title image

"Сівая легенда" - а што сказаў бы сам Караткевіч...

Пяць пытанняў да оперы "Сівая легенда"…

Пяць пытанняў да оперы «Сівая легенда»…

Адноўленую пастаноўку оперы «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага на лібрэта Уладзіміра Караткевіча можна лічыць сапраўды падзеяй у музычна-тэатральным жыцці краіны. Яшчэ было б не блага, каб гэта пераўтварылася ў тэндэнцыю. Таму што пастаноўкі на музыку сучасных беларускіх кампазітараў, зрэшты, як і пастаноўкі паводле п’ес сучасных беларускіх драматургаў у беларускіх тэатрах, з’ява, на жаль, надзвычай рэдкая. А тут опера, ды яшчэ па-беларуску! За гэта, безумоўна, далёкаму ад нацыянальных мітрэнгаў беларусаў рэжысёру Міхаілу Панджавідзэ трэба сказаць вялікі дзякуй.

Пра адноўленую оперу (першая пастаноўка адбылася ў 1978 годзе) размаўляюць шмат. Кожны беларускамоўны інтэлектуал лічыць сваім святым абавязкам схадзіць, паслухаць і паглядзець. Але пасля прагляду застаецца нейкі не надта прыемны асадак, а ў глядацкага «я» з’яўляецца шмат пытанняў да калектыўнага «я» стваральнікаў пастаноўкі. Гэтых пытанняў як мінімум пяць.

1. Навошта патрэбна мультымедыйнасць, калі яна не якасная?

Апошнім часам у Оперным з’яўляецца шмат пастановак, багата аздобленых разнастайнымі сучаснымі «спецэфектамі». Так, рухомая сцэна, шматузроўневасць і шматяруснасць — гэта зручна, эфектна і бясспрэчна ўзбагачае сцэнаграфію. Пытанні выклікаюць няякасныя лічбавыя праекцыі і поліэкран. Навошта яны патрэбныя, калі аблокі ў «Сівой легендзе» больш нагадваюць нейкую дзіцячую недарэчнасць і толькі перашкаджаюць сканцэнтравацца на дзеі, што адбываецца на сцэне. Ды і, наогул, канцэптуальная адпаведнасць лічбавых выяваў, якія суправаджаюць оперу, выклікаюць сумневы. Праваслаўнымі храмамі і крыжацкімі бойкамі стваральнікі, відаць, хацелі падкрэсліць гістарычны кантэкст. Але атрымалася проста перанасычаная агульная карцінка. Калі немагчыма дабіцца якаснай выявы (ўсё банальна рассыпаецца ў пікселях), то чаму б ад мультымедыйнасці, наогул, не адмовіцца? Спачатку я падумала, што тэатр проста купіў адмысловае абсталяванне, і такім чынам трэба апраўдваць яго прысутнасць. Але потым дапяла — гэта, напэўна, аўтарскі стыль… Узгадайце хаця б оперы «Набука» і «Тоска» Міхаіла Панджавідзэ.

2. Чаму законная жонка Кізгайлы Любка паводзіць сябе з мужам, як выгляжанка-спакусніца?

Гэтае пытанне непакоіла, здаецца, не мяне адну. У шаўковай чорнай камбінацыі (падобна на вытворчасць самі-разумееце-чыю) шляхцянка Любка (дарэчы, праваслаўная па веравызнанні, хаця муж перайшоў у каталіцтва) спакушала ўласнага мужа, каб дабіцца ад яго рашэння не аддаваць свайму сябру Раману халопку Ірыну, якую той пакахаў. Інтрыга ў тым, што Любка сама закаханая ў Рамана. І не важна, што яна шляхцянка. Галоўнае, што яна жанчына. А жанчыны дзеля кахання здольныя на ўсё. Праўда, у оперы «Сівая легенда» каварнасць Любкі пераўтварылася ў пошласць і абмежаванасць. Прынамсі за яе таннымі паводзінамі зусім не чытаецца моцная і хітрая шляхцянка з абвостраным пачуццём уласнай годнасці. Зрэшты, як не чытаюцца характары і іншых персанажаў. Раман — непаслядоўны, Ірына — фарфоравая, Кізгайла — бязвольны. Зрэшты, усё гэта тычацца больш не вакалу, а акцёрскай гульні. Няпэўнасць была (ёсць? будзе?) хіба што ў беларускім вымаўленні. Гучыць занудна, але чаму б выдатным оперным спевакам не навучыцца спяваць па-беларуску правільна. Асіміляцыйная мяккасць, «я» ў першым складзе перад націскам, ну і ўсё такое. Тады б, магчыма, характары загучалі больш выразна.

3. Куды падзелася паўстанне Караткевіча?

У Караткевіча часцяком любоў да жанчыны перарастае ў любоў да Радзімы. Або наадварот. Дакладна адно, без радзімы каханне немагчыма. Пішу без пафасу. Аповесць «Сівая легенда» паўстаннем пачынаецца, паўстаннем і завяршаецца. У канцы — абстрактныя вобразы абязручанай і аслепленай краіны… Караткевіч не пісаў пра нейкае рэальнае паўстанне. Яго паўстанне — зборны вобраз змагання беларускага народа за сваю свабоду.

{quote-1}

4. Што сказаў бы пра сёлетнюю пастаноўку сам Уладзімір Караткевіч?

Гавораць, што Уладзімір Караткевіч напісаў лібрэта да оперы на гатовую музыку кампазітара Дзмітрыя Смольскага. І таму, быццам бы, у нечым мусіў падпарадкоўвацца канцэпцыі Смольскага. Мажліва, яно ў нечым і так. Але Караткевіч, мяркую, цудоўна разумеў, што пераўтвараць пранікнёную аповесць з цудоўным меладраматычным патэнцыялам у батальную пастаноўку не варта. Дорага і неапраўдана. Галоўны мэсадж можна данесці і так. Тым больш што каханне да жанчыны ў яго заўжды амаль эквівалентнае любові да радзімы. Толькі вось у оперы галоўнымі чамусьці аказаліся каханне Рамана і Ірыны; роспач і пошасць Любкі. А на фоне шляхцічы чамусьці адбіваюцца ад агалцелых сялян. Ясна, што яны пратэстуюць у тым ліку і супраць саслоўнай няроўнасці. Яны за тое, каб халопка Ірына пабралася шлюбам з нобелем Раманам. І гэта нібыта сімвал роўнасці. Нібыта…

5. Пры чым тут Пётр і Фяўронія?

Опера, як і аповесць сканчваецца абстрактна. Раман і Ірына будуць разам. Але знявечаныя назаўсёды. Раману адрубілі рукі, Ірыну асляпілі. Але каханне іх — жыватворнае. Народ, які ўмее так кахаць, не можа і не мае права быць несвабодным і нешчаслівым. Стваральнікі оперы вырашылі метафару пераўтварыць у жыццё. Дакладней, у немудрагелісты хэпі-энд. Рукі ў Рамана адрастаюць (апагей метафарычнасці і сілы кахання!), а Ірына зноў пачынае бачыць… Навошта ж так у лоб?! Сапсавалі катарсіс. Гледачы і самі маглі дадумаць.

Для дасягнення поўнага эфекту перамогі дабра над злом напрыканцы оперы з’яўляюцца выявы святых Пятра і Фяўроніі. З імі аўтары пастаноўкі быццам атаясамліваюць Рамана і Ірыну, і наогул, як бы падкрэсліваюць (сваё веданне таго?), што Беларусь — спрадвечна праваслаўная краіна. Праўда, глядзіцца гэта таксама непераканаўча. Па-першае, таму што Беларусь спрадвечна яшчэ краіна і талерантная (хто не згодны, пачытайце Міколу Ермаловіча). Па-другое, таму што Пётр і Фяўронія РУСКІЯ праваслаўныя святыя, якія лічацца ахоўнікамі СЯМ’І і ШЛЮБУ. Нічога сабе падрахунак, праўда?!..

Карацей, уратоўвае толькі музыка Дзмітрыя Смольскага.

Интересно? Поделитесь в друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Похожие статьи

Популярное