title image

Лаянка по-беларуску. IT DEPENDS

Днямі Пуцін падпісаў “Закон аб лаянцы ў СМІ”. А ў нас што?

Пуцін у Расіі падпісаў закон, які прадугледжвае адміністратыўнае пакаранне за лаянку ў СМІ. Падрабязнасці і сумы штрафаў можна лёгка знайсці ў інтэрнеце, увёўшы ў пошукавік нешта падобнае на “Путин и мат”. А таксама можна знайсці розную незалежную і залежную статыстыку, якая падлічвае хто, дзе і ў якой колькасці выказаўся нецэнзурна, і калі гэта выйшла ў друк, з’явілася на інтэрнет-сайтах або тэлебечанні.

Што цікава, у Беларусі няма ніякіх падобных дакументаў, якія тычацца канкрэтна нецэнзурнай лексікі ў СМІ. Але лаянку ў грамадскіх месцах, вядома, не ўхваляюць.

— У нас ужыванне нецэнзурных словаў у публічных месцах разглядаецца, як дробнае хуліганства, і адказнасць за яго нясецца адміністратыўная, прадугледжаная Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях, – тлумачыць адвакат Сяргей ЗІКРАЦКІ, – Што да сродкаў масавай інфармацыі, то ў беларускім “Законе аб СМІ” нічога не сказа пра забарону выкарыстання нецэнзурных словаў. Таму СМІ за самі гэтыя словы адказнасці не нясуць. Але тэарэтычна можна прыцягнуць да адказнасці непасрэдна журналіста, які выкарыстоўваў гэтыя словы, па артыкуле аб хуліганстве. Праўда, на маёй памяці такіх выпадкаў не было. А вось за лаянку ў публічным месцы ў нас рэгулярна каго-небудзь караюць па адмінстратыўным кодэксе.

{quote-1}

Тым болш цікава, ЯК збіраюцца кантраляваць і маніторыць усю гэтую плыню інфарамацыі! Ладна, друкаваныя СМІ. Але ўсё-ткі інтэрнет, тэлебачанне ды інтэрнет-тэлебачанне падаюцца нечым неабдымным. Ды і радыё сюды трапляе таксама. Страшна ўявіць, наколькі яшчэ трэба раздуць бюракратычны апарат, каб усадзіць дастатковую колькасць чыноўнікаў сачыць за выкарыстаннем лаянкі ў СМІ…

Ды й відавочна, што мэты тут не такія высакародныя, якія пазіцыянуюцца. Якую моладзь яны хочуць абараніць? Думаючая, так бы мовіць, моладзь, якая заўважыць лаянку на openspace.ru або якім-небудзь з “Коммерсантов”, і сама ў стане разважыць, дзе і што ёй ужываць і ці паўтараць лаянку ўслед за аўтарытэтным выданнем. А пацаны на раёне, думаю, такія СМІ нават не чытаюць. А, можа, і не чытаюць наогул…

Карацей, закон відавочна патрэбны расійскім чыноўнікам проста як дадатковая мера, якая ЗАБАРАНЯЕ. Тым больш што калі пачаць разбірацца, што натхніла Крэмль на гэты крок (акцыі Pussy Riot і арт-групы “Вайна”?), то стане, наогул, усё ясна. Астатняе – прыцягнута за вушы.

— Прэса павінна кантраляваць уладу, а не наадварот — гэта прынцып функцыянавання дэмакратычнага грамадства, – гаворыць Андрэй Аляксандраў, супрацоўнік беларускай праграмы арганізацыі «Індэкс цэнзуры», – Калі ўлада праз законы вырашае, што і як журналісты могуць ці не могуць пісаць – гэта відавочая праява імкнення кантраляваць СМІ. Гэты закон – толькі адзін з шэрагу апошніх заканадаўчых ініцыятываў, якія кардынальна змянілі фармат узаемадачыненняў улады і грамадства ў Расіі. Можна нават сказаць, што расійскія ўлады пераймаюць «беларускі вопыт» — у першую чаргу гэта тычыцца метадаў фактычнай зачысткі поля грамадзянскай супольнасці і абмежаванняў свабоды выказвання. Калі параўноўваць з Еўропай, то там ўсё вельмі страката і неаднародна… Таксама ідуць вельмі розныя працэсы, не заўсёды адназначныя і пазітыўныя. Але стандарты свабоды прэсы – гэта неўмяшальніцтва дзяржавы ў журналісцкую дзейнасць.

Што ў Беларусі?

Па-першае, у нас людзі нейкія больш выхаваныя (або запалоханыя, адно з двух), што лаяюцца публічна толькі зрэдку. Ды й нават не магу прыгадаць, каб у журналісцкіх артыкулах нехта злоўжываў лаянкай. Хіба што так, нейкія брутальныя слоўцы для болшага эфекту. Не браць у разлік блогі. Гэта зусім іншая гісторыя. Хаця блогі знакамітасцяў часта цытуюць СМІ (як, напрыклад блог вядомага расійскага “мацюкальшчыка” дызайнера Арцемія Лебедзева – але гэта зноў сітуацыя суседзяў). Ну, з відэа і аўдыё трошку па-іншаму. Калі ў чалавека ўзялі каментар, а там лаянка, напрыклад. Тым больш, можна “запікаць” нецэнзурныя словы.

Па-другое, як, скажыце вы мне, у нас могуць лаяцца ў СМІ, калі пераважна ўся лаянка (па падліках зноў-такі расійскіх статыстаў) – гэта цытаты. У тым ліку чыноўнікаў і палітыкаў. А ў нас яшчэ палітыкаў паспрабуй адшукаць, прасці Госпадзі. Што ўжо казаць пра тое, каб яны лаяліся. А чыноўнікі ў нас, наогул, быццам нейкая вышэйшая каста. Яны і гаварыць на публіцы стараюцца менш, каб чаго не выйшла, не тое што лаяцца. І наогул, у беларускім грамадстве пануе такая самацэнзура, што нам падобныя законы ў прынцыпе не патрэбныя. Нам і так шмат чаго забараняюць розныя іншыя НЯПІСАНЫЯ законы…

— У Беларусі сітуацыя выглядае такім чынам: не важна, гэта было ў СМІ, ці ў інтэрнеце – распаўсюджваецца дзеянне адміністратыўнага і крымінальнага кодэксу – уносіць яснасць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, – І адпаведна можа быць складзены пракатокл аб тым, што кагосьці абразілі і выкарысталі лаянкавую лексіку. Але асобна ў СМІ ёсць рэгулятар – Міністэрства інфармацыі – якое мае права выкарыстаць супраць зарэгістраваных выданняў папярэджанне ці пазбавіць іх рэгістрацыі ў выпадку, калі журналіст будзе карыстацца нелітаратурнымі формамі мовы (не важна беларускай, рускай ці нейкай іншай) або ўжываць лаянку ў СМІ.

Але вось усё-ткі, ці такая лаянка страшная рэч, як яе малююць?

Па-мойму, у нейкіх сітуацыях у побытавым жыцці без лаянкі проста не абысціся. Да таго ж гэта асобны культурны пласт, своеасаблівы каларыт мовы. Ды ёсць людзі, якія так віртуозна валодаюць лаянкай, або яна гучыць настолькі арганічна ў іх маўленні, што зусім не рэжа слых і не выклікае ўнутранага абурэння. Трэба ж разумець, што it depends.

{quote-2}

Што тычыцца лаянкі, дык у беларускай літаратурнай сітуацыі часцяком узнікаюць спрэчкі старэйшага і маладзейшага пакаленняў: можна або нельга лаяцца ў літаратуры? Вось, напрыклад, паэтаў Віталя Рыжкова ды Андрэя Адамовіча любяць падакараць старэйшыя. Быццам у іх творчасці акрамя зрэдчас ужытых лаянкавых словаў больш няма на што і ўвагі звярнуць…

Мы спыталі ў паэта Віталя Рыжкова, калі ўжо яму даводзіцца адбівацца ад нападак за лаянкавыя словы ў вершах, расказаць ці варта баяцца нецэнзурнай лексікі і чаму часам без яе проста не абысціся.

— З аднаго боку, беларуская мова, паводле міфа-меркавання нашых не дужа далёкіх нацыяналістаў, пазбаўленая лаянкі як такой, па іроніі лёсу колькі разоў трактавалася нашай міліцыяй як лаянка ў публічным месцы і падстава для адміністратыўкі, – распавядае Віталь Рыжкоў, – З іншага боку, стагоддзямі няверныя мужы беларускіх вёсак, якія па-руску граматна размаўляць не змогуць нават калі захочуць, сыходзяць (прамаўляецца пры дзецях сціснутым шэптам ці аднымі вуснамі) на бл*дкі; а сённяшнія зрэдчас інтэлігентныя выпускнікі тэхнічных вну, заступачы на пасаду майстра па цэху, вучацца не толькі па-народнаму “гэкаць” і “чэкаць”, але і заборыста мацюкацца, бо іначай падначаленыя нічога не разумеюць, і план ляціць па п***зе. Пра тое, што лаянкі ёсць ва ўсіх народаў, і беларуская мова, на злосць пурыстам, не кастрыраваная ў гэтым сэнсе, вам скажа кожны адэкватны мовазнаўца. Ці варта пра гэта пісаць у газетах і распавядаць па ТБ ў такіх выразах? Не. Бо ёсць, былі і будуць людзі, якія маюць права на захаванне ўласнай чысціні ва ўсім. І гэтага дастаткова, каб так не рабіць. Але былі і ёсць і іншыя людзі. Яны, калі малыя кладуцца спаць, клічуць гарманіста і спяваюць нармальныя частушкі, часам з лаянкай, і вельмі смяюцца. Я вельмі рэдка лаюся ў жыцці. А ў маёй кнізе вершаў ёсць лаянка. Няшмат, але ёсць. Для чаго? Недзе — для большай рэалістычнасці вобразу персанажа, недзе — каб пэўныя пурысты не сталі чытаць далей, недзе, калі гаворка пра пераклады, таму, што лаянка была ў аўтара, і калі не “запіквалася” ў арыгінальным выданні, дык і ў мяне – не.

Словам, лаянка, як можна зразумець, справа вельмі спрэчная і суб’ектыўная. І нават крамлёўскія чыноўнікі ў спрэчных выпадках маюць намер прыцягваць спецыялістаў-філолагаў для асэнсавання. Але ёсць яшчэ і эўфемізмы, так бы мовіць, замяняльнікі лаянкі. Прычым беларускі слоўнік вельмі багаты на каларытныя словазлучэнні, якія ніяк нельга назваць лаянкай у простым сэнсе слова, але трапляе яна заўжды ў самы яблычак.

Вось вам мая суб’ектыўная падборка такой “нецэнзуршчыны”, выпісанай з літаратуры:

  • Надаваць кухталёў

  • Фрыцукі пархатыя

  • Даць выяспятка

  • А каб цябе ў раі камары таўклі!

  • Шлыцікі цябе ведаюць

  • Хай вас кадук!

  • Каб вас паляруш!

Интересно? Поделитесь с друзьями!
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Похожие статьи

Imaguru Video

Популярное