USDКурс снизился 1.8524
EURКурс вырос 2.0834
| 15 июня 2012

Пётр Мамонаў. Поўны рускі (не)адэкват

У Мінск едзе адзін з культурных герояў сучаснай Расіі, які з розных прычынаў выклікае захапленне ў публікі як мінімум 25 год. Добрая нагода, каб пашукаць адказ на даўняе пытанне – хто ў большым неадэкваце. Уласна санграйтэр і актор, які ўзляцеў і ўпаў, нібы дарэшты згарэўшы, а потым ізноў узняўся, каб пабаламуціць ды паэпаціраваць ужо ў новым вобразе. Або яго аўдыторыя.

У залатыя перабудовачныя часы, калі для незалежных творцаў пачалі адкрывацца ўсе шлюзы, гурт “Звуки Му” паказалі ў культавай праграме “Музычны рынг”. Тады Мамонаў выклікаў цікавасць выключна як рок-персанаж, які дзіўным чынам паводзіў сябе на сцэне ды спяваў дэструктыўныя песні. Мамонаў-актор яшчэ нараджаўся:  “Иглу” толькі знялі, а знаку іншых стужак наогул не было. У 37-гадовага музыканта тады спыталі ў эфіры: хто большы вар’ят – ён сам, які дасканала паказвае гэты стан або глядач, які ўспрымае яго імітацыю за мастацтва. “Дзякуй богу я”, – мамэнтальна адказаў Мамонаў, аглядаючы ўсіх туманным позіркам. У той момант ён ужо загарэўся – у Саюзе ён ужо дасягнуў культавага статуса, пачыналася яго экспансія на Захад. Яго чакалі Канны, дзе адзначаць фільм Паўла Лунгіна “Такси-блюз” з ім у галоўнай ролі. Яго чакалі канцэрты ў Брытаніі ды Амэрыцы, куды яго павязе Брайн Іна – бязьмежна ўлюбёны ў гэтага шалёнага рускага, які ў яго асацыяваўся з героям “Вар’яцкіх нататак” Гогаля. Згарыць Мамонаў вельмі хутка – гурт ён распусціць, але будзе працягваць раз-пораз у адзіночку даваць канцэрты ў п’яным чадзе. Зоймецца тэатрам і будзе ставіць монаспектаклі.  У пэўны момант не ўбачыць сэнс у жыцці, здзічэе зусім, з’едзе на вёску…

Каб на гэтым скончылася біяграфія Мамонава, зараз пра яго памяталі б толькі рэдкія аматары дзіўных савецкіх 80-х. Магчыма, ён бы лічыўся героям таго часу, бо меў рэдкі талент, які палягаў зусім не ў выбітных акторскіх, паэтычных і музычных здольнасцях. Пятро быў адзін з тых, хто зрэалізаваў запаветную рускую мару – не скончыўшы ўніверсітэтаў ён зрабіўся знакамітым творцам ды вылучыўся неардынарнасцю нават сярод самых неардынарных. З выгляду зусім не мача, але постэры з яго выявай друкавалі на той час усе папулярныя савецкія часопісы. Яго песні, часам сыграныя проста на адным акордзе, сталі здабыткам рускага року.  Ненавучаны акторскаму майстэрству, ён уражваў сваёй ігрой на сцэне і ў кіно. Ён жыў насуперак, прыдурваўся-гуляў-запальваў-эпаціраваў-правакаваў і меў з таго поспех. Уяўны, праўда, як апынулася.

Усё ж культурны герой мусіць выклікаць не спачуванне, а захапленне. У масаў узнікла гэта пачуццё да Мамонава, калі той вярнуўся ў медыя-прастору ў выглядзе бяззубага старыка, якому адкрылася Ісціна. Рускім прагнулася такога героя, які б паўстаў, як птушка Фенікс, абудзіўся сам ды паспрабаваў пабудзіць астатніх, стаў нібы бліжэй да Бога, чым звычайны чалавек, але пры тым захаваў сваю няправільнасць, дзікасць, цемрашальства нават. Яго ролі ў фільмах “Остров”  і “Царь” давяршылі справу. Цікавасць да яго асобы ізноў дасягнула вяршыні. Людзі ідуць не на спектаклі, песні, фільмы, канцэрты, а на Яго – Мамонава.

Цяпер Пятро глыбакадумна кажа правільныя рэчы пра тое, што жыццё – гэта іспыт, які кожны мае здаць раней ці пазней, скептычна ставіцца да праяваў тэхнічнага прагрэсу ды піша хрысціянскія афарызмы. Пры тым яго па-ранейшаму курчыць на сцэне і ад рэшты старога рэпертуара ён ніяк не адмаўляецца, шакуючы тую публіку, якая прыйшла на “айца Анатоля” ці на “Івана Жахлівага”. Супярэчнасць на супярэчнасці, і да канца няясна дык хто цяпер у неадэкваце – па-ранейшаму ён сам, ці яго глядач, ці ўсе разам?

Шуба-дуба блюз. 1987 год.

Шуба-дуба блюз. 2009 год.





Теги: музыка, размышления, творчество, искания, кино
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю