title image

Цыган беларускага кіно

Ухапіліся за гэтага Лазніцу, як за саломінку.

Ухапіліся за гэтага Лазніцу, як за саломінку. Кідаемся, як сабакі на косці. Васіль Быкаў на еўрапейскіх экранах! Беларускі дэсант у Канах! Можа, Быкаў – гэта і ёсць тая самая саломінка. Але вось ці будзе Сяргей Лазніца цягнуць беларусаў?…

У праграму 65-га Канскага кінафестывалю патрапіў фільм » У тумане» Сяргея Лазніцы, рэжысёра родам з Баранавічаў, які вось ужо колькі гадоў жыве ў Берліне. Жанаты. Мае дзвюх дачок. У Мінску бывае часам. Спыняецца, як правіла, у беларускіх сяброў-кіношнікаў, якіх абачліва завёў сабе тут некалі.

Стужка «У тумане» знятая паводле аповесці Васіля Быкава. Лазніца асабіста атрымаў дазвол у пісьменніка на экранізацыю гэтага твора яшчэ ў 2001 годзе. Сяргей Уладзіміравіч – таленавіты рэжысёр-дакументаліст. «У тумане» – яго другі мастацкі фільм. Першы – «Шчасце маё» – таксама браў удзел у паліткарэктным кінашоу на Лазурным беразе, а ў 2010 годзе атрымаў гран-пры айчыннага кінафестывалю «Лістапад».

Ёсць, чым ганарыцца, шчыра кажучы. Але і крыўдна бязмежна.

Спадзяёмся. Піярым. Наш! У Канах! Ах-ох! А ён наш, можа быць, толькі напалову – карыслівы геній з матэматычна-метафізічным складам розуму, які ў зручны час «зваліў» у зручнае месца. Дарэчы, пасля нараджэння Лазніца ўсяго паўгода пражыў у Баранавічах…

Ах-ох! Фільм паводле Быкава, зняты пры ўдзеле «Беларусьфільма»! І хоць, як сцвярджае гендырэктар нацыянальнай кінастудыі Алег Сільвановіч, нашых грошай там каля 8%, здаецца, што мы – жабракі, якія хочуць пераканаць саміх сябе ў тым, што гэта не так.

– Мозг таксама важыць не шмат, адносна ўсёй масы цела чалавека, – удараецца ў нацыянальную кінафізіку Алег Ігаравіч. – Але затое – ЯКАЯ гэта вага!

Так, якая?…

Кампанія, якая сабралася ў асноўным конкурсе Канскага кінафэсту рэальна ўражвае. 22 фільмы. Больш за палову з іх зрабілі рэжысёры з такімі прозвішчамі, што здаецца, калі вымавіш іх услых, з’явіцца нейкі Чароўны Чалавечак і выканае ўсе твае нецэнзурныя сінефільскія жаданні. Ален Рэнэ, Жак Адзіяр, Леа Каракс, Дэвід Кроненберг, Міхаэль Ханеке, Абас Кіярастамі, Кен Лоўч, Карлас Рэйгадас, Ульрых Зайдль. Думаю, працягваць бессэнсоўна. І так ужо дыханне спынілася пасля імя Каракса.

Але тым не менш – апошнім у спісе значыцца Сяргей Лазніца. Глыбокі ўдых, рабяткі! У сапраўдных патрыётаў грудзі распірае ад гонару, хаця яны людзі пранікнёныя і пяткамі адчуваюць – Лазніцу пляваць на беларушчыну.

Ён не будзе хаваць свайго паходжання, але і хваліцца ім не будзе. «Я цыган», – распавядае Лазніца ў інтэрв’ю Белсату. А мы бегаем за ім, ледзь не молімся. Трымаем пальцы. І мажліва, нейкім трансцэндэнтым чынам гэта паспрыяе таму, што Сяргей Лазніца без прыза не застанецца. Прынамсі, улічваючы агульнафестывальную кан’юнктуру, асаблівасці стасункаў «Беларусь-Еўропа» і трэндавасць прозы Васіля Быкава, само сабой думаецца як мінімум пра нейкі спецыяльны прыз.

І хоць Сяргей Уладзіміравіч і прызнаецца ў розных інтэрв’ю, што, маўляў, Беларусь-успаміны-дзяцінства, і хоць уплыў яго на беларускае кіно куды большы, чым мы сабе думаем, але ж ён з’ехаў-такі і не вярнуўся… І яго зусім не клапоціць, калі беларусы пабачаць на шырокім экране фільм «У тумане» паводле класіка сваёй нацыянальнай літаратуры. Прынамсі, у размове з карэспандэнтам ВВС ён перажываў толькі за еўрапейцаў і рускіх…

Карацей, Беларусь – гэта вам не Лазурны бераг. А Лазніца – не Юсры Насрала (егіпецкі кінарэжысёр, які ўздымае актуальныя-тут-і-цяпер-у-гэтай-краіне сацыяльна-палітычныя тэмы ў сваіх фільмах – ісламскі фундаменталізм, бежанцы – і фільм «Пасля бітвы» якога таксам ўвайшоў у асноўную Канскую праграму). Лазніца не жыве ў Беларусі пастаянна. Таму вырашыў пайсці больш простым шляхам. Хаця і экзістэнцыйным.

А вось што было б, каб у Каны прывезці фільм пра беларускія плашч-палаткі ў цэнтры сталіцы (ну, вы зразумелі гэты эўфемізм!)

За туманам нічаго ня відна…

Интересно? Поделитесь с друзьями!
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Похожие статьи

Imaguru Video

Популярное