USDКурс вырос 1.8767
EURКурс снизился 2.0242
Воля Чайкоўская | 11 октября 2013

Маша Чаракова

Маша Чаракова, праект-мэнаджар Рэспубліканскага грамадскага аб’яднаня “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” жыве ў Беларусі амаль пяць месяцаў на сціплыя 390 еўра, кішэнныя грошы валанцёра.

Сям’я Машы з’ехала з Беларусі ў Галандыю (цяпер жыве ў горадзе Утрэхт), калі ёй было 7 гадоў. Пасля ўніверсітэта яна ўбачыла ў інтэрнэце валанцёрскую праграму ЮНЕСКА (праект “Міжнародная праграма навучання сацыяльнаму прадпрымальніцтву ў Беларусі”) і вырашыла, што гэта яе шанец з’ездзіць на радзіму, у Мінск.

Насамрэч, гэта ўсяго толькі яе трэці візіт дамоў. Але ў беларускім аэрапорце Машу не пакідала нейкае метафізічнае адчуванне, што нічога не змянілася. Мне здаецца, у беларусаў гэта ў генах…

- Калі я прыляцела, у мяне адразу было нейкае адчуванне дома. Праўда, дзіўна, тут як у Галандыі, толькі 50 гадоў таму, – распавядае Маша .

У Мінск дзяўчына прыехала, каб прасоўваць галандскую культуру і дапамагаць беларусам з сацыяльнымі стартапамі. Маша дае майстр-класы па сацыяльным бізнесе, яе запрашаюць трэнерам на розныя стартап праекты.

Я бачу, што ў Беларусі ў многіх людзей ёсць ідэі, але яны не ведаюць, як гэтыя ідэі рэалізаваць, што з імі рабіць, – гаворыць Маша Чаракова, – У Галандыі, калі нехта бярэцца за сацыяльны праект, яму паўсюль зялёнае святло. Дзяржава вельмі падтрымлівае сацыяльныя праекты. А тут даводзіцца пераадольваць нейкія непераадольныя перашкоды… Яшчэ самым вялікім стрэсам для мяне было тое, што калі ў Беларусі ладзіш нейкае мерапрыемства, то за дзень да падзеі можа змяніцца ўсё. Неяк усё наспех. Я так не прывыкла жыць. У Галандыі ўсё дакладна прадумваюць, рыхтуюцца загадзя, у нармальным тэмпе, а не на злом галавы ў апошнюю хвіліну.

{quote-1}

Пра беларускі цуд

- Я наогул не разумею, як тут людзі жывуць! Гэта нейкае чараўніцтва! Вось я захацела набыць сабе цёплую куртку, пайшла ў краму, а там усё каштуе больш за 2 мільёны. Я не магу сабе такое купіць. Мне шкада аддаваць за куртку столькі грошай, калі я ведаю, што ў Польшчы ці Літве я магу купіць нават лепшую і ў некалькі разоў танней. Таму, як тут людзі жывуць з такімі заробкамі і купляюць усё гэта, я не разумею. Мая валанцёрская задача ў Мінску – запусціць 10 стартапаў. А мая персанальная задача – выжыць тут любой цаной і зразумець, як тут удаецца жыць людзям.

Пра ровары, сквош і падарожжы

- Альбо вось ровары. У Галандыі ўсе ездзяць на роварах. Я, шчыра кажучы, не ведаю ніводнага чалавека, у якога няма ровара і які ім не карыстаецца. Хіба што мая мама – яна баіцца. У мяне асабіста 4 штукі. На выпадак, калі нейкі скрадуць, нейкі зламаецца. У Галандыі часта крадуць ровары. Але там ты можаш лёгка сабе дазволіць мець іх колькі заўгодна. Вельмі прыстойны “горнік” можна купіць за 30 еўра. А ў Беларусі яны каштуюць такіх шалёных грошай! Не дзіўна, што на вуліцах вельмі мала раварыстаў.

- Я люблю актыўны лад жыцця, люблю падарожнічаць. Валанцёрам аб’ездзіла паўсвету: Аўстралія, Азія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Еўропа. Мая мара пабываць яшчэ ў Лацінскай Амерыцы. Вось вярнуся з Беларусі – паеду. Наогул, валанцёрства – гэта вельмі класна. Праўда, у Еўропе валанцёры звычайна – дзеці багатых бацькоў. Таму што заробак валанцёра маленькі, а ў іх і так ёсць грошы. Я – выключэнне.

- Неяк я вырашыла даць маім беларускім сябрам майстр-клас па сквошы. Я часта гуляю ў сквош у Галандыі. Там гэта вельмі даступна. Але ў Мінску гэта аказалася надзвычай дорага. Мы адзін раз схадзілі, і на гэтым усё.

Пра вышэйшую адукацыю і заробак

- У Галандыі, калі дзецям спаўняецца 18 гадоў, яны ўладкоўваюцца на працу і жывуць асобна ад бацькоў. Я з гэтага ўзросту таксама жыву самастойна. Гэта можна сабе дазволіць, калі ты працуеш. Хаця жыллё ў нас каштуе нятанна. Кватэра, у якой я жыла да ад’езду ў Беларусь, абыходзілася мне ў 500 еўра ў месяц. Зрэшты, беларускія кошты не надта адрозніваюцца. Але вось цяпер, калі я вярнуся ў Галандыю, маючы дыплом аб вышэйшай адукацыі, змагу ўладкавацца на працу з заробкам мінімум 3000 еўра. Варта толькі параўнаць: кошты ў Беларусі практычна такія ж, як у нас, а заробкі…

Пра сям’ю і старасць

- Мне 27 гадоў. Але толькі ў Беларусі я ўпершыню пачула, што я старая. Усе маміны сябры ў Мінску даволі сталага веку. І калі я прыходжу да іх у госьці, яны адразу пытаюцца: чаму я яшчэ не замужам і чаму не маю дзяцей? Ці ўсё са мной у парадку? – пытаюцца. Насамрэч, гэта вельмі дзіўнае стаўленне. Усе мае сябры ў Галандыі, якім нават троху за 30, яшчэ не маюць сем’яў. У нас ёсць прыклад нашых бацькоў, якія амаль усе разведзеныя. І мы не хочам паўтараць іх вопыт. Навошта жаніцца, калі потым усё роўна не будзеш разам з чалавекам усё жыццё?..

Пра беларускіх мужчын

- Мне вельмі шкада беларускіх дзяўчат, калі я гляджу на беларускіх мужчын. Жанчыны ўсе такія прыгожыя, дагледжаныя. У Галандыі, што праўда, так, як апранаюцца тут, ніхто не апранаецца. Стыль там нашмат больш свабодны. А тут усе такія падцягнутыя, нафарбаваныя. Калі побач з такой дзяўчынай ідзе нейкі зусім непрывабны, недагледжаны хлопец, мне яе шкада… Да мяне ў Мінск прыязджаў сябра са Швецыі, дык я зладзіла адмысловую вечарынку, каб беларускія сяброўкі паглядзелі, якім можа быць мужчына.

Пра мараканцаў і кітайцаў

- Недзе ў 1960-ых у Галандыю стала прыязджаць вялікая колькасць людзей з Марока ды іншых афрыканскіх краінаў. Яны былі вельмі таннай працоўнай сілай, а тады трэба было будаваць шмат дарог. Яны працавалі будаўнікамі, а калі будаўніцтва скончылася, еўрапейцы падумалі, што нядобра выганяць мараканцаў у іх краіну, бо яны ўжо асіміляваліся. І вырашылі не толькі пакінуць іх у Галандыі, але дапамагчы пераехаць іх сем’ям. Сёння ў Галандыі мараканцаў і туркаў вельмі шмат. Іх мала хто любіць. Да туркаў сталі троху лепей ставіцца апошнім часам. А вось мараканцы не хочуць працаваць і толькі ствараюць крымінальную атмасферу. Таму я не разумею, калі чую ў Мінску, як не любяць кітайцаў. Яны працавітыя і рахманыя. Яны прыязджаюць і рупліва ціха працуюць. Дапамагаюць краіне эканамічна развівацца ў нейкім сэнсе. Магчыма, гэта паспрыяе некалі зменам у беларускім грамадстве…  

Пра нацыянальную ідэнтычнасць і традыцыі

Ніхто не любіць галандскую музыку. Нават самі галандцы. Галандская мова настолькі немілагучная, што праспяваць на ёй нешта прыгожае вельмі цяжка. Гэта тычыцца і сучаснай музыкі і традыцыйнай. Не тое, што ў Беларусі, дзе традыцыйная культура такая папулярная. Галандцы, наогул, ужо даўно не пераймаюцца наконт сваёй гісторыі і традыцый. Сама краіна такая старажытная, што ўсе ўжо як бы прывыклі да гэтай гісторыі і хочуць нечага новага. Няма такога, як у Беларусі, пошуку нацыянальнай ідэнтычнасці. Галандыя – адна з краін з самай вялікай колькасцю нацыянальнасцяў. Там жывуць усе. Ужо цяжка знайсці карэннага галандца. І нават калі такі недзе і ёсць, яму ўсё адно будзе цяжка захаваць чыстую галандскую ментальнасць. Вучачыся ў школе побач з туркамі, афраамерыканцамі ды прадстаўнікамі іншых народаў, яны асімілюцца, змешваюцца. Цяперашняя каралева Галандыі Максіма сама родам з Аргенціны. У адным інтэрв’ю яна нават агучыла думку, што галандскай культуры няма, чыстага галандца ўжо не існуе. Медыя растыражавалі гэта ў вельмі негатыўным святле… Але сапраўды, галандцы ў гэтым сэсне не як беларусы. Нацыянальнай годнасці ў іх хапае. І ім ужо хочацца нечага новенькага.





Теги: мысли, люди, карьера
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю