USDКурс снизился 1.8774
EURКурс снизился 1.9875
| 09 января 2013

Лукашэнка ўзнагародзіў бізнэсоўца за кнігу пра шляхецкі радавод

Прэзідэнт вызначыў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій. Сярод іх — пісьменнік Анатоль Чабаганаў, узнагароджаны за стварэнне 4-томнай серыі гісторыка-дакументальных кніг «Я — сын Ваш». Хто такі Чабаганаў, запыталіся многія.

Сапраўды, гэтага чалавека лепш ведаюць пад прозвішчам маці, адзначае «Наша Ніва».

Гэта першы беларускі бізнэсовец, які зрабіў сваё шляхецкае прозвішча і герб бізнэс-брэндам.

Анатоль Статкевіч займае 64 месца ў топ-200 найуплывовейшых беларускіх прадпрымальнікаў.

Праўда, па-расейску ён піша сваё прозвішча трохі іначай: «Стецкевич».

Цікава, што ў расейскамоўным выданні кнігі «Я — сын Ваш» ён падае сваё прозвішча як Стецкевич, а ў беларускамоўным – як Статкевіч. Рэч у тым, што прозвішча вар’іравалася ў гістарычных крыніцах.

Рэкламу яго групы кампаній «Стецкевич-спецодежда», упрыгожаную шляхецкім гербам, можна бачыць на мінскіх бігбордах.

Статкевічу належаць Навагрудская фабрыка спецвопраткі, Гомельская абутковая фабрыка. Пад брэндам «Стецкевич» ён прадае мэблю.

Своеасаблівай прыкметай яго паспяховасці можа быць і тое, што ўрад забавязаў яго «шэфствам» над сельгаспрадпрыемствам у Мінскім раёне.

67-гадовы Статкевіч-Чабаганаў — адзін з нешматлікіх бізнэсоўцаў свайго пакалення — вучыўся на Захадзе. Сярод яго ўніверсітэтаў, поруч з Ленінграндскім інстытутам дакладнай механікі і оптыкі, Вышэйшай школай кіравання пры АПК СССР ёсць і Школа эканомікі і англійскай мовы ў Баўнмансе (Вялікабрытанія).

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, сярод іншага, фундаваў помнік святой Сафіі Слуцкай у Слуцку (2000 г.), узнагароджаны ордэнам князя Уладзіміра РПЦ і ордэнам Кірылы Тураўскага Беларускага Экзархата РПЦ.

Да таго ж шляхецкага роду, што і бізнэсовец, належыць і палітык Мікола Статкевіч.

Ён таксама шануе свой родавы герб, і нават выходзіў з ім на Плошчу ў 2010 г.

Пошукам каранёў Анатоль Статкевіч займаўся 20 гадоў. Ён кансультуецца з прафесійнымі гісторыкамі, архівістамі, даследчыкамі генеалогіі, яго кнігі рэцэнзаваў доктар гістарычных навук Галенчанка.

Як прызнаецца аўтар у прадмове, штуршком да напісання стаў «трагічны лёс рэпрэсаваных сваякоў». Яго дзед, Міхаіл Сацкевіч-Статкевіч быў расстраляны ў 1930 годзе. (Форма родавага прозвішча вар'іравалася: Статкевіч, Сцяцкевіч, Сацкевіч...) А бацька бізнэсоўца, Васіль Чабаганаў, трапіў у Беларусь з Татарстана ў вайну. Быў акружэнцам, потым партызанскім камандзірам.

Выданне «Я — сын Ваш» выйшла ў серыі «Летапіс беларускай шляхты», з блаславення мітрапаліта Філарэта на дзвюх мовах: па-расейску (у выдавецтве «Беларуская праваслаўная царква») і па-беларуску (у выдавецтве «Роднае слова»).

Аўтар даследаваў болей за 40 шляхецкіх родаў — Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Некрашэвічаў, Татураў, Сеўрукоў, Карнажыцкіх, Тычынаў, Ліпскіх — пазначаючы сваіх наўпростых продкаў. Працу Статкевіч зрабіў каласальную. Ён прасачыў радавод ад 1320 года. Хоць назваць кнігу сур’ёзнай гістарычнай манаграфіяй нельга, кажуць архівісты. Гэта, хутчэй, кніга навукова-папулярнага жанра. Аўтар занадта літаральна часам успрымае гістарычныя дакументы, верыць у стапрацэнтавую праўдзівасць генеалагічных дрэваў, хоць у гісторыі ўсякае здаралася.

Адкрываецца кніга родавым гербам. Пад ёй — дэвіз:»Святую веру, продкаў род, культуру і Айчыну шануй і беражы».

Прадмовы да выдання напісалі мітрапаліт Філарэт і пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Рэцэнзаваў кнігу доктар гістарычных навук Г. Галенчанка.

Кніга напісаная жывой чытэльнай мовай і выдатна аформленая. У ёй мноства фота, дакументаў, генеалагічных табліц. Створаны і спецыяльны сайт, дзе кнігу ў абодвух моўных варыянтах можна цалкам прагартаць ад 1-й да 594-й старонкі. Аналагаў такому, бадай, няма ў Белнэце.

Мэту выдання кнігі Статкевіч акрэслівае так: «Паказаць гістрыю Айчыны праз гісторыю канкрэтнага рода».

Цікава, што багаты чалавек з сучаснага беларускага бізнэсу вырашыў укласці сродкі і час у стварэнне грунтоўнага радаводу.

Каго яна зацікавіць найперш? Блізкіх і далёкіх родзічаў па тых сарака прозвішчах, але найперш — уласную сям’ю, нашчадкаў. У гэтым сэнсе Статкевіч нагадвае арыстакратаў ВКЛ XVI стагоддзя, якія адрасавалі дыярыушы і кнігі «нашчадку разумнаму».

Сярод іншых лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне», паведамляе БелТА, — аўтары праекта рэстаўрацыі Нясвіжскага палаца. Спецыяльнымі прэміямі ўзнагароджаныя калектывы Тэатра оперы і балета і Тэатра-студыі кінаакцёра за яркае сцэнічнае ўвасабленне твораў Караткевіча і Крапівы; калектывам Нацыянальнай бібліятэкі (за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю кніжнай спадчыны) і Музея Янкі Купалы (за вялікую працу па прапагандзе творчасці народнага песняра), кінарэжысёр-дакументаліст Галіна Адамовіч.





Теги: Беларусь, люди, Александр Лукашенко, события
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю