USDКурс снизился 1.9739
EURКурс снизился 2.0967
Наталья Макей | 06 сентября 2016

Віктар Марціновіч: “Я б з радасцю нарадзіўся 100 гадоў пазней. Я спрабаваў, але ж не атрымліваецца”

Калі вы мелі час прачытаць інтэрв’ю з Віктарам Марціновічам, якое было прэамбулай да сустрэчы ў бізнес-клубе Imaguru з пісьменнікам у рамках праекта Biz.умство, тады заўважылi, што ён – вялікі знаўца і аматар не толькі загадак, але ж і чалавечай душы. Як адзначыў сам літаратар: “Думаю ў тых, хто кніжку прачытаў, будзе шмат пытанняў. Бо я зрабіў дастаткова, каб іх было шмат”.

Усе няцотныя раманы Віктара напісаныя па-расейску. Усе цотныя першапачаткова зроблены па-беларуску. Раман “Возера радасці” быў спачатку выданы на рускай мове і меў назву “Озеро радости”. Віталь Рыжкоў, знакаміты беларускі хіп-хопер, ганста, перакладчык і паэт, пераклаў яго на беларускую мову і праз тое прамаўтаваў (пашырыў) беларускую мову і культуру. “Пераклад у Віталя атрымаўся вельмі круты” – з захапленнем кажа Віктар. У нашым артыкулы – думкі і разважанні пісьменніка як наконт рамана “Возера радасці”, так і “возера радасці” у жыцці кожнага з нас.

Пачнем з неіснуючага – з Ясі

• Адзін знаёмы бізнэсоўца, які прачытаў гэтую кніжку, сказаў, што ён увесь час чакаў, каго ж яна заб’е: цёцю Таню ці бацьку? Наогул, гэта першы мой раман, дзе нікога не забіваюць. Першы мой раман, дзе ў самога чытача ўзнікае жаданне ўрэшце каго-небудзь забіць...

• Канешне, яна – тыповы прадстаўнік той клятай генерацыі, якая тут намаляваная. Канешне, яна – пенсіянерка. На другім і трэцім выпрабаванні я б на яе месцы пачаў бы паводзіць сябе неяк інакш. Усё, што яна робіць – плыве як бервяно па вадзе. Гэтае ўласціва многім людзям, якія жывуць у Беларусі апошнія 20 гадоў. Ці вінаватая яна ў гэтым? Ці вінаваты я ў тым, што належу да нашай з вамі генерацыі? Проста такія рэчы не рэгулююцца. Я б з радасцю нарадзіўся на 100 гадоў пазней. Я спрабаваў, але ж не атрымліваецца. То бок гэта не яна вінавата. Але ж так. Я такую тэзу маю. Магчыма, яе нехта аспрэчыць.

• Паша Кастэнка зазначыў, што гэтая кніжачка пра тое, як у нас выгадавалі бездапаможнасць. Беларусы, якія належаць да нашай з вамі генерацыі, – гэта беларусы, у якіх выгадавалі бездапаможнасць, якіх прывучылі да думкі, што нічога зрабіць нельга, а калі ты нешта і зробіш, то так па галаве атрымаеш, што будзеш вельмі пакутаваць.

• Гэта самы светлы мой раман. На прэзентацыі “Мовы” адзін чытач гучна запытаў: “Чаму ў вас ніколі не бывае хэпі эндаў?” На маю думку, гэтая кніжка сканчваецца менавіта хэпі эндам. У яе вельмі добры шчаслівы фінал.

• Ведаеце, я толькі з Віцебску, і я даводзіў да людзей, што кожны з нас меў нейкі набор траблаў. Яе не любіць бацька? Ну, бывае, кагосьці не любіць маці, кагосьці не любіць муж, кагосьці – жонка. Яе размяркоўваюць? Мяне таксама калісьці размяркоўвалі. Усё, праз што яна праходзіць, з’яўляецца вынікам яе чалавечага выбару і ступенямі да нейкага духоўнага адраджэння. І пытанне: “Чаму Яся звяртаецца ў Малмыгі?” – вельмі прынцыповае. Паша Кастэнка напісаў, што Яся сама ператвараецца ў царыцу нябёсаў і зямлі. І вось тут я б з ім не спрачаўся. Нешта такое можа быць пабачана. І гэтыя выпрабаванні патрэбны, каб стаць нейкім большым за Ясю.

• На сканчэнні журфаку раптоўна ўсведамляе, што тыя, каго яна спрабавала бараніць, за час яе навучання паспелі абзавесціся карчамі нямецкімі, паставіць шкло-пакеты ў кухні і назапасіць на адпачынак у Анталіі. Робін Гуд тут мае шанец скончыць жыццё, як Іісус Хрыстос. І тыя інтэнцыі, якія яна мела, калі вучылася, да моманту, калі яна апынулася ў Малмыгах на пасадзе бібліятэкаркі, некуды падзеліся. Зніклi праз няздольнасць дапамагчы, праз негатоўнасць і незацікаўленасць тым, каму яна мусіла дапамагаць сваім пеклым словам, сваей праўдай жыцця, праз незацікаўленасць тых у спасенні.

• Гэты момант са спробамi абараніць тых, каго немагчыма абараніць, звязаны з метафізічнай асобай у рамане, якая таксама бароніць тых, каго больш нельга абараніць. І гэта зноўку адказ на пытанне, чаму раман менавіта так сканчаецца. Шляхам на Малмыгі.

Калі кніга пісалася

• Гэта, канешне, кніга ветраў. Я містык, як усякі сапраўдны гуманітары. Калі кніжка пісалася, з’ехаў вельмі глыбока ў Беларусь (у месца ля возера), правеў там некалькі дзён і сустрэў чалавека, якога звалі Вецер. А праз тыдзень я мусіў сядаць пісаць раман. Ёсць такія супадзенні. Я б сам сабе не паверыў, калі б гэта не адбылося. Ен быў ўжо да гэтага прыдуманы! Гэта як сустрэча са сваім творам уласна. Стыхіі, нейкі метафізычны свет, у кніге прысутнічае вельмі пільна.

• Я думаў над гэтай кнігай чатыры гады, пазначаючы шматлікія запісы. Звычайна я пішу вельмі хутка, і момант, калі ты сядаеш і пачынаеш працаваць з тэкстам, не займае больш за 5-6 тыдняў. Гэтую кніжку я пісаў вельмі доўга. Калі вы параўнаеце стылістыку твора з “Сфагнумам” ці з “Мовай”, вы пабачыце вельмі істотныя адрозненні.

• Яе зараз вельмі актыўна разбіраюць на афарызмы, цытаты. І я разумею чаму. Таму што яна ўся складаецца з іх. Я спрабаваў пісаць кавалкамі, і кожны кавалак скончваць нейкім падагульненнем. Гэта проста паэтычна было вельмі складана.

• Трэба мець схільнасць да спачування. Стварэнне сур’ёзнага тэксту ёсць працэдура ўжывання ў героя. Я ж не здольны адчуць тое, што адчувае цяжарная жанчына. Але, калі ты пісьменнік, ты мусіш гэта рабіць. Канешне, трэба мець здольнасць камунікаваць шмат з кім, канешне трэба слухаць. Бо, разумееце, усё, што мы апісваем - апісваем словамі. Калі ты слухаеш іншых людзей, то гэта ўсё таксама словы. А слова проста ўзнаўляецца. Я агент мовы.

• Ты спачатку разумееш, што гэта павінна быць у сюжэце, а потом згадваеш нешта, што ты бачыў, ці думаешь, як бы гэта адбывалася і спрабуеш насілкаваць гэта жыццём. Сваім уласным разуменнем таго, як гэта мусіць быць. Якімі выразамі ён мусіць матюкацца, і ці мусіць ён мацюкацца наогул? Таму што калі ты напішаш гэта проста вось, як ёсць, то ніхто ў гэта не паверыць. А ўсё павінна быць трушна.

Сутнасць 21 стагоддзя – праца сябрам

• Хостэс – гэта дзяўчына, якая мусіць свайго кліента, свайго суразмоўцу зацікавіць, каб ён заўтра зноўку прыйшоў у гэты клуб. Гэта не прастытутка, не псіхааналітычка, а нешта, што сумяшчае гэтыя ўсе пасады. Яна абірае ролю чалавека, які выслухоўвае гісторыі. Гэта тое, чаго яна шукае. У мяне быў досвет візітавання начных клубаў. Я маю прыкладнае ўяўленне, што робіцца з псіхікай чалавека, для якога прафесія – не спаць, але сябраваць са стомленнымі насельнікамі мегаполісу.

• Калі ты прыходзіш на нейкі Beach-bar у Тайландзе, цябе сустракае friendly дзяўчына, якая распавядае пра тое, што асабліва добра ў іх сёння атрымалася. У Вене хостес – гэта дзяўчына ці хлопец, якія просто сябруюць з табой. Маскоўская Ясіна праца крыху іншая. Я спалучаю шмат досведаў, якія меў ад стасавання з гэтымі людзьмі. І мне падаецца, што гэта сутнасць 21 стагоддзя – праца сябрам.

А чаму я яшчэ тут, у Беларусі?

• Таму што там таксама не цукар. Я нікому не раю пачынаць спачатку недзе за мяжой. Постмадэрн і медыятызаванасць дае нам унікальны шанец жыць адначасова паўсюль. Ты з’язджаешь ці ў Вільню, ці ў Цурых, ці ў Вену, і можаш адначасова заставацца тут. Усе кантакты со сваімі блізкімі захоўваюцца. Наша існаванне ўвесь час медыятызавана тымі маніторамі, у якія мы глядзім. Але з іншага боку гэта дае шанец на іміграцыю без іміграцыі.

• Наогул у мяне ёсць адчуванне, што зараз у 2016 годзе, іміграцыя проста немагчыма. Я спрабаваў. Калі ты з’язджаешь у Вену, ты жывеш тут, ты ўвесь час тут, увесь час чэкінішся на Беларусі. І праз некаторы час гэтае існаванне ў беларускай інфармацыйнай плыні, у беларускіх навінах, без магчымасці прагуляцца па Менску, пачынае абрыдаць.

Будучае нашае залежыць проста ад нас

• Роля літаратуры ў тым, каб казаць пра боль. Каб ставіць пытанні балючыя. І ў тым, каб да вачэй чытача падносіць люстра, каб яму рабілася млосна ад такого, што ён там бачыць. Мне здаецца, што літаратура можа быць тым лекам і тым дыягностам, доктарам, які кажа, у чым мы ўсе жывем. Можа быць гэта такая добрая роля для літаратуры. Добрая літаратура цікавая тым, што яна не толькі абагульняе шмат якія прыклады, яна не толькі можа быть полем для аналізу, але яна заўсёды сама ёсць рэзультат аналізу.

• Мне здаецца, літаратура здольная зрабіць значна больш за кіно. Таму што кніжка, калі яна цікавая, яна будзе цікавая і праз 100 гадоў. І стварэннем буйной прозы ты ўплываеш на вялікія колькасці людзей не праз тое, што цябе зараз чытаюць, а праз тое, што цябе чытаць будуць і нашчадкі. Кніжка – яна назаўсёды. І вось гэта мой шлях. Я спрабую так рабіць.

• Ведаеце, я ўвесь час думаў пра тое, чаму рускія пісьменнікі апошніх дзесяцігоддзяў не атрымлівалі ніякіх буйных узнагарод. І ў гэтым сэнсе Нобелеўская прэмія Алексіевіч – гэта нейкі этап, які кажа нам усім, што беларуская літаратура больш еўрапейская, больш не савецкая, хай яна і кажа пра савецкае.

• Яшчэ 10 гадоў таму я рабіў усё, каб перазыйсці савецкае, дзеля таго, каб быць нейкім ваяром новай беларускасці. Беларускасці, якая пазбаўленая ад савецкасці. Але мы ўсе бачым, што адбываецца навокал. Што ўсе буйныя медыя, якія мы спажываем штодзённа – гэта, насамрэч, транслятары савецкасці ў нашыя душы. Зараз я разумею, што яны проста абслугоўваюць тых савецкіх людзей, якімі мы ўсе з’яўляемся. І дзеля таго, каб адчуць гэта, трэба проста паехаць куды-небудь далей за Варшаву. І ты адразу зразумееш, адчуеш і пабачыш, што ты савецкі чалавек. І савецкае гэта не заўсёды дрэнна. Гэта проста іншая сістэма.

• Калі чытаеш гераічна-гістарычную ці проста лірычную прозу Караткевіча, то ўзнікае ілюзія, што можа быць ёсць нейкі шанец. На мой погляд будучае нашае залежыць проста ад нас. Трэба прыкладаць нейкія намаганні. Нешта рабіць, каб тут рабілася лепей. І дзеля гэтаго проста трэба прызнаць, што тут усё не вельмі зараз добра, не вельмі нармалёва.

Я адчуваю сабе на іспыце

• Даволі глыбокія пайшлі пытанні… Ведаеце, першы раз у маім жыцці прысутнічаю на сустрэчы, дзе напряцягу паўтары гадзіны так проста да слоўца разбіраюць мой твор. Звычайна размова з пісьменнікам гэта кшталту… Першае пытанне “Пра што кніга?”, другое “А які ганарар?”, трэцяе “А за што жыве пісьменнік?” Усё. Я адчуваю сабе на іспыце і мушу здаць гэты іспыт па кнізе. Гэта такая доктарская абарона. Я павінен абараніць, што я сапраўды гэтую кніжку напісаў. Я сапраўды яе напісаў!

Адкрытая атмасфера і шчырая размова атрымаліся. Напоі ад ЗАТ "Мінскі завод вінаградных він" гэтаму таксама спрыялі.


Фота Глеб Канаш.

Чытайце таксама: 

«Живу в одной стране, издаюсь в другой, преподаю в третьей. Обижает ли это меня? Скорее, это полезно». Виктор Мартинович о жизни, героях и книгах

А-б-в-г-д-е-й-ка от Александра Кныровича. Азбука откровений о жизни и бизнесе

«Мне было страшно вытягивать всех этих призраков из прошлого»: Саша Романова рассказывает о книге «Осторожно, Марцев!»

«Советский союз не распался: он живёт в головах людей!»: как прошло biz.умство со Станиславом Шушкевичем

Станислав Шушкевич: «Плохое в человеке увидеть легко, а ты попробуй найти хорошее»

«Мы вообще нифига не предпринимательское общество!». 30 biz.умных мыслей со встречи с Павлом Данейко



Теги: Мартинович, Озеро радости, бизумство, bizumstvo, литература, в объективе
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю