title image

Кава з водарам … Беларусі

Аляксандр Міхнюк перакананы — у Беларусі свой бізнес стварыць куды лягчэй, чым у многіх суседніх краінах.

Чаму ў Беларусі лягчэй, чым у суседніх краінах, вытрымаць канкурэнцыю і распачаць свой бізнес і навошта размаўляць па-беларуску, пакуль мова не стала маскультам мы пагутарылі з уладальнікам крамы «Альба-кава» Аляксандрам Міхнюком.

Аляксандр родам з Заходняй Беларусі. Распавядае, што цяга да роднай мовы перадалася яму ад бабулі. Яшчэ ў 2000 годзе на першым курсе геаграфічнага факультэта БДУ Аляксандр разам з суполкай сяброў узяліся размаўляць па-беларуску. Універсітэт у мінулым, з працай настаўніка геаграфіі таксама не склалася, на змену патэнцыйнай прафесіі ў сферы адукацыі прыйшоў уласны бізнес. А родная мова засталася. І тое, што невялічкая крама з кавай і булкамі на вынас абслугоўвае па-беларуску, зусім не маркетынгавы ход, сцвярджае ідэйны натхняльнік.

— Што тычыцца шыльды і ўвогуле ўсяго аздаблення, дзе патрэбна нейкая мова, то пытання ў мяне нават не паўставала: на якой мове рабіць? Для мяне зараз гэта натуральна. Я ўвесь час у побыце карыстаюся беларускай мовай. Зразумела, калі еду за мяжу, даводзіцца ці ангельскай ці польскай карыстацца, у Расіі — па-руску. Але ў Беларусі ў мяне нават не паўстае такога пытання. З усімі сябрамі і дзелавымі партнёрамі я размаўляю па-беларуску. І ўсе добра ставяцца, а некаторыя нават адказваюць па-беларуску. І ўлада ў тым ліку. Калі ідзеш на прыём, адказваюць па-беларуску.

{quote-1}

Дзве супрацоўніцы, якія абслугоўваюць кліентаў у краме «Альба-кава», не карыстаюцца беларускай мовай увесь час. Але пры падтрымцы Аляксандра ў працы часткова перайшлі на беларускую.

— Вельмі цяжка знайсці людзей на такія працоўныя спецыяльнасці, каб яны яшчэ і па-беларуску размаўлялі, — тлумачыць Аляксандр Міхнюк, — Дзяўчаты размаўлялі, як і большасць маладых па-руску. Але я ім сказаў, калі яны маюць магчымасць і жаданне размаўляць са мной па-беларуску, то мне будзе вельмі прыемна. Да таго ж паабяцаў невялікую прэмію за гэта. Яны спачатку адмаўляліся, перапрашалі, казалі, што ім цяжка. Але потым з цягам часу перайшлі таксама на беларускую мову з кліентамі. Прынамсі з беларускамоўнымі кліентамі. Я нікога не прымушаю, не кажу — калі ты не будзеш такі, як я, я не буду з табой сябраваць. Я ж не кажу сваім сябрам — калі ты не кінеш паліць, я з табой сябраваць не буду. Так шмат да чаго можна прычапіцца. Я думаю, што ўсё трэба рабіць паступова і з любоўю.

— Калі яшчэ ніхто не ведаў, што мы мяркуем адчыняцца, — дадае ўладальнік «Альба-кавы», — У памяшканні завяршалі рамонт. І я ад рукі напісаў на паперцы, маўляў, выбачайце, працуем з 11 чэрвеня. І прычапіў на дзверы. Проста напісаў на той мове, якой карыстаюся. Людзі хадзілі міма, ужо звярталі ўвагу. А шыльда і ўсё астатняе потым з'явілася. Калі, наогул, кранаць тэму беларускамоўнай рэкламы, мне здаецца, гэта пачалося з кампаніі «Самсунг», якая ў 2006 годзе пачала вешаць бігборды па-беларуску. Ну, і потым маркетолагі ўхапіліся за гэтую ідэю, сталі ўсялякія даследаванні праводзіць. І аказалася, што — «лаяльнае стаўленне», «а вось мы адрозніваемся» і г.д. І зараз шмат кампаній, якія нават можна назваць транснацыянальнымі (электратэхнічныя, будаўнічыя і інш.), таксама робяць рэкламу па-беларуску.

{quote-2}

— Так, гэта менавіта крама, а не кавярня. Я хачу гэта падкрэсліць. А з чаго ўсё пачалося? Я ў гандлі з 2004 года. Спачатку працаваў гандлёвым прадстаўніком у аптовым гандлі — быў наёмным супрацоўнікам, у асноўным у кандытарскай галіне, і кавай таксама займаўся. Потым зразумеў, што трэба сваю справу распачынаць і пачаў займацца гэтым, — распавядае уладальнік «Альба-кавы»,— Я дастаткова часта езджу куды-небудзь у Еўропу і бачу там вельмі шмат падобных бюджэтных месцаў. Там у кожным квартале можна некуды зайсці, купіць булку з кавай на вынас і пайсці. А ў нас такога раней зусім не было, зараз нешта пачало з'яўляцца. Але ўсё роўна — адно, калі ты заходзіш у кавярню ці рэстарацыю і купляеш там «каву з сабой», і зусім іншая — калі вось у такую бюджэтную крамку. У нас жа зусім іншыя кошты. Галоўнае трымаць прапорцыю: кошт-якасць. У нас і сыравіна (зерне) якасная — італьянская, і посуд нармальны. Канешне, хочацца з цягам часу зрабіць некалькі такіх кропак, сетку крамаў, і ўласную пякарню. А ў такім маленькім памяшканні як наша, 11 кв. м., печка ніяк не змесціцца. Думаю, з гэтай ідэяй зацягваць не трэба. Месяцы праз 3-4 дзе-небудзь у цэнтры адчынім яшчэ адну краму. Можа, троху прасторнейшую.

{quote-3}

— На дадзены момант, я лічу, у нас шмат па якіх пазіцыях лягчэй распачаць свой бізнес, чым у краінах, з якімі мы мяжуем: і еўрапейскімі, і ўсходнімі. Некалькі год таму параўноўвалі, якія бюракратычныя працэдуры трэба прайсці, каб стварыць юрыдычную асобу ў Беларусі і ў іншых краінах. У нас была самая забюракратызаваная краіна, у астатніх — неяк лаяльней да бізнесу ставіліся, і ўсё было зрабіць нашмат прасцей. Сваё ўнітарнае прадпрыемства (юрыдычную асобу) я зрабіў у 2009 годзе за 5 дзён. Элементарна — ад моманту падачы заявы да моманту атрымання ўсіх дакументаў. Суджу выключна па ўласным досведзе — гэта было не складана, ніякай валтузні з паперкамі. Які яшчэ ёсць плюс —наша краіна пакуль што, дзякуй Богу, не вельмі прывабная для буйных гульцоў сусветнага рынку. Канешне, самыя буйныя монстры «хорыкі» (Hotels+restaurants+cafes=HoReCa ) да нас праніклі. Напрыклад, МакДональдс. Але астатнія пакуль не лезуць. І мы, усе хто жыве тут і хто мае нейкія ўласныя памкненні ў сферы бізнесу, можам самі рабіць не горш. Таму ў Беларусі нашмат лягчэй скласці нейкую канкурэнцыю тым, хто ёсць нават у Літве, Латвіі, Украіне, Польшчы. Пра Расію я, наогул, не кажу, таму што гэта іншыя маштабы і іншыя магчымасці. Любы буйны расійскі горад большы за Мінск, або як мінімум такі самы. Там ёсць мільён насельніцтва, і пакупніцкая здольнасць там значна больш. У Беларусі яна сур'ёзная толькі ў Мінску. Усе астатнія гарады можна разглядаць, на жаль, толькі пасля таго, як ты нешта зрабіў у сталіцы. Таму ў цэлым, я лічу па розных суб'ектыўных і аб'ектыўных фактарах, умовы для развіцця бізнесу ў нас досыць неблагія.

Мы з Аляксандрам сядзім у кавярні, недалёка ад Плошчы Перамогі (У «Альба-каве» так не пасядзіш. Але гэта часова). Мой суразмоўца кажа, што вельмі любіць гэты раён, і летуценна распавядае пра планы, мэтавую аўдыторыю і беларускую мову. У галаву раптам прыходзіць думка пра тое, наколькі ж трапны плакат я недзе бачыла: размаўляйце на беларускай мове, пакуль яна не стала маскультам. Або нешта ў такім стылі. І сапраўды, магчыма, прыйдзе час, і на беларускамоўныя кавярні ды крамы не будуць звяртаць столькі ўвагі, таму што яны стануць нормай. І гэта будзе нармальна.

Интересно? Поделитесь с друзьями!
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Похожие статьи

Imaguru Video

Популярное