Параілі на Чэмпіянаце Барыста ў Мінску.
Вось мы п’ем каву і нават не задумваемся, што гэта, аказваецца, таксама мастацтва.
Тым больш што днямі ў Мінску прайшоў 5-ы Нацыянальны Чэмпіянат Барыста Рэспублікі Беларусь. З якога вынікае, што найлепшую каву ў нашай краіне робяць дзяўчаты. Уладальніцай першага месца стала Лізавета Маляўка (бар «Стравінскі», Мінск). Праўда, для хлопцаў таксама не ўсё страчана. Па-першае, пакуль яны перамагаюць колькасна: з 10 удзельнікаў чэмпіянату — шасцёра хлопцаў. Па-другое, колькасць удзельнікаў можа павялічыцца, калі нашыя барыста набяруцца смеласці. Рэч у тым, што толькі адзін удзельнік — Сяргей Юдэнкаў (кавярня Maxi) прадстаўляў абласны цэнтр. Хлопец прыехаў на спаборніцтва з Гомеля. Чым жа абумоўлена такая колькасць удзельнікаў з рэгіёнаў? Здаецца, не толькі ў сталіцы ёсць файныя кавярні і рэстарацыі.
— Рэкламы чэмпіянату было вельмі шмат, — распавядае Руслан Манулік, заснавальнік і старшыня Гільдыі Барменаў Сталіцы, — Мы амаль два месяцы рыхтавалі гэты конкурс. Але колькасць удзельнікаў звязана са страхам. Я дакладна ведаю, што ў залі прысутнічалі людзі з Брэста, Магілёва і іншых гарадоў. Але нешта перашкаджала ім пагадзіцца на ўдзел у спаборніцтве. Насамрэч гэта той конкурс, дзе патрэбна ўдзельнічаць. І спрабаваць сябе. Тым больш, што Гільдыя Барменаў не абмяжоўваецца Мінскам, мы стараемся прыцягваць да прафесіі бармена і барыста як мага больш людзей па ўсёй краіне.
Агульную няўяпэўненасць і страх публічнай самапрэзентацыі беларускіх барыста адзначыў і старшыня сёлетняга журы адмыслова запрошаны Раман Кантала, вельмі імяніты кавамэйкер. Ён мае столкі «кававых» званняў, што ўсіх і не пералічыць: чэмпіён UBC 2012 China у намінацыі «Латэ-арт», чэмпіён UBS 2012 Russia ў намінацыі «Эспрэса фрапэ», трэнінг-мэнаджар Пецярбургскага Інстытута Кавы і Гарбаты.
— Хлопцы і дзяўчаты малайцы, яны стараюцца, робяць сваю справу з душой. А некаторыя нават вельмі артыстычна, — гаворыць Раман Кантала, — Але іх галоўная памылка – гэта маўклівасць. Усё-ткі, калі б яны не баяліся гаварыць, расказваць пра сваю каву і распытваць кліентаў пра іх густы, было б куды лепей. Ды і бізнэс будаваць з такім падыходам значна прасцей.
Раман прызнаецца, што адчувае сябе цалкам шчаслівым чалавекам – ва ўсіх яго піцерскіх кавярнях творчасць перарасла ў бізнэс і за яе плацяць.
— Да нас людзі прыходзяць за пэўным відам кавы, за пэўным напоем і яны гатовыя за гэта плаціць, – тлумачыць Раман Кантала, – Да таго ж у нас вельмі лаяльныя кошты. Сярэдні кубак любога напою – 1,5 долары. Але за гэтыя паўтары долары можна выпіць эспрэса, капучына або аграмадны картада. Але кожны кубак гатуецца індывідуальна. Барыста задае 3-5 пытанняў кожнаму госьцю, калі гэта яшчэ не пастаянны кліент, густы якога ён ужо ведае, і ў выніку гатуе яму той напой, які падыйдзе менавіта яму. Калі чалавек прыйшоў за нечым вельмі крэпкім, каб узбадзёрыцца, каб прачнуліся ўсе чакры і ён быў гатовы працаваць, барыста зробіць «Дабл-шот». Але зробіць яго так, што ад першага глытка чалавек абальецца сілай. А калі чалавке хоча лаўнджу, пасядзець, адпачыць, то гэта можа быць нешта з малаком ці вяршкамі.
Насамрэч для таго, каб пабудаваць паспяховы бізнэс на каве, трэба быць у меру псіхолагам і ў меру перформерам.
— Насамрэч любая праца ў сферы абслугоўвання – гэта праца псіхолага на 99% – перакананы Раман, – Калі ты не даведаешся, чаго хоча кліент, не зробіш яму прыемна. А не зробіш яму прыемна, не заробіш грошай.
Гучыць лагічна. Напэўна, таму ў свеце сёння ў такой пашане індывідуальны падыход. Але ці гатовыя беларусы плаціць грошы за выкшталцоны сервіс, эксклюзіўную каву або, напрыклад, такі папулярны за мяжой латэ-, капучына- і эспрэса-арт?
— Думаю, сам накірунак барыста вельмі перспектыўны. Тут заўжды будзе куды рухацца – мяркуе Руслан Манулік – Латэ-арт, капучына-арт і іншыя будуць запатрабаваныя як толькі іх пачнуць прасоўваць і прапаноўваць граматна і якасна. Я асабіста гатовы плаціць за якасны прадукт. Да таго ж крэатыўнай падачы ў нас пакуль што вельмі мала. А як раз гэта і прыцягвае кліентаў.
Крэатыў – гэта амаль што новая сучасная ўрабністычная рэлігія. Мне падумалася, што было б даволі крэатыўна прыдумляць свае арыгінальныя рэцэпты кавы. А чаму не? Калі барыста мае багаты вопыт і незвычайны ўнутраны свет, ён цалкам можа нешта гэткае сачыніць. Я назірала, як дзяўчаткі-барыста ўвішна завіхаюцца ля кававай машыны, дадаюць вяршкі і сіропы ў маленькія кубачкі і высокія фужэры і мне прыгадаўся серыял, які, напэўна, запомніўся ўсім маім равеснікам – “Кава з водарам жанчыны” (эх, былі ж некалі часы, калі па тэлебачанні паказвалі агучаныя па-беларуску фільмы!..). Вядома, кава мае сваю гісторыю, традыцыі і краіну паходжання, але якой мусіць быць кава па-беларуску?
— Першая думка, якая прыйшла ў галаву, калі вы сказалі пра каву па-беларуску, – пры дапамозе Hario заварыць каву на аснове бярозавага соку, – распавядае Рамана Кантала, – Бярозавы сок для Беларусі вельмі семантычны напой. А з Hario як спосабам заварвання кавы можна пагуляць. Бо эспрэса ўсё-ткі заб’е ўсю семантыку.
А ў мяне тым часам з’явілася яшчэ адна патрыятычная ідэя – каб аздобіць каву па-беларуску прыгожа, можна што-небудзь намаляваць на паверхні напоя. Напрыклад, літару “ў”. Або стылізаваную валошку. Або, для асаблівых майстроў, сілуэт зубра ці профіль якога-небудзь вядомага беларуса. Карацей, беларускія барыста, мы ўжо ўсё прыдумалі! Вам застаецца толькі ўзяць на ўзбраенне.
Бізнесмены і паэты, увага!
Яшчэ Раман Кантала расказаў, што піць зранку. А так як беларусы – нацыя паэтаў, а наш сайт прысвечаны беларускаму бізнэсу, то адрасаты напояў, канешне, бізнесмены і паэты.
— Калі рабіць каву для бізнесменаў, то само сабой – гэта эспрэса. Гэта хатняя машынка, на якую трэба разок націснуць, яна табе зробіць «кубак бадзёрасці» і – наперад! З паэтамі складаней, – разважае Раман, – Тут насамрэч трэба разумець, што любіць чалавек. Творчая натура – гэта, канешне, цудоўна. Але ў людзей бываюць і фізіялагічныя асаблівасці. Нехта не любіць малако. Нехта мёд, нехта спецыі і г.д. Але для творчага чалавека, на мой погляд, гэта павінна быць нешта аб’ёмнае. Сярэдні аб’ём напою не менш за 200 мілілітраў. І, хутчэй за ўсё, нешта фруктовае. Можа быць, кава з манга.