Уладальнік Канскіх львоў навучыць нас рабіць рэкламу па-беларуску ў рамках фэсту АDNAK. Ен стартуе ў чацвёрты раз. Працы на конкурсы і намінацыі прымаюцца да 3 чэрвеня. Сам фестывальны дзень запланаваны на 27 чэрвеня.
Сёлетні фэст мае некалькі істотных адрозненняў, пра якія нельга не расказаць патэнцыйным удзельнікам. Сярод намінацый фестывалю з’явіліся дзве новы: афіша і рэкламны фотаздымак – каб адпавядаць павевам і патрабаванням часу. А яшчэ беларускіх рэкламістаў будуць вучыць замежныя майстры. Сёлета гэта будзе госць з Італіі Alessandro Sabini, крэатыўны дырэктар Oglivy and Mather, у арсенале якога перамогі на такіх вядомых рэкламных фэстах як Канскія львы, Лонданскі Міжнародны Конкурс Рэкламы, Epica, Нью-Ёркскі фестываль.
— Мы плануем праводзіць гэтае навучанне на базе якога-небудзь буйнога беларускага ВНУ, магчыма, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — адзначае кіраўнік праекта Marketing.by Сяргей Скараход, — Для таго, каб як мага большая колькасць маладых крэатыўных людзей мела магчымасць пазнаёміцца з замежнымі падыходамі да рэкламы.
У сваю чаргу Джузэпэ Боска, прадстаўнік аддзела культуры амбасады Італіі ў Беларусі, пры падтрымцы якога італьянскі майстар і прыедзе на АDNАК, адзначае, што ў Італіі тэлевізійная рэклама часта па мастацкіх вартасцях значна лепшая, за самі тэлеперадачы.
Другім замежным госцем, які правядзе асобны майстр-клас, стане японец Qanta Shimizu, крэатыўны дырэктар і заснавальнік агенцтва PARTY. Канта робіць рэкламу для вядомых сусветных брэндаў, якая больш нагадвае кліпы для IDM-музыкі, чым рэкламу, якую мы прывыклі бачыць па беларускім тэлебачанні. Цікава, у нас прапусцілі б сваю ратацыю такую рэкламу на ТБ?.. Але калі задумацца, якую ролю ў фарміраванні мастацкіх і моўных схільнасцяў грае рэклама, і ўзгадаць, якой якасці перажная большасць рэкламы ў нашай краіне, то стане зразумела, чаму большасць беларусаў так насцярожана ўспрымае ўсё новае, незнаёмае, разняволенае і крэатыўнае.
Нам проста не зрабілі прышчэпку ад коснасці. А якасная рэклама як раз магла б выканаць функцыю такой прышчэпкі. Фестываль АDNAK акурат і дэкламуе — «Уключыце выключнасць».
{quote-1}
А тым часам статыстыка ўсё-ткі сведчыць пра празітыўныя зрухі. Насамперш, узгадайце, наколькі пазітыўна ўспрымаюцца і запамінална гучаць беларускамоўныя брэнды: тут, калі ласка, аднак, мара, сваяк, сябар ды іншыя. Такія назвы не толькі вылучаюцца, але і лагодна прымушаюць людзей ўзгадваць родныя словы.
Памятаю, як цешылі мяне камунаркаўскія цукеркі “Конік”, якія цяпер, здаецца, перайменавалі ў рускамоўных “кузнечиков”…
Але, наогул, лаяльнасць беларусаў да рэкламы на беларускай мове значна павялічылася.
– Калі ў 2009 годзе па сацыялагічных дадзеных толькі 33% хацелі бачыць белмоўную рэкламу, то ў 2012 – гэтая лічба павысілася да 55%, – распавядае Ніна Шыдлоўская, каардынатар культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, – Мы павінны давесці, што быць беларусаарыентаваным – гэта значыць быць у трэндзе. А давесці гэта можна толькі праз культуру. Рэклама, як вядома, з’яўляецца часткай культуры.
Да статыстыкі часта ставяцца з недаверам. Асабліва, у нашай краіне. Таму дадам яшчэ рэальную гісторыю з жыцця. Днямі прыязджаў да мяне ў госьці траюрадны брат з Віцебска. “Ведаеш, – кажа, – а я апошнім часам у Віцебску ўсё часцей на вуліцах чую, што людзі па-беларуску размаўляюць. Пераважна моладзь, вядома”. Ну, зразумела, бабулі раптам не стануць ні з чога, ні з якога па-беларуску гаварыць. Хаця тыя, што паінтэлігентней або маюць крэпкія вясковыя карані, ахвотна адгукаюцца на беларускія словы. Якія-небдзуь былыя настаўніцы біялогіі пачуўшы ў ліфце, як ты размаўляеш па тэлефоне, раптам заўважаць:
Во, дзетачка, якая малайчынка! Прыгожа гаворыш! А я ўжо мову амаль забыла…
І пачынае перабіраць вядомыя ёй беларускія словы. І можа недзе яшчэ гэта потым адгукнецца. Калі бабуля сутыкнецца з праблемай выбару. Не толькі ў краме.