Якое дачыненне мае І Мінская трыенале сучаснага мастатцва да сучаснага мастацтва?
Памятаю, як мастак Сяргей Кірушчанка расказваў у адным з інтэрв’ю (акурат пад час падрыхтоўкі да беларускага павільёна на Венецыянскай біенале ў 2011 годзе), што ніхто ў Мінкульце не ведае нават, як той павільён трэба рабіць. Таму што ніхто нікуды не ездзіў, не глядзеў, што робіцца ў свеце сучарту. У выніку атрымалася тое, што атрымалася… А куратарам, між іншым, быў сапраўдны рэктар беларускай Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. «Сёння рыхтуюцца да наступнай біенале, а куратарам застаўся ўсё той жа чалавек. Нейкая манаполія атрымліваецца», – разважае Сяргей Кірушчанка.
{quote-1}
У першую чаргу таму, што большасць з прадстаўленага на экспазіцыі з цяжкасцю можна назваць сучасным. Напрыклад, металічна-механічныя скульптуры-жамяры Сяргея Парцянкова: усе яны зроблены пераважна ў першай палове 1990-ых і гэта, канешне, мае непасрэднае дачыненне да найноўшай гісторыі мастацтва, але… Усё-ткі ў Беларусі ёсць істотная блытаніна з тым, што ж такое contemporary art. Гэта нешта тэмпаральнае ці канцэптуальнае? Адказ, бліжэйшы да ісціны, другі. Адказ, які выбралі арганізатары трыенале, першы. Магчыма, таму многія творы і выглядаюць надзвычай архаічна. Як, напрыклад, творы віцебскіх мастакоў, якія дасюль натхняюцца (у літаральным сэнсе слова) віцебскім авангардам пачатку ХХ стагоддзя, ніяк яго не пераасэнсоўваючы, а проста ствараючы варыяцыі на тэму. І гэта даволі вядомыя мастакі: Васіль Васільеў, Павел Бранштэтэр, Аляксей Краўчанка, Генадзь Фалей і інш. Апошні, наогул, здзвіў сваёй неўтаймоўнай прагай да глабальнага-неабдымнага. Настолкі праўдападобна выглядаюць яго скульптуры з таніраванага картону – «Жырандоля І» і «20х20 або 400-1». Я маю на ўвазе, падобныя на аграмадныя металічныя канструкцыі. Але калі ўсведамдяеш, што гэта імітацыя (паводле ўсіх сучасных законаў, у тым ліку, і постмадэрнізму, а-ха-ха!), то апаноўвае расчараванне і пачуццё, што цябе падманулі самым бязлітасным чынам. Гэта, аказваецца, усяго толькі таніраваны картон!..
{quote-2}
Або, мо, наадварот, усё надзвычай празрыста?.. Тым не менш, характэрныя скульптуры Селіханава («Чарга», «Леў Талстой». «Кенэдзі»), іранічныя творы Цэслера («Ружовае крэсла») і трагікамічныя філасофскія выказванні Вашкевіча («Мост над безданню», «Выкінь гэта з галавы») ствараюць нейкі свой аўтаномны асяродак.
Асобнай выспай на гэтым эклектычным «касмадроме сучаснага мастацтва» прадстаўлена фатаграфія. Праўда, адзін вядомы фотамастак паскардзіўся, маўляў, што гэта за здымкі, гэтыя фатографы проста не могуць зрабіць ніводнага нармалнага кадра, вось і вычвараюцца, прыдумляючы КАНЦЭ-Э-Э-ПЦЫЮ! Можа, і не могуць. А, можа, і не хочуць. Можа, у іх зусім іншыя задачы. У любым разе, вартую канцэпцыю не так ужо і лёгка прыдумаць. Тым больш, што мы жывём у свеце неўвасобленых ідэй і спаборніцтва гэтых ідэй. Сёння ні ў кога няма часу на тое, каб ажыццявіць як след сваю канцэпцыю. Прыдумаў, і ладна, астатняе, хай глядач пастараецца. Тым больш што – суаўтарства і сутворчасць усё яшчэ ў трэндзе.
Хаця, зрэшты, знайшоў жа час фатогфра Максім Дасько, каб пры дапамозе кіруемай it вэб-камеры з адкрытым доступам у Інтэрнет доўгі час назіраць за рознымі месцамі, з усіх месцаў выбраць пасёлак Белаазёрскі ў Маскоўскай вобласці і нашлёпаць кучу атмасферных а-ля непрафесійных здымкаў гэтага Белаазёрскага. І грош цана гэтым фатаздымкам кожнаму паасобку. Затое ўсе разам яны ўжо ўтвараюць канцэпцыю, ідэю, праект. Словам, нешта суцэльнае і, у пэўным сэнсе, гарманічнае. Так і серыя здымкаў Уладзіміра Парфянка «Persona non grata», першае фота для якой было зроблена ў 1998 годзе. З тых часоў Уладзімір папаўняе калекцыю здымкамі ў стылі «кухоннага сюррэалізму» з выявамі людзей, якія тым ці іншым чынам не ўпісваюцца ў Сістэму. Але падыходзіць да гэтай справы выбіральна. За 14 гадоў назбіралася ўсяго каля 20 партрэтаў. Ці значыць гэта, што мала хто ўступае з сістэмай у супярэчнасць і ці хацеў гэта падкрэсліць мастак? Або ён проста хацеў паказаць гэтых людзей, як тыпажы? Загадкі сучаснай фатаграфіі можна разгадваць бясконца.
А І Мінская трыенале сучаснага мастацтва дэманструе, які жа плюралізм меркаванняў пануе ў нашым грамадстве!.. Аж страшна робіцца, наколькі разыходзяцца погляды і падыходы.
Фота Анатоля Клешчука