title image

Малевiч над горадам

Траюрадны пляменнік мастака расказаў усё, як ёсць

Траюрадны пляменнік Казіміра Малевіча, прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Ігар Малевіч

фота Марыны Бегунковай

Выстава рэпрадукцый «Мастак і горад. Казімір Малевіч», якая распачалася на плошчы Якуба Коласа ў Мінску і якую будзе патруліраваць сталічнае ГУУС, ахоўваючы мастацтва ад вандалізму, выклікае насамрэч больш абурэння, чым захаплення. І вось чаму.

Прайшоў, відаць, той час, калі выставы на вуліцах выклікалі ў беларусаў уражанне нечага прагрэсіўнага і феерычнага, нейкага свята, якое заўжды з табой, і бла-бла-бла. Сёлета на адкрыцці выставы 17-ці рэпрадукцый Казіміра Малевіча было даволі мала людзей. Прынамсі, колькасць гледачоў было не параўнаць з запатрабаванасцю аналагічнай выставы Марка Шагала летась. Альбо мінчане і госці сталіцы проста стаміліся глядзець на хадулістаў у бухматых касцюмах курэй і пеўняў ды стракатых мімаў, або нешта тут не тое.

Калі я апынулася на адной з цэнтральных плошчаў горада і пабачыла выставу Малевіча, мне стала сумна. Падалося, што арганізатары (Міжнародны сацыяльна-эканамічны фонд «Ідэя», Упраўленне культуры Мінгарвыканкама, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва і Volkswagen у Беларусі) маглі падрыхтавацца да гэтай падзеі больш грунтоўна і дасканала. Тым больш, што ўжо маюць падобны вопыт. І тым больш, што папулярызаваць Малевіча, па-сутнасці, не трэба. Ён і так брэнд.

{quote-1}

Але не. Рэкламныя выявы партнёраў і спонсараў як звычайна дамінуць на экспануемых планшэтах з рэпрадукцыямі. Ды яшчэ размешчаныя такім чынам, што калі з падземкі трапляеш на плошчу, то бачыш перадусім рэкламу, а ніякія не рэпрадукцыі карцін Малевіча.

У тэкстах анатацый (асабліва ў беларускай версіі), якія суправаджаюць кожную карціну, мінімум арыгінальнасці, максімум занудства і шмат памылак друку. Наўрад ці абстрактныя глыбока-мастацтвазнаўчыя тэксты (узятыя з нейкіх сумных і нецікавых для простага гледача кніжак) могуць паспрыяць асветніцкай місіі праекта і растлумачыць нарэшце ўсім простым беларусам, у чым, уласна кажучы, сэнс “Чорнага квадрата” і ўсіх гэтых безаблічных геаметрычна-вясковых персанажаў. Малевіч быў не толькі мастаком і філосафам, але і прадказальнікам. Словам, у Беларусі так часта бывае: хацелі, як лепш, атрымалася, як заўжды. Цудоўная высакародная ідэя ператварылася ў нешта неакрэслена-недапрацаванае. Самі па сабе дэманстраваць рэпрадукцыі не арыгінальна. Тым больш, у наш час. Таму тут галоўнае канцэпцыя, навізна падачы, мэсадж. А яны нейкія, ну, зусім цьмяныя…

Адзін мінак гучна выхваляўся перад усімі, хто праходзіў міма, пад час адкрыцця выставы: “А я, у адрозненне ад усіх астатніх, бачыў “Чорны квадрат” у арыгінале”. І гэта даволі дзёрзкая і справядлівая рэпліка. Маўляў, вы тут ходзіце паміж гэтых кардонных дэкарацый, а я бачыў сутнасць, сэнс, ісціну.

{quote-2}

Ён збоку назіраў за ўсім, што адбывалася, і, здавалася, быў крыху расчараваны. Яшчэ б! Калі б вы былі сваяком Казіміра Малевіча і бачылі ўсю гэтую недасканаласць і абыякавасць (на стэндзе з хронікай жыцця мастака не пазначана нават месца яго нараджэння, і гэта тады як ужо ёсць уся неабходная інфармацыя, якая даказвае яго капыльскае паходжанне!), вам таксама стала б не па сабе.

Сама па сабе выстава цудоўная, – распавядае Ігар Малевіч, – Але падбор карцін няправільны, рэкламы больш, чым карцін, і ўсё, што напісана ў якасці анатацыі – абсалютная выдумка і прымітывізм, якая не тлумачыць сутнасць мастатцва Казіміра Малевіча. Вы ва ўніцерсітэце праходзілі філасофію Гегеля, дык вам паўгады расказвалі, што гэта значыць. Гэтак жа трэба расказваць і што такое мастацтва Казіміра Малевіча. Што такое супрэмус? Гэта лацінскае слова, ліцвінскі тэрмін, які азначае найвышэйшы сэнс. Малевіч сам быў ліцвінам, гігантам, якога абысці ніхто не можа. А стаўленне да яго такое прымітыўнае. Гэта ненармальна. Да яго трэба ставіцца сур’ёзна. Самае крыўднае, што я з фондам адпрацаваў гэта ўсё. Я 10 дзён таму назад быў у іх, усё расказаў, паказаў, дазволіў ім скарыстоўваць свае эсэ. І пасля гэтага выдаюцца такія тэксты. Хіба можна так рабіць?.. Нацыянальная інтэлігенцыя прыклала вялікія намаганні для пазіцыянавання Казіміра Малевіча, як беларускага мастака.

{quote-3}

Адсюль і недакладнасці ў біяграфіі мастака: рускія, украінцы і нават палякі па чарзе прысвойваюць яго сабе, таму што той багата вандраваў і пажыць яму давялося шмат дзе. У адным рускамоўным украінскім часопісе біяграфій напісалі нават, што “Ён друкаваўся ў часопісе “Нова генерація” і выкладаў у Кіеўскім мастацкім інстытуце, прычым, мяркуючы па захаваных стэнаграмах, Малевіч размаўляў са сваімі слухачамі на троху русіфікаванай украінскай мове, якую ён, такжа як і польскую, ведаў з дзяцінства”. Але ж мы цяпер ведаем, што гэта была за мова!

  • У сям’і Малевічаў раазмаўлялі на кравецкай мове. Гэта частка ліцвінскай копыльскай мовы (гаворкі), – тлумачыць траюрадны пляменнік мастака. – Там была вялікая асацыяцыя краўцоў, людзей, якія дубілі і шылі скураную адзежу. У іх была спецыяльная мова. Дасюль у філасофскіх працах Малевіча прабелы, і напісана ў дужках – паланізмы, і ніхто не можа перакласці гэтыя словы і выразы. А яны з’яўляюцца ліцвінскімі выразамі! Ён пісаў на беларускай мове!

Яшчэ сваяк вялікага мастака перакананы, што трактоўка ўзаемаадносінаў Шагал-Малевіч таксама павінна быць перагледжана. І даказвае гэта хаця б адзін красамоўны выпадак.

  • На выставу Казіміра Малевіча ў Кёльн прыляцеў з Амерыкі Марк Шагал. Усяго на адзін дзень, – гаворыць Ігар Аляксандравіч. – Ён быў ужо моцна хворы. Але прыляцеў і стаў на калені перад партрэтам Малевіча, зняў з шыі ладанку і павесіў на партрэт. Гэта былі людзі, якія разумелі, што яны змяняюць мастацтва! Яны былі вялікія майстры, вялікім майстрам цяжка ўжыцца, але гэта былі нашыя два нацыянальныя геніі. Вакол гэтага трэба ўсё выбудоўваць.

Ігар Аляксандравіч выглядае вельмі апантаным чалавекам. І часам тое, што ён распавядае, здаецца мне надта прыўкрасным, каб быць праўдай. Але яму відней. У яго знешняе падабенства з Малевічам – яму цяжка не паверыць.

  • Мы падобныя з Малевічам па 114 параметрах. Тады як любы вучоны-фізік скажа вам, што дастаткова 89! сцвярджае Ігар Малевіч.

Галоўнае, ведаеце, своечасова пачуць. А то звычайна няма прарока ў сваёй айчыне. Казіміру Малевічу цяпер ужо, канешне, усё роўна. Уся гэтая мітусня, марная марнасць, нацыянальныя геніі наўрад ці цікавяць яго. Ён над усім гэтым, ён па-над намі. Але ж нам не павінна быць абыякава.

{images-1}

Интересно? Поделитесь с друзьями!
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Похожие статьи

Imaguru Video

Популярное