| 11 июня 2012

AD.NAK!: яшчэ можна паспець!

AD.NAK!: яшчэ можна паспець!

 

Беларусь, Мінск. 11 чэрвеня 2012

 

Прыём работ для ўдзелу ў Трэцім фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягнуты да 17 чэрвеня. Аргкамітэт фестывалю вырашыў даць шанец тым, хто проста фізічна не паспеў даслаць свае творы ў раней пазначаны тэрмін, 11 чэрвеня. Такім чынам, ва ўдзельнікаў, якія думалі, што не паспелі з падачай работаў, з'явіўся шанец уступіць у спаборніцтва за прызы.

 

Апошні тыдзень стаў вельмі гарачым для аргкамітэта фестывалю. Удзельнікі актывізаваліся. Па стане на раніцу 11 чэрвеня да ўдзелу ў фестывалі было пададзена каля 220 работаў.

 

Найбольшая колькасць работаў (аж 144!) паступіла ад ўдзельнікаў з Мінска. Прадстаўнікі Мінскай вобласці падалі 12 работаў, Віцебскай – 11, Гомельскай – 4, Гродзенскай – 3, Брэсцкай – 1. Прадстаўнікі Магілёўскай вобласці дагэтуль былі найменш актыўнымі.

 

Сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць крэатары з Літвы і Украіны. Гэта сведчыць пра тое, што Фестываль AD.NAK! набывае сапраўды міжнародны характар.

 

Як і летась, найбольшай папулярнасцю сярод намінацыяў сёлета карыстаецца катэгорыя "Дызайн & Art Direction". Акрамя таго, даволі актыўна падаюцца работы ў Антыпрэмію «Каша сувораўская», намінацыі “Сацыяльная рэклама”, “Тэлевізійная і кінарэклама”. Пакуль не актыўнічаюць удзельнікі намінацый “Рэкламныя, PR-кампаніі”, “Радыё- ці аўдыёрэклама”, а таксама “СМІ альбо медыяпраекты”.

 

Самым прывабным для ўдзельнікаў стаў “Рэкламны фотаздымак”. Конкурс “Еўропа ўнутры Беларусі” таксама карыстаецца папулярнасцю. А вось на конкурсы “Alma Матуля”, на найлепшае пераагучванне рэкламнага роліка, рэкламнага постара і назвы і запакоўкі “У мыле сэнс” пакуль пададзена не вельмі шмат заявак.

 

Сябры аргкамітэта фестывалю заклікаюць удзельнікаў актыўна падаваць свае работы. У Еўропе фестывалі рэкламы – гэта найбольш перспектыўны камунікацыйны канал прасоўвання брэндаў і гандлёвых марак. Менавіта таму яны збіраюць вялікую колькасць працаў. Беларусь штогод даказвае, што яна не горшая за іншыя еўрапейскія краіны. Сёлетні фестываль AD.NAK! мае стаць істотнай з’явай не толькі ў беларускім, але і ў агульнаеўрапейскім рэкламным асяроддзі. А работы, пададзеныя на фестываль, убачаць сотні і тысячы прафесіяналаў па ўсім свеце.

 

Усе дасланыя на фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога ўжо абвешчаны. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.

 

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга фестывалю адбудзецца 5 ліпеня. Цягам Вялікага фестывальнага дня будзе праходзіць адукацыйная праграма, якая будзе складацца з майстар-класаў найбуйнейшых беларускіх і замежных рэкламістаў, круглых сталоў і сустрэчаў з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі.

 

Дакладная праграма Вялікага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.

 

Дадатковую інфармацыю пра фестываль можна атрымаць на сайце ADNAK.BY, па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.



Теги: фестываль, ADNAK.BY
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю