USDКурс вырос 1.944
EURКурс вырос 2.2631
Воля Чайкоўская | 04 октября 2013

Беларуская мова як нелюбімая

Разважаць пра беларускую мову і бізнес можна бясконца. Меркаванняў на гэты конт вельмі шмат. І пытанняў таксама. Вось чаму, напрыклад, беларуская мова не выкарыстоўваецца нашымі бізнесоўцамі ў працы? Чаму не вядуцца дзелавыя перамовы па-беларуску? Чаму не вядзецца на беларускай мове дакументацыя? Наіўна гучыць, праўда?.. Але тым не менш. Я вырашыла задаць гэтыя пытанні нашым бізнесоўцам. І адказы, шчыра кажучы, аказаліся несуцяшальнымі.

Па меркаванні Аляксандра ВАСІЛЕВІЧА, дырэктара агенцтва  Publicis Hepta Belarus, суўладальніка галерэі сучаснага мастацтва «Ў” у бізнесе не выкарыстоўваецца беларуская мова па тых жа прычынах, па якіх на ёй не гаворыць большасць насельніцтва нашай краіны.

- Чаму бізнесоўцы павінны карыстацца беларускай мовай, калі яна нідзе не запатрабаваная?.. – задае рытарычнае пытанне Васілевіч, – Але насамрэч гэта пытанне больш не да бізнесу. Яно агульнакультурніцкае. Калі вы хочаце, каб нешта больш шырока распаўсюджвалася, вам патрэбна гэта зрабіць модным, культавым, каб гэта было папулярна ў нейкім асяродку. І тады будзе плён. Я працую ў сервісным бізнесе (за выключэннем таго, што з'яўляюся сузаснавальнікам бару і галерэі «Ў»). Праца ў рэкламным агенцтве вымагае размаўляць з людзьмі на той мове, на якой яны размаўляюць. Калі па-ангельску, дык па-ангельску, калі па-руску, дык па-руску. І я вельмі рэдка чую, каб кліенты размаўлялі па-беларуску. Але час ад часу гэта здараецца.

Насамрэч, усё ўзаемазвязана. Калі разважаць глабальна, то беларуская мова сярод бізнесоўцаў (як, зрэшты, і сярод іншых спецыялістаў) не распаўсюджаная таму, што нашых дзяцей дрэнна вучаць у школе, і нас дрэнна вучылі ў школе… Але пра гэта пазней. Хутка вы зразумееце, да чаго я вяду.  

Вось што думае пра беларускую мову і бізнес Багдан КАРАВЕЦ, кіраўнік інтэрнет-кампаніі Astronim*:

- Калі ініцыятывы адносна беларускай мовы не будзе знізу, то «насадзіць» яе на ўзроўні бізнес-перамоваў проста немагчыма. Да таго ж беларуская мова вельмі адстае ад жыцця. Вялізарная колькасць сучаснай тэрміналогіі, IT-тэрміналогіі  адсутнічае ў мове. Бізнес у нас даволі інтэрнацыянальны, зарыентаваны з аднаго боку на Расію, з другога – на Захад. У нас адкрытая краіна, транзітная, моцна падзеленая паміж сферамі ўплыву і міжнароднымі капіталамі. І ў гэтай сітуацыі ўводзіць трэцюю мову акрамя рускай і ангельскай даволі цяжка і нават нямэтазгодна з пункту гледжання камунікацыі. Гэта тыя прычыны, па якіх бізнес на беларускай мове сёння немагчымы. Kаб ёю карыстацца ў бізнесе, яе трэба вельмі ўдасканальваць. Я сам украінец. І з украінскай мовай такая ж сітуацыя, хаця на ёй і гаворыць палова краіны. Але ўсё роўна, калі нейкую сучасную тэрміналогію перакладаюць на ўкраінскую, робяць гэта зазвычай з наскоку, без удзелу філолагаў і іншых спецыялістаў, і часам атрымліваецца вельмі смешна…

Па шчырасці, напісаць чарговы тэкст пра беларускую мову мяне натхніў вельмі красамоўны выпадак, зусім не звязаны з бізнесам. Хіба што ўскосна, у перспектыве.  

У маёй знаёмай двое дзяцей: дзяўчынка і хлопчык 5-ці і 7-мі гадоў. Кожны раз, калі з імі кантактую я, у іх гэта выклікае мноства самых супярэчлівых эмоцый: яны ходзяць у рускамоўную школу. Што не дзіўна, бо такіх у нас пераважная большасць, калі не сказаць – амаль усе.

Я, як магу, стараюся навучыць іх нейкім новым беларускім словам і наогул спрабую дапамагчы ім зразумець хаця б на інтуітыўным узроўні, што беларуская і руская мовы, хоць і блізкія, ё-маё, але такія розныя! Са мной у спантаннай сітуацыі на вольным паветры дзе-небудзь на лецішчы яны вучаць беларускую мову з задавальненнем. Прынамсі, вучацца ставіцца да яе паважліва, як да нечага цікавага і зусім не зануднага. Але школа – гэта нейкая катастрофа!

- Іх нелюбімы прадмет у школе, – распавядае мая знаёмая, – беларуская мова і беларуская літаратура. Гэта проста бяда нейкая! І гэта не толькі ў маіх дзяцей!.. Ім цяжка нават вымаўляць гэтыя спецыфічныя беларускія зацвярдзелыя зычныя і фрыкатыўны “г”…  

А вось гэта я палічыла сапраўднай прыкметай выраджэння нацыі… Калі беларусы ўжо не могуць вымавіць працяглы цвёрды гук “г”, то справы зусім дрэнь.

У любым разе, тут усё залежыць ад настаўніка, безумоўна. І колькі адразу паўстае розных акалічнасцяў, скаргаў, апраўданняў, незадаволенасці. Настаўнікі – яны ж таксама дзеці свайго часу. Асабліва не тыя, якіх загартавала савецкая сістэма, а сучасныя, маладыя, мае равеснікі.

З чаго раптам яны павінны палюбіць беларускую мову? (Узгадайма: з чаго раптам бізнесоўцы павінны весці па-беларуску перамовы?..) І з чаго раптам усе астатнія павінны? Для гэтага ж не ствараецца амаль ніякіх відавочных лёгкадаступных перадумоваў на масавым узроўні... Вось і атрымліваецца, што мова маргіналізуецца. А добрыя настаўнікі беларускай мовы (ды і наогул любыя добрыя  настаўнікі) – проста самаадданыя людзі, згодныя працаваць за капейкі. І такія людзі – вялікая рэдкасць.

Колькі разоў у нейкіх крамах я сутыкалася з былымі настаўнікамі беларускай мовы. Цяпер усе яны працуюць прадаўцамі. І ўсе людзі такія добразычлівыя, прыемныя. Маглі б, напэўна, быць неблагімі педагогамі…

Тут я заўжды думаю пра сістэму прыватнай адукацыі. У нас, канешне, у краіне зноў жа не такія даходы ў людзей, каб дзяцей у прыватныя платныя школы аддаваць. І наогул, не такія ў нас у краіне ўмовы. Але.

Вось каб беларускі бізнес фінансава паспрыяў і дапамог сабраць класных настаўнікаў беларускай мовы ды адчыніць па ўсёй краіне прыватныя беларускамоўныя школы. Для пачатку хаця б па адной у кожным абласным цэнтры. (Наіўна гучыць, праўда?) Ахвочых, напэўна, спачатку было б не так і шмат. Таму, калі б у школ было фінансаванне, то навучанне можна было б зрабіць і бясплатным. Гэта ўсё мары, вядома. Але думкі маюць уласцівасць матэрыялізавацца, а мары хоць зрэдзьчасу, ды  здзяйсняюцца. А пачынаць звычайна раяць з сябе. Магчыма, калі-небудзь.

Праўда, тут таксама яшчэ адзін момант паўстае. Для таго, каб бацькам было неабыякава, у якую школу дзіцёнка аддаваць, наваколле павінна быць адпаведным. І ў большасці за фарміраванне такога наваколля, канешне, адказвае дзяржава. Але мы з вамі таксама сёе-тое можам зрабіць. Калі чыста практычна разважаць: навошта сучаснаму беларусу беларуская мова, калі ўсё навокал па-руску? Калі беларускамоўнага інтэрфейсу для большасці камп’ютарных праграм і прымочак альбо няма, альбо просты спажывец пра іх не ведае?

А калі крамы будуць называцца па-беларуску, калі прыпынкі ў грамадскім транспарце будуць аб’яўляць па-беларуску, калі навіны па тэлебачанні нам у рэшце рэшт будуць чытаць па-беларуску, а бізнесоўцы весці па-беларуску свае перамовы, тады ўзнікне натуральная патрэба падцягваць узровень валодання мовай, каб разумець, пра што гаворка. Замкнёнае кола. Але пакуль такая патрэба на ўзроўні ўсяго грамадства востра не ўзнікае. Дзеці працягваюць недалюбліваць і таму не ведаюць мову матчыну. А бізнесоўцы (і не толькі) чакаюць ініцыятывы знізу.

***

Еду неяк у аўтобусе, а малая дзўчынка пытаецца ў бабулі: “Бабушка, а почему слово написано с ошибкой – «гастраном»?..  Бабуля, відаць, нават троху разгубілася спачатку. Я таксама б разгубілася на яе месцы.





Теги: мысли, люди, движение, Беларусь
Будь в курсе событий
Подпишитесь на наш пятничный дайджест, чтобы не пропустить интересные материалы за неделю