| 12 ноября 2012

Алег Хусаенаў: «Я ніколі не ставіў перад сабой мэты, каб перадаць кіраванне бізнэсам сваім дзецям»

У Палацы дзяцей і моладзі адбылася чарговая сустрэча са знакавай персонай беларускага бізнэсу. Сотня студэнтаў прыйшла паслухаць выступ Алега Хусаенава — заснавальніка холдынга «Атлант-М» і інвестфонду «Зубр Капітал». Хусаенаў расказваў не толькі аб бізнэс-прынцыпах, але і аб сваім разуменні духоўнасці. І даў парады, як дасягнуць поспеху.

Ён — яркі прыклад таго, што ўсё магчыма ў пераходную эпоху, паведамляе «Наша Ніва». Пакінуўшы сваю пасаду ў «Атланце-М», год назад ён ашаламіў навінай пра тое, што пачынае развіваць новы праект — інвестфонд «Зубр Капітал». Найлепшы айчынны прадпрымальнік 2009 года трымае на сваіх плячах цэлую бізнэс-імперыю.

Сустрэча, якую арганізоўваў адукацыйны праект AlterEDU, сабрала цэлую залу. Не кожны дзень выпадае магчымасць не толькі паслухаць, але і задаць пытанні сапраўднай «акуле» бізнэсу.

Алег Хусаенаў падзяліўся вопытам развіцця сваёй транснацыянальнай кампаніі і з радасцю распавёў пра студэнцкія гады, працу на заводзе халадзільнікаў і «дах» у міліцыі.

Нарадзіўся бізнэсмэн у 1964 годзе ў сям’і геолагаў у Паўночным Казахстане, куды яго бацькі трапілі пасля ўніверсітэта.

«Там я скончыў фізматшколу, прычым скончыў вельмі добра. І, маючы добрую падрыхтоўку, у 1982 годзе паехаў у Маскву. Паступіў у інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі. Я хацеў лятаць і хацеў у Маскву. За 6 год я так налятаўся, што лятаць больш не хацелася. Пры канцы ўніверсітэта я марыў стаць міністрам якога-небудзь міністэрства, але ў 1988 годзе па размеркаванні трапіў у Мінск. Для спецыяліста грамадзянскай авіяцыі трапіць у Мінск было добрай перспектывай. Там 2 гады я прапрацаваў маладым спецыялістам на заводзе халадзільнікаў. Сваёй працы я даваў рады даволі хутка і таму меў вольны час.

На месцы мне не сядзелася і аднойчы вырашыў з сябрамі стварыць кааператыў па мыцці вокнаў. Тыя людзі з завода, якія працавалі са мной, атрымлівалі ў 10 разоў больш на мыцці вокнаў, чым на абслугоўванні станкоў.

Але такое прадпрыемства мела адзін мінус, увесь прыбытак мы размяркоўвалі паміж сабой, а на развіццё прадпрыемства нічога не заставалася.

У той дзень, калі сканчаўся тэрмін майго размеркавання, я адразу падаў заяву на звальненне. У той час пачала развівацца біржа і я вырашыў паспрабаваць сябе там.

Я перачытаў шмат літаратуры. Чытаў лекцыі нават дырэктарам заводаў. У выніку вырашылі ўзяць крэдыт у «Беларусбанка» на куплю месца на Беларускай таварнай біржы. За паўгода гэты крэдыт мы вярнулі. Потым так выйшла, што набылі месца на расейскай аўтамабільнай біржы.

Так і ствараўся «Атлант-М»… Мы набывалі МАЗы на Мінскай біржы, пераганялі іх у Маскву, прадавалі там, набывалі КамАЗы на Маскоўскай біржы і пераганялі іх сюды.

Далей развіццё пайшло па геаметрычнай прагрэсіі.

На пытанне, чаму Хусаенаў развівае свой інвестфонд у Беларусі, а не дзесьці яшчэ, ён адказаў наступным чынам: «А чаму б і не? Ніхто гэтым у Беларусі не займаецца, таму для нас гэта блакітны акіян. Але чамусьці і грошы ніхто не збіраецца даваць. Інвестыцыі проста так не ідуць. Інвестыцыі — гэта размовы з інвестарамі. Гэта нялёгка. Мы ведаем у твар усіх інвестараў, якія могуць укласціся ў гэтую індустрыю ў Беларусі і мы з імі працуем.

Мы карыстаемся тымі магчымасцямі, якія з’явіліся ў нас пасля ўступлення ў адзіную мытную прастору. Невялікая краіна ў цэнтры Еўропы з насельніцтвам у 10 мільёнаў вялікай цікавасці не ўяўляе. Але калі мы цяпер у адзіным Мытным саюзе, у нас ужо 168 мільёнаў насельніцтва і мы ўжо частка яго, толькі што знаходзімся на захадзе.

Беларусь гістарычна мела самую высокую культуру вытворчасці. І тавары, якія вырабляюцца ў Беларусі, маюць высокую рэпутацыю на расейскім рынку. Адпаведна, калі набыць нейкі панчошны завод тут, мы маем магчымасць паспяхова прадаваць прадукцыю Расеі. Гэта рэальна тое, што працуе. І пад справу такога кшталту мы зараз збіраем грошы. Мы не збіраемся скупіць усю прамысловасць у Беларусі, мы хочам набыць толькі 5–6 прадпрыемстваў, якія будзем развіваць. Але, нягледзячы на поспех, бываюць сітуацыі, калі хочацца апусціць рукі і энергія сканчаецца. Калі табе здраджваюць, калі дзяржава цісне… Але я не кажу толькі пра Беларусь, я працую ў трох дзяржавах і ўсюду ціск аднолькавы».

Цікавым стаў факт, што ў свой час бізнэс Хусаенава меў «дах» у міліцыі.

«Я пачынаў бізнэс у 1991 годзе, — расказаў ён. — Аўтамабільны бізнэс было немагчыма мець без «даху». У нас таксама быў «дах», але мы адразу вырашылі, што не будзем звязвацца са злачынцамі, таму ў нас быў міліцэйскі «дах». Мы не давалі ніякага хабару, а рабілі прасцей: мы давалі ім машыны ў арэнду ці проста так, яны на іх лавілі злачынцаў і, адпаведна, дапамагалі нам».

Распавёўшы пра кірункі дзейнасці кампаніі і намаляваўшы некалькі вектараў развіцця для бізнэсу, Хусаенаў быў вымушаны адказваць на шматлікія пытанні, якія тычыліся асабістага і духоўнага жыцця.

Наведвальнікам было цікава заглянуць за шырму афіцыёзнасці і пабачыць у асобе мільянера звычайнага чалавека, які мае бытавыя і сямейныя праблемамі.

«Ці развіты я духоўна? Ну вось, мой другі сын па адукацыі філолаг, лінгвіст. Ён спачатку вучыўся ў Маскве, а цяпер вучыцца ў Вялікабрытаніі, ён перачытаў шмат кніг і можа па ўрыўку вызначыць, хто напісаў твор. Дык ён лічыць мяне прымітыўным чалавекам. Можа так і ёсць.

Я магчыма, не такі начытаны, але добра разбіраюся ў мастацтве. Дзе б я ні быў, я заўсёды імкнуся наведваць нацыянальныя галерэі.

Калі запытаць мяне, ці веру я ў Бога, то я адкажу, што не. Таму што я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў піянерам, камсамольцам і не магу так хутка змяніць свае погляды. Можа я проста яшчэ не дарос да такога ўзроўню».

У выхаванні дзяцей бізнэсмэн аказаўся патрабавальным, але справедлівым татам.

«Я ніколі не ставіў перад сабой мэты, каб перадаць кіраванне бізнэсам сваім дзецям, бо я лічу, што на свеце ёсць больш таленавітыя людзі, чым мае дзеці, каб кіраваць маёй справай. Я шматдзетны тата, у мяне іх 5 і я бачу іх моцныя і слабыя бакі. Калі я займаўся выхаваннем свайго старэйшага сына, якому цяпер 25 год, то ён даводзіў мяне да слёз, бо матэматыку ён зусім не разумеў. Я ж сам розныя задачы спінным мозгам рашаў, а ён не мог гэтага рабіць. І я думаў: «Ну вось як мне не пашчасціла». Але потым я зразумеў, што ён мае свае таленты. Ён вельмі хутка асвойвае замежныя мовы і ў яго ўсё добра з камунікацыяй. Адпаведна мы імкнёмся пабудаваць яго кар’еру з яго здольнасцямі. Другі мой сын — таксама матэматычная няўдача, але хай ён будзе паспяховым лінгвістам, чым няўдалым бізнэсоўцам».

Уся сустрэча доўжылася каля дзвюх гадзін. Хусаенаў з вышыні свайго жыццёвага вопыту, як бацька, настаўляў і вучыў жыццю наведвальнікаў, большасць з якіх былі студэнты.

За час сустрэчы было зададзена шмат пытанняў, адказы на якія мелі характар парад, якімі ў сваю чаргу мы дзелімся з вамі.

1) Самае дрэннае для бізнэсмэна — гэта песімізм. Трэба заўсёды цешыцца, што б ні здарылася.

2) Трэба ўмець атрымліваць выгаду з нявыгады. Якая б сітуацыя не здарылася, з яе заўсёды можна атрымаць карысць.

3) Крызіс — гэта магчымасць зрабіць пераасэнсаванне, спыніцца і паглядзець на рэчы з іншага боку. Гэта карысная рэч. Поспех — ён акрыляе, вы леціце і нічога не бачыце.

4) Не істотна, з якой думкай ты прачынаешся ранкам, галоўнае — з якім адчуваннем ты кладзешся спаць.

5) Каб усё паспяваць і пры гэтым раслабляцца, трэба мець жорсткі графік працы і, вядома ж, займацца спортам. Гэта карысна і для жанчын. Калі вы плануеце, вы паспяваеце рабіць усё. Плануйце!

6) Для таго, каб стаць паспяховым, трэба толькі дзве рэчы: воля і энергія. Усяму астатняму можна навучыцца.

7) Самая галоўная парада — марце! Думкі матэрыяльны! Я ўпэўнены ў гэтым. Калі не будзіце марыць, дык нічога і не атрымаеце.

8) Жадаеш дасягнуць поспеху — не спыняйся, не чакай, не наракай на жыццё, а дзейнічай. Ёсць ідэі — ажыццяўляй! Не падабаецца дзяржаўная праца — ствары бізнэс і рабі тое, што можаш лепш за іншых.



Теги: Беларусь, люди
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю