|
Кітай дасьць Беларусі крэдыт паўмільярда даляраў. Гэтыя грошы пойдуць на будаўніцтва новых лініяў вытворчасьці цэмэнту. Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч лічыць, што да пашырэньня вытворчасьці цэмэнту трэба ставіцца надзвычай асьцярожна.
“Гэта брудныя тэхналёгіі. Разьмяшчэньне такіх вытворчасьцяў заўжды экалягічна небясьпечнае. І перагружаць рэспубліку цэмэнтнымі вытворчасьцямі, на мой погляд, недальнабачна. Такую палітыку можна назваць неапраўданай.
Так, цяпер існуе бум будоўлі, а гэта значыць, патрэбны і цэмэнт. Але ж доўгатэрміновага прагнозу на тое, што такая колькасьць цэмэнту будзе і надалей патрэбная, няма.
І яшчэ — тыя краіны, дзе ўжо цяпер больш думаюць пра будучыню, стараюцца пазбаўляцца ад шкодных вытворчасьцяў. З тэрыторыі высокаразьвітых краінаў іх выносяць. Выносяць туды, дзе лішак рабочай сілы, дзе экалягічныя праблемы стаяць ня так востра”, -- заявіў Марыніч для “Радыё Свабода”.
Учора кітайскі бок паабяцаў яшчэ некалькі крэдытаў. Але яны значна меншыя. Прынамсі, міжурадавая дамова прадугледжвае крэдыт на 27 мільёнаў даляраў.
Для кітайскага прэм’ера Беларусь — трэцяя краіна, якую ён наведвае падчас гэтага візыту. Дагэтуль Вэнь Цзябао ўжо пабываў ва Ўзбэкістане і Туркмэністане. Там яго прымалі першыя асобы краінаў.
www.charter97.org
(0) Оставить комментарий/Обсудить на форуме
|