USDКурс снизился 1.9439
EURКурс вырос 2.0778
| 05 ноября 2012

Гендырэктар «Мілавіцы»: «Прыбытак беларускіх прадпрыемстваў лёгка павялічыць у тры разы»

На сустрэчу з генеральным дырэктарам «Мілавіцы» Дзмітрыем Дзічкоўскім у адну з аўдыторый БНТУ набілася пад сотню слухачоў. Падзяліцца сваім вопытам і адказаць на пытанні студэнтаў ён вырашыў у рамках праекта AlterEdu.

По информации «Нашай Нівы», Дзічкоўскі закончыў БДЭУ 20 гадоў таму, але прызнаецца, што тыя веды па планавай эканоміцы яму ў жыцці не спатрэбіліся. Затое дапамагла вучоба ў амерыканскіх і канадскіх універсітэтах.

Перад тым, як у 2001 годзе стаць дырэктарам «Мілавіцы», Дзічкоўскі паспеў абараніць кандыдацкую дысертацыю па эканоміцы, стаць адным з заснавальнікаў, а пасля і прэзідэнтам незалежнай Бізнэс-школы ІПМ.

Дзякуй крызісу

«Штогадовы абарот кампаніі складае каля 100 мільёнаў еўра, і толькі чвэрць гэтых грошай даюць продажы ўнутры Беларусі», — пачынае свой расповед ён.

Большасць прадукцыі «Мілавіцы» прадаецца ў Расіі, дзе найлепш наладжаная праца франчайзінгавых крамаў —

мясцовыя бізнэсоўцы ад Калінінграда да Архангельска адкрываюць фірмовыя крамы «Мілавіцы» ў сваіх гарадах. Беларускія спецыялісты дапамагаюць ім правільна расставіць вітрыны і раскласці тавар, каб прылаўкі выглядалі аднолькава ва ўсіх крамах.

За кошт таго, што 75% прадукцыі «Мілавіцы» ідзе на экспарт, леташні валютны крызіс прайшоў міма кампаніі.

«Праблем з валютай для закупкі сыравіны ў нас не было. Працаваць у Беларусі нават стала лягчэй, бо тут няма канкурэнцыі. Больш за тое, некаторыя імпарцёры спынілі сваю дзейнасць. Было добра, а стала яшчэ лепш», — усміхаецца Дзічкоўскі.

Між Еўропай і Азіяй

На думку дырэктара, перспектывы развіцця «Мілавіцы» знаходзяцца на паўднёвым і ўсходнім рынках, дзе толькі-толькі пачынаецца спажывецкі бум. Краіны накшталт Індыі хутка развіваюцца і рынак яшчэ не мае вялікай прапановы. А вось ідэі аб скарэнні Еўропы давялося адкласці ў далёкую скрыню. «Там рынак перанасычаны канкурэнтамі. Прыйсці туды будзе немагчыма», — прызнаецца Дзічкоўскі.

«Момант ісціны» здарыўся ў 2010 годзе, калі ў «Мілавіцы» ўжо было заключанае пагадненне з буйной англійскай кампаніяй «Маркс& Спэнсэр».

Беларусы збіраліся сшыць і паставіць на брытанскі рынак 1 мільён вырабаў, але не пад сваёй маркай, нікому не вядомай у Еўропе, а пад іменем «Маркс&Спэнсэр».

Але ўзнікла альтэрнатыва — расійцы толькі-толькі адышлі ад сусветнага крызісу, і ў краіне ўзнік гіганцкі адкладзены попыт на адзенне. Кіраўніцтва «Мілавіцы» вырашыла прадаць сшытую партыю вырабаў у Расію пад сваёй маркай. Іначай бы закупшчыкі набылі адзенне дзе заўгодна яшчэ, хоць у Кітаі, хоць у В’етнаме, тлумачыць Дзічкоўскі. А так расійскі рынак застаўся ў сферы ўплыву «Мілавіцы».

Рашэнне аказалася слушным. У наступныя гады тэмпы росту кампаніі рэзка павялічыліся.

Цяпер кожны чацвёрты купальнік і станік, якія прадаюцца ў Беларусі, зроблены на «Мілавіцы».

Для параўнання, на рынку ўсходняга суседа кампанія мае каля 4%, але, па словах дырэктара, можа павялічыць сваю долю да 10%.

Пераезд на Паўднёвы Усход

Для гэтага ўжо ў найбліжэйшы час давядзецца здзейсніць міні-рэвалюцыю — перавесці вытворчасць у краіны трэцяга свету.

Перспектываў працы фабрыкі ў сталіцы Беларусі дырэктар «Мілавіцы» не бачыць: «Сярэдні заробак краўчыхі — 4,5 мільёна рублёў. Для Мінска гэта вельмі мала, хоць для Віцебска ці Паставаў пакуль што нармальна».

«Вытворчасць у рэгіёнах яшчэ некалькі гадоў будзе існаваць. А пасля трэба будзе размяшчаць яе ў краінах з нізкім даходам: у В’етнаме, Інданезіі, Шры-Ланцы, дзе людзі зарабляюць $100. Праз 5–7 гадоў палова прадукцыі „Мілавіцы“ будзе вырабляцца там», —

прагназуе ён.

«Забірайце, мы зробім яшчэ»

На прадпрыемстве агулам працуюць некалькі тысяч чалавек. Пры пераносе вытворчасці многіх з іх давядзецца скарачаць. А гэта, відавочна, прыйдзецца недаспадобы беларускім уладам. Ці не баіцца Дзічкоўскі нацыяналізацыі прадпрыемства, як гэта зусім нядаўна адбылося з няўгоднымі кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» і «Спартак»?

«Нацыяналізацыя? Я заўсёды да гэтага ўнутрана гатовы. Калі гэта адбудзецца… Божа, у чым праблема? Мы зрабілі з „Мілавіца“ цукерку. Калі ласка, бярыце. Мы зробім яшчэ. У Беларусі ёсць чым займацца. На 95% прадпрыемстваў, калі зрабіць базавыя ператварэнні ў маркетынгу і іншых сферах, эфектыўнасць працы і прыбытак павялічацца ў тры разы», — перакананы ён.

Самы папулярны памер сярод беларусак — 75B

Мадэлі бялізны і купальнікаў «Мілавіца» ствараюць беларусы падчас сумеснай працы з еўрапейскамі спецыялістамі. «Моладзевыя купальнікі распрацоўваюцца разам з італьянскімі дызайнерамі ў Мілане. У Беларусі б іх ніколі не прыдумалі, бо ў нас іншая каларыстыка і іншы погляд на моду. Французы б таксама ніколі не змаглі стварыць нашую канструкцыю бялізны, — тлумачыць Дзмітрый Дзічкоўскі. — Яны арыентаваныя на іншыя фігуры і іншыя ўмовы. Напрыклад, італьянцы і французы заўсёды спыняюцца на максімальным памеры 85D. Мы ж у стандартнай калекцыі робім ад 60АА да 90Е, але часам даходзім нават 120К! Гэта для англійскага рынку».

Калі ж казаць пра самы папулярны памер станіка сярод беларусак, то, па падліках маркетолагаў «Мілавіцы», гэта 75B. Такі памер мае палова ад агульнай колькасці прададзеных купальнікаў.

«Праўда, па еўрапейскіх даследаваннях, каля паловы купцоў бялізны ўвогуле не ведаюць сваіх памераў», — смяецца Дзічкоўскі.

«Мілавіца» змагла пралабіраваць змены ў заканадаўстве, якія ў 2005 годзе дазволілі купцам прымяраць бялізну ў крамах. «Раней прымяраць было нельга, мог толькі прадавец прымерыць „на вока“. Гэта было жахліва», — узгадвае ён.

* * *

«Мілавіца». Даведка

«Мілавіца» — адзін з самых дарагіх беларускіх брэндаў. Украінскія эксперты, якія складалі сёлета чарговы рэйтынг, ацанілі яго ў $71,5 мільёна. Даражэй каштуе толькі назва «Санта-Брэмар». А яшчэ два гады «Мілавіца» ўвогуле была на першым месцы.

Прадпрыемства было прыватызаванае ў 1991 годзе. Ягоным дырэктарам стала былая намесніца міністра лёгкай прамысловасці БССР Зінаіда Валеха. Кампанія здолела першай у краіне атрымаць міжнародны сертыфікат якасці ISO 9001, а таксама прыцягнуць інвестыцыі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

З цягам часу 80% акцый «Мілавіцы» прадалі эстонскаму холдынгу Silvano Fashion Group. Найбольшую долю ў ім мае мясцовы мільянер Томас Тоол.

Цяпер «Мілавіца» дасягнула штогадовага звароту ў 100 мільёнаў еўра і чыстага прыбытку ў 15 мільёнаў еўра. Прадукцыя кампаніі прадаецца ў 500 фірмовых крамах у 16 краінах свету.





Теги: Беларусь, люди, AlterEdu, Дмитрий Дичковский
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю