Пісьменніца расказала, што трэба рабіць, каб усё змянілася.
У рамках ХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша прайшла сустрэча са знакамітай беларускай пісьменніцай, намінанткай на Нобелеўскую прэмію па літаратуры Святланай Алексіевіч. Яе новая кніга “Час сэканд хэнд” выйшла адначасова ў Маскве, Парыжы, Берліне і Стакгольме. А нядаўна і ў перакладзе на беларускую мову ў выдавецтве “Логвінаў”. Па сутнасці, гэта першая за апошнія гадоў 25 кніга Алексіевіч, выдадзеная ў Беларусі. Нягледзячы на негалосную забарону на імя пісьменніцы ў нашай краіне, чытачоў і прыхільнікаў у яе тут мноства. І ўсе прыйшлі ў невялічкі павільён ААТ “Белкніга” на кніжную выставу, як на споведзь або як на сеанс да псіхатэрапеўта. Усе хацелі пачуць нейкае тлумачэнне, адказы на пытанні “чаму?” і “за што?”. Нехта з натоўпу так наўпрост і запытаўся: “Чаму мы такія?” І ўсе з разуменнем засмяяліся. Гэта быў такі самаіранічны смех. Смех людзей, якім за сябе і сорамна, і крыўдна…
Апынуўшыся ва ўмовах цеснаты невялічкага павільёна, калі людзі не вытрымлівалі нястачы асабістай прасторы і пачыналі нават сварыцца адно з адным (замест таго, каб ушчуваць рэальных віноўнікаў), мы апынуліся нібы ў мінікопіі нейкай глабальнай экзістэнцыйнай сітуацыі. І ў гэтым кантэксце згадкі Алексіевіч пра нямецкую даследчыцу Ханну Арэндт, якая казала, што ў змрочныя часы цяжка быць чалавекам, здаваліся часткова нават каментарыем да падзей, якія адбываюцца вось тут і цяпер у рэальным часе.
Але не хачу паддавацца песімізму. І мне спадабалася, што ад Святланы Алексіевіч, якая выслухала і пабачыла столькі жахаў і трагедый, таксама не веяла песімізмам. Нават наадварот. Магчыма, чым больш чалавек усведамляе, наколькі жахлівым можа быць жыццё, тым больш імкнецца супраціўляцца гэтым жахам.
Вось некаторыя вытрымкі з размовы са Святланай Алексіевіч у падтрымку гэтаму супраціву.
Пра “Час сэканд хэнд” і новае жыццё
— Недзе 35 гадоў я пісала вось гэтыя шэсць кніг, адну кнігу ў 10 гадоў (Кнігі з нізкі “Галасы утопіі”, “Чарнобыльская малітва”, “У вайны не жаночы твар”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя смерцю”, “Апошнія сведкі. Сола для дзіцячага голаса”. Кніга “Час сэканд хэнд” завяршае нізку – BEL.BIZ). Можна сказаць, што гэта адна кніга, адна душа. Гэта кніга больш за ўсё пра тое, як мы жылі, як гэтае жыццё скончылася, а мы апынуліся ў разгубленасці. У нас у Беларусі час наогул спыніўся. Тут вельмі шмат рускага матэрыялу, таму што там крах ідэі, капіталізм – нечаканы для большасці людзей – больш відавочна прасочваецца на лёсах. У нас усё трошку схавана. Крыху сацыялізму, крыху капіталізму, крыху імператарства. Неяк усё ў кучы.
Сёння людзі ратуюцца тым, што замкнуліся ў сваім доме, у коле блізкіх людзей. Маладыя людзі гэты вакуум запаўняюць тым, што спрабуюць ездзіць, бачыць свет. Кожны знаходзіць свой шлях выжывання. Я б хацела сказаць, асабліва маладым, што не трэба быць у роспачы. Усё-такі галоўнае мы зрабілі – камунізм пераможаны. А маладым людзям я хацела б яшчэ сказаць: рыхтуйцеся да будучыні. Яна ўсё роўна будзе – нармальная еўрапейская будучыня. Можа быць, маё пакаленне да гэтага не дажыве, а вы дажывіце. Але рыхтуйце сябе.
Капіталізм вельмі жорсткі. Вось я 10 гадоў пражыла за мяжой і хачу сказаць, што нашае ўяўленне пра капіталізм вельмі рамантычнае. Але гэта даволі жорсткая сістэма, і я думаю, да яе прывучацца мы будзем доўга. Так што ў кнізе я спрабавала паказаць меркаванні розных людзей. У ёй гучыць хор розных галасоў. Таму што, як вы бачыце, на постсавецкай прасторы ёсць вельмі шмат варыянтаў. Ёсць варыянт Расіі – дзікі, жорсткі капіталізм. Ёсць варыянт Украіны, калі народ адмовіўся жыць па-рабску, як яму прапанавалі. Ёсць варыянт Беларусі… Я хацела перадаць галоўныя нейкія лініі.
Калі ў 1990-ыя гады нам здавалася, што мы развіталіся з камунізмам, то цяпер так не здаецца. Вось калі я шмат ездзіла па Расіі, то мяне здзівіла, наколькі, асабліва маладыя людзі, сумуюць па мінулым. Калі гэтага няма ў Маскве, Пецярбургу, то там, у глыбіні Расіі, гэтага шмат. Гэта нечакана. Гэта будзе яшчэ не раз вяртацца.
Мне хацелася стварыць за гэтыя 35 гадоў вобраз чалавека – што з ім робіць эпоха, што з ім робіць ідэя. Кнігі зробленыя. Яны, што для мяне вельмі важна, не толькі ў нас, але і ў свеце запатрабаваныя. Таму што ўсе хочуць зразумець, чаму ў нас зноў нічога не атрымліваецца. Чаму ў 1990-ыя мы былі так рамантычна настроены, і нам здавалася, вось яно – новае жыццё. А ўсё аказалася зусім не так.
Так што гэтая дакументальна-мастацкая энцыклапедыя – і для гісторыі, і нам для развагаў. І я цяжка ўяўляю, што я працягвала б яе яшчэ. Мне здаецца, што я яе скончыла. Таму што “чырвоны чалавек”, у тым варыянце, у якім ён быў, знік. Цяпер з’яўляецца іншы чалавек. І нават калі ў ім ёсць нейкая туга пра мінулае, я не думаю, што ўсе хацелі б жыць пры камунізме. Усе хочуць нейкага справядлівага жыцця, справядлівага сацыялізму. Напэўна, у 1990-ыя гады мы так сабе гэта ўяўлялі.
Але жыццё цяжка прагназаваць. Мы бачым, як у тым жа Кіеве, здавалася б, так рамантычна і прыгожа выйшла апазіцыя. У той жа час раптам чуеш зусім іншыя галасы, галасы радыкальныя. І ўзгадваеш 1917 год, што ўсё гэта ўжо было. Ніхто сур’ёзна не ставіўся да камуністаў, бальшавікоў, а яны раптам выйшлі на авансцэну гісторыі, пакуль кадэты і эсэры спрачаліся. Сёння кожны сам у адказнасці за свой лёс. Гэта, напэўна, і ёсць свабода. А не тое, што свабода ад таго, што ў нас будзе добры цар і ён усё вырашыць, зробіць справядлівае жыццё. Не, свабода – гэта калі кожны працуе на гэтае новае жыццё. Вось пра гэта мае кнігі.
Чаму мы такія?
— Калі б я ведала адказ на пытанне “Чаму мы такія?”… Я не ведаю гэтага адказу. Я думаю, што ўсё глыбока ў гісторыі. Вось гавораць, што рускія такія, а беларусы – гэткія, і што ў гэтым вінаватая савецкая ўлада. Я не зусім з гэтым згодная. Я думаю, гэта больш глыбокія рэчы. Напрыклад, калі ўзяць Вялікую Айчынную вайну, вось гавораць, што народ здзейсніў такі подзвіг. Але ўсе забываюць, што пад час вайны з Банапартам рускія сяляне зімой з дзецьмі сыходзілі ў лес, палілі свае дамы, каб не пакідаць іх напалеонаўцам.
Хаця, канешне, пэўны тып чалавека быў выгадны лабараторыі марксізму-ленінізму. І я хацела сумленна выслухаць усіх удзельнікаў сацыялістычнай драмы. Я даю слова і катам, і ахвярам, і камуністам, і анархістам, і маладым, і старым людзям. Я хачу даць увесь гэты космас, калі ўпала імперыя. І такіх хуткіх адказаў – я да іх не гатовая. Я ведаю, ёсць такі рускі пісьменнік Дзіма Быкаў. Ён бы знайшоў адказ. Я хачу быць шчырай, я гэтага не ведаю. І нават больш за тое, я нават не ведаю, добра гэта ці дрэнна. Можа быць, гэтая сялянская цвярозасць уратоўвае нас ад многіх рэчаў. Напрыклад, чаму я з’ехала за мяжу. Канешне, гэта быў пратэст супраць таго, што ў нас адбываецца. З-за гэтага мы з Быкавым з’ехалі.
Але была і іншая прычына. Як мастак, я бачыла, што я, як і ўсе – на барыкадах – і я не бачу таго, што павінен бачыць мастак. Я не бачу каляровага рознага чалавека. Таму што ў адным чалавеку можа жыць і кат, і ахвяра. І яны могуць мяняцца месцамі. А я ўжо бачыла толькі мішэнь, гэта тое, што абсалютна забароненае для мастака. Я хацела вярнуць нармальны зрок. Убачыць, як жыве іншы свет, як нармальна глядзець на рэчы, як бачыць чалавека ўсяго, такога, які ён ёсць. І гэты еўрапейскі вопыт для мяне вельмі важны.
Пра выбар і кавалачак перамен
— Я хачу сказаць, што выдавецтва “Логвінаў” і Барыс Пятровіч з Саюза беларускіх пісьменнікаў, – малайцы. Бо яны ж таксама маглі сказаць – ну, лепш не звязвацца з гэтай Алексіевіч, лепш не мець непрыемнасцяў. Не, яны бяруць і выдаюць кнігу. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, што ўсё залежыць ад чалавека. Там, наколькі я ведаю, невялікі тыраж, паколькі ў “Логвінава” непрыемнасці. Але я да чаго – што ўсё залежыць ад нас. Усё залежыць ад цябе. Можна сказаць і нічога не зрабіць. Чакаць, што нехта нешта зробіць – рэвалюцыю ці новае жыццё. А можна самому – кавалачак перамен. Вось узялі і зрабілі. Вось чамусьці адзін дырэктар школы рашаецца запрасіць пісьменніка, які зараз не ў фаворы, а другі – не, наадварот яшчэ данясе. Усё залежыць ад кожнага з нас.
Пра беларускую мову
— Тут пра мяне шмат ходзіць розных спрэчак з-за таго, што мяне не зусім дакладна перадала нямецкая журналістка. Што нібыта я супраць беларускай мовы. Не, я не супраць беларускай мовы. Я сказала проста, што 200 гадоў ёй не давалі развівацца. І гэта сказваецца сёння. Што 200 гадоў нам не давалі жыць, як паўнавартаснай нацыі. Знішчылі эліту. Была ў асноўным руская мова. Я не думаю, што беларусы паміраючая нацыя. Ні ў якім разе. Мы ў гісторыі маем вельмі шмат прыкладаў, калі, здавалася б, няма ніякіх шанцаў, застаецца некалькі сот чалавек, і ў той жа час мова аднаўляецца. Паглядзіце на яўрэяў, як яны стварылі дзяржаву. І як яны ўратавалі нас. Гэта зноў-такі залежыць ад кожнага з нас. Калі мы будзем любіць мову, абараняць яе, то яна ніколі не памрэ і мы ніколі не знікнем. Я вельмі шмат бачыла маладых беларускіх сям’яў, якія з’ехаўшы за мяжу, раптам усведамлялі, якой яны нацыі. Тут гэта было не важна, а там, у свеце, гэта важна. Гэта праблема будучыні.
Пра адлегласць да дэмакратыі
— Чаму савецкія людзі больш годна вытрывалі выпрабаванне ГУЛАГам, чым далярам? Таму што ў нас ніколі не было матэрыяльнага. Старэйшыя людзі любяць 90-ыя гады, калі вельмі шмат гаварылі пра грошы, хацелі неяк разбагацець. Ніхто не думаў, што некаму прыйдзецца быць слугой. Матэрыяльнае – спакушае.
Памятаю, калі Пуцін ішоў на трэція выбары, у яго былі давераныя асобы: Табакоў, Хазанаў…Здавалася, што трэба такім заслужаным людзям. Але яны пайшлі. Нават у сем’ях ішлі спрэчкі з-за гэтага. А чаму? Табакоў казаў, што ратуе тэатр. Нехта ратаваў рэстаранчык свайго сына. То бок, кожнаму было што губляць. На жаль, такі сёння час. Я яго называю – вульгарны час. У нас нічога не было. І раптам гэта з’явілася. А тады, у 1937-ым, у чалавека нічога не было акрамя гонару і годнасці. Альбо ён іх выратоўвае, альбо таксама становіцца катам. Так што даляр аказаўся нашмат больш спакуслівы. Вось зайдзіце ў будаўнічую краму. Там тысячы людзей. А на выступленнях пісьменнікаў, акцёраў Беларусі людзей не так шмат. Чаму? Людзі просяць жыцця, людзі хочуць жыць. Я не абвінавачваю іх, проста кажу, што мы жывём вось у гэты прамежкавы час. Мы вырашылі, што гэта і ёсць свабода. Гэтая магчымасць атрымліваць. Мне гавораць: вашы людзі, ім абсалютна няважна, што нехта сядзіць у турме, ніхто не выходзіць на плошчу… А зайдзіце ў краму –
усё ёсць, трэба толькі грошы зарабляць. Паняцце свабоды, дэмакратыі – гэта рэчы, над якімі Еўропа працавала сотні гадоў. Яны не прыходзяць так імгненна.
Пра свабоду і выйсце
— Калі абагульніць, то пытанне (якое найчасцей задаюць у Еўропе – BEL.BIZ) будзе гучаць так: скажыце, чаму гэтыя бясконцыя пакуты, прыніжэнні не канвертуюцца ў свабоду, годнасць? Чаму людзі, атрымаўшы перамогу ў такой страшнай вайне, потым ідуць у стойла? Разумееце, у іх нараджаецца шмат пытанняў, і адзінае, што яны бачаць: праблема нашмат шырэйшая і шматбаковая, чым яны ўяўлялі: што Пуцін – дыктатар, Лукашэнка – дыктатар. Не, яны разумеюць з кнігі, што гэтыя тыпажы – заказ грамадства, акумуляванае жаданне грамадства. Значыць, грамадства знаходзіцца на такой стадыі развіцця.
Выйсце адно – спакойна рабіць сваю справу. Па меры сваіх сілаў. Памнажаць дабро, а не зло. Нешта гаварыць вучням. Гаварыць пра дабро. Напрыклад, што я рабіла ў сваіх кнігах. Я ж не калецыю жахаў збірала, а чалавечы дух. Як у гэтыя змрочныя страшныя часы чалавек заставаўся чалавекам. Як заўжды можна заставацца чалавекам. Іншым разам – коштам жыцця, гэта так. Але спадзяюся, што гэтыя часы прайшлі. Таму адзінае выйсце – быць чалавекам самому і памнажаць гэтае кола чыстай вады вакол сябе. Дабро і зло змагаецца ў чалавечай душы. Або ты зламаешся, або ты пачнеш прыслужваць, або ты пачнеш баяцца. Або ты будзеш рабіць сваю справу па меры сваіх сілаў. Я думаю, што настаўнік можа зрабіць шмат. Маленькая душа ў яго руках. Вельмі шмат рэчаў можна ёй сказаць. І наогул, мы такая цывілізацыя пакутаў, што нам ёсць пра што расказаць, які прывесці прыклад. Адзінае, мне здаецца, трэба гаварыць і пра шчасце, і пра чалавечую годнасць. Усе гэтыя пакуты павінны канвертавацца ў пачуццё годнасці, у пачуццё свабоды.
Фото: Александр Малама