым пад час вучобы. Але ўсё, што нам было дадзена, усе нашыя веды, гэта, несумненна, ад Пташука. Усё, што ён паспеў нам даць за 3 гады. Лілія Міхайлаўна, яго жонка, потым ужо нам расказвала, што незадоўга да гібелі, Міхаіл Мікалаевіч расказваў, што ўжо не ведае, чаму нас вучыць. Напрыканцы 3 курсу, па прафесіі ён нам усім усё даў. Гэта адчуваецца адразу. Калі, напрыклад, я прыходжу да нейкага  прадзюсара і пачынаю з ім размаўляць, першае, што ён кажа, гэта - "О, адчуванне прафесіі добрае!".

Калі мы паступалі, быў конкурс на 5 месцаў 120 чалавек. Па сумоўях, якія праходзілі да іспытаў, Пташук вырашыў для сябе, хто яму патрэбны. А экзамен быў зашыфраваны. Пташука гэта, вядома, не задавальняла. Ён хацеў ведаць, хто да яго прыйдзе. Таму да пачатку пісьмовага экзамену, ён да кожнага, каго абраў, падышоў і сказаў фразу, з якой павінна пачынацца яго праца. Каб ён мог пазнаць. У выніку ўсе паступілі. Але гэта мы ўжо недзе напрыканцы 1 курса сцямілі, што ўсё было не проста так.

{quote-2}

Пад час працы часта ўзгадваю яго словы. Яго прынцып №1 быў: Ня бздзець! "Галоўнае, хлопцы, ня бздзець!" - любіў ён паўтараць.   

Найперш Пташук вучыў, ЯК зняць кіно. І ўжо ў другую чаргу – ШТО зняць. Таму што гэта ўжо больш унутранае нешта, асабістае для кожнага, да чаго цябе прыцягвае. Хаця ён нам адразу нішы размеркаваў: я адказваў за камедыі, напрыклад, Дзіма Лось за лірычнае кіно, Люся Дуброўская за дзіцячае, Жэня Сяцько за вясковыя гісторыі... Але не ўсе гэтыя нішы цяпер працуюць. Гэта ж і ад абставін залежыць.  

На першым курсе Пташук выгнаў мяне. І не проста так з аўдыторыі, а назаўсёды. Ён тады здымаў “У жніўні 44-га” і да нас на сустрэчу паклікаў Яўгена Міронава. І я, натуральна, спазніўся. Гэта было апошняй кропляй. Да гэтага мяне выганяў Мікалай Кірычэнка, выкладчык акцёрскага майстэрства. Таму што дысцыпліна – гэта вельмі важная рэч для рэжысёра. Калі рэжысёр недысцыплінаваны, то групы не будзе. Карацей, на наступным занятку Пташук сказаў, каб я больш не з'яўляўся. Я вядома, не паслухаўся і прыйшоў. Але ён даў мне зразумець, што ўсё адно курсавую маю не прыме і знаходжанне маё ў аўдыторыі проста марнаванне часу. Я тады думаў ўсё, канец. Давялося плесці нейкія інтрыгі, пытацца, што задае Пташук і рабіць самастойна. Аднагрупнікі смяяліся, называлі мяне дысідэнтам. А я спрабаваў хавацца за заслонай, падслухваць, каб не прапускаць важную інфармацыю. Я неяк перадаваў яму сцэнарыі праз аднагрупнікаў, праз драматурга Алену Папову, якая ў нас таксама выкладала. Мы абкружылі Пташука з усіх бакоў, і хоць ён і быў вельмі ўпарты ў сваіх рашэннях, ён вярнуў мяне на курс.

Ён мог нас на тыдзень  з заняткаў зняць. Тэлефанаваў дэкану і казаў: Уладзімір Андрэевіч, на гэтым тыдні маіх не будзе нікога ні на якіх занятках. Рабіце, што хочаце. І клаў слухаўку. Усё. Таму што курс яго, і ён вырашаў, што мы будзем рабіць.

{quote-3}

Пра "Колер кахання" і

  “Колер кахання” – гэта мой дыпломны фільм. Па матэрыяле Пташука. У пачатку 3-га курса ён мне аддаў свой сцэнарый поўнаметражнага фільма “Колер кахання", які напісаў разам з Аляксеем Дударавым. Сказаў, што сам яго здымаць не будзе, а ў мяне можа атрымацца добрая кароткаметражка. Я паспрабаваў адаптаваць гісторыю пад сучаснасць. Але атрымалася нейкая ахінея. Таму што матэрыял такі фактурны, несучасны. І зняў нешта іншае. А гэта вырашыў пакінуць для дыплома, калі будуць хоць якія грошы. Але так склалася, што рабіў гэты фільм я ўжо без Пташука...  Дарэчы, ён кожнаму нешта аддаваў, нейкія сцэнарыі, ідэі, кожнаму па сваім жанры.

На самым першым занятку Пташук сказаў: "Мы з вамі не будзем усялякай мурой займацца. Я зараз з’язджаю здымаць, вярнуся тады і тады, да гэтага часу вы павінны кожны напісаць сцэнарый, для таго, каб потым вы гэтым не займаліся". Мелася на ўвазе, каб зразумелі, што ёсць тэндэнцыя: вельмі шмат рэжысёраў самі пішуць, але вельмі мала з іх – умеюць пісаць. Гэта ён часта паўтараў. Таму не вучыў нас на 1-ым курсе пісаць сцэнарый, а вучыў вызначыцца: што гэта такое, ці можам мы гэта рабіць і ці трэба. Паўгода ён нас ганяў па гэтых сцэнарыях! Потым мы адразу самі сталі шукаць акцёраў, здымаць, потым манціравалі ўласны матэрыял. А не вывучалі мантаж на прыкладзе сусветнай класікі... Усё на практыцы. І ўсё па справе.

Пра Таранціна і Лабушаў

 “Ідылія” – гэта яшчэ адна мая кароткаметражка. Першапачаткова было напісана 7-10 розных гісторый, абсалютна розных. І пра забойства яешняй, пад уздзеяннем Таранціна, і чаго там толькі не было. Пташук усё гэта перачытаў, кажа: гэта лухта, і гэта лухта, лухта, лухта, а вось з гэтага нешта можа атрымацца. А я кажу: чаму лухта? Ай, табе хлопцы раскажуць -- гаварыў Пташук. І Дзіма Лось мне тлумачыў: Саша, ну, ты разумееш, Таранціна ж уздымае сацыяльныя праблемы, а ў цябе што – у цябе проста ўзялі патэльню і размазалі яешню па галаве… Пташук нас страўліваў паміж сабой, каб мы спрачаліся, абмяркоўвалі.

Калі ў мяне на першым курсе здымаліся Аляксандр і Галіна Лабушы, мае бацькі такое рабілі для іх! Здымкі былі на хутары каля Маладзечна, дзе я вырас. Па сюжэце трэба было, каб герой праваліўся ў калодзеж, а потым неяк адтуль выбраўся. А калодзеж той - 9 метраў. Таму што хутар на гары стаіць, вада глыбока. Мы з бацькам змайстравалі драбіны 9-мятровыя. Але Лабуш старэйшы не хацеў туды лезці... Ну, нічога, неяк знялі. Бацька дапамагаў. Маці гатавала ежу. Таму што ўсе разумелі, што акцёры гэта робяць за ідэю, то бок бясплатна.

Пра ветразі і балоты

{quote-4}

Іcнуюць у мяне два напрамкі:

 1. Гэта маё новае захапленне ветразямі. Я зараз будую лодку. Ужо год. На хутары, дарэчы. Ветразь шыем. Бацька дапамагаў нержавейку варыць. Уся мая вялізарная  сям'я, якая налічвае не адзін дзясятак чалавек, усе неяк дапамагаюць. Вясной будзем на Мінскім моры запуск рабіць. У мяне ёсць ідэя, якая можа быць цікавая. Поўны метр. Сумесь прыгодніцкага кіно і Лаліты. Мне здаецца, што там павінен іграць Яўген Сідзіхін і 14-гадовая дзяўчынка. Мне сказалі, Сідзіхін якраз вельмі любіць яхты. Але там не пра каханне і не пра тую Лаліту. Гэта такое жанравае прыгодніцкае кіно. Я зараз разважаю пра гэта і рана ці позна, магчыма, аддам Марыі Мажар, каб яна сцэнар напісала. Пра ветразі, наогул, мала фільмаў. Я знайшоў вельмі цікавы "Праз акіян" з Хамфры Богартам, ну і яшчэ некалькі. І ўсё.  

2. А ёсць яшчэ адна ідэя - нацыянальная. Яна звязана з беларускімі казкамі, містыкай, балотамі. Канешне, будзе і нейкі меладраматычны кірунак пра дзяўчынку-русалку і хлопца, які чамусьці ў яе закахаўся. Уся ідэя трымаецца на балотах. Зрэдку я і сам выпраўляюся на балоты. Прыходжу і сяджу, думаю, назіраю. Можна пахадзіць, там карчы розныя тырчаць, якія нагадваюць нейкія твары. Усё такое містычнае. Але калі туман, туды лепш не хадзіць, бо можна не вярнуцца.

Праўда, калі з ветразямі зразумела, што рабіць, таму што гэта чысты жанр, то з балотамі абсалютна не зразумела. І галоўнае, незразумела, хто б мог сцэнарый напісаць. Таму што спачатку трэба, каб быў тэкст. А я з гэтай ідэяй з 4-га курса нашуся. Спачатку гэта была проста экзістэнцыйная тэма, спакваля яна абрасла рознай містыкай.

 



Теги: люди, мысли, творчество, кино
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю