title image

World press photo – з шырока расплюшчанымі вачыма

Фотажурналіcтыка як спроба асэнсаваць рэальнасць.

Фотажурналістыка як спроба асэнсаваць рэальнасць…

І не проста асэнсаваць, а спыніць. Спыніць імгненне. Спыніць агрэсію, гвалт, боль, дыктатуру. Спыніць, таму што калі глядзіш на ўсе гэтыя фотаздымкі (зробленыя пераможцамі WPP-2012 і прадстаўленыя да 24 снежня ў мінскай галерэі Ў), хочацца, каб усё гэта больш ніколі не паўтарылася. Інфармацыйнымі падставамі для здымкаў сталі самыя розныя падзеі 2011 года. Ну, а там, вы памятаеце, Кадафі і Мубарак, цунамі і землятрус у Японіі, Кім Чэн Ір і Кім Чэн Ыр, тэрарысты-смяротнікі, Афганістан, публічныя пакаранні ў Іране і яшчэ мноства цмяных момантаў несправядлівасці на мяжы хаосу. Вось тут ужо дакладна, калі б здымалі коцікаў, зайчыкаў і кветачкі, на душы было б спакайней. Але рэальнасць больш суровая.

Автор Самуэль Аранда

Праўда, вусціш, якая апаноўвае пад час прагляду гэтых фота, не адмаўляе іх высокапрафесійнасці, якасці, пацыфізму, жадання абараніць жывую прыроду і змагацца за адмену смяротнага пакарання… Фотаздымкі якраз і разлічаны на тое, каб уразіць канчаткова і беспаваротна так, што ніякай вайны, слезатачывых газаў і аўтарытарызму нікому ўжо не захочацца. Хаця не. Акурат тым высокапастаўленым, хто мог бы спыніць усё гэта, як раз абыякава. Яны ўбачаць, скажам, фота Самуэля Аранды ў The New York Times (на якім Фаціма аль-Кос са сваім 18-гадовым сынам Заедам, які пацярпеў ад слезатачывага газу пад час вулічнай дэманстрацыі ў сталіцы Емена супраць 33-гадовага аўтарытарнага кіравання прэзідэнта Алі Абдулы Салеха) і наўрад ці нават звернуць увагу на чарговую жанчыну ўсю ў чорным са слязьмі на вачах. Яны прывыклі ўжо да такіх відовішчаў…

У міжнародным конкурсе фотажурналістыкі WPP (такім прэстыжным, што яго нават называюць “Оскарам” для фатографаў, хаця мне асабіста здаецца, што тут для параўнання больш падыходзіць Залаты мядзведзь Берлінале) ёсць розныя намінацыі: навіны, партрэты, людзі ў навінах, прырода і інш. Бадай у кожнай з намінацый ацэньваюцца асобна адзіночныя і серыйныя здымкі. Дык вось адзіночныя ўразілі сваёй выразнай лаканічнасцю, асбалютнай безапеляцыйнасцю і яснасцю кампазіцыі – так і толькі так. Напрыклад, фота кітайца Лі Янга для China Daily, на якім ратуюць нявесту, якая спрабавала скочыць з вакна з-за таго, што яе кінуў абраннік. Або сюррэалістычнае фота з партрэтам паўночнакарэйскага правадыра…

Серыйныя фота ўразілі выразнай драматургіяй. Яны, нібыта раскадроўка да кінафільма, паслядоўна расказваюць нейкую гісторыю. Вельмі кранальна, ныпрыклад, глядзіцца серыя Брэнта Сцёртана пра паляванне на рог насарога. Здабыча рогу насарога забаронена, але ахвочых атрымаць яго становіцца ўсё больш і больш. У В’етнаме і Паўднёвай Афрыцы яго прадаюць за баснаслоўныя грошы. На першым фота серыі мы бачым насарога, якому спілавалі рог і адпусцілі. Цяпер ён блукае па правінцыі Масвінга ў Зімбабвэ. На апошнім фота серыі – “паўнавартасны” насарог, якога абараняюць уззброеныя мужчыны. Завязка, кульмінацыя, развязка.

{quote-1}

— Беларуская фотажурналістыка – гэта, у першую чаргу, навінавая газетная або агенцкая фотажурналістыка – распавядае фотажурналіст, каардынатар Belarus Press Photo Вадзім ЗАМІРОЎСКІ, – У нас проста няма часопісаў, якія маюць трошку іншы фармат. Кшталту “Русского репортера”, дзе фатографы робяць праекты, серыі, якія распавядаюць пра нейкую праблему. Як правіла для іх не патрэбна шмат тэксту, літаральна некалькі словаў. Смешна, але паміж сабой з калегамі мы жартуем, што ў Беларусі ёсць тэмы, якія здымаюць штогод амаль аднолькава, і гэта насамрэч праблема. Напрыклад, кожны год едуць на Палессе здымаць журавіны, або фатаграфуюць Каляды і Купалле. Але не ўсё так дрэнна. У апошнія гады мы пабачылі, што з’яўляецца моладзь, якая пачынае рабіць праекты і серыі, нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма часопісаў ці газет, якія маглі б купіць у іх гэтыя праекты. У сусветнай фотажурналістыцы на сёння праекты значна істотней, чым адзіночныя падзейныя фота. Насамрэч адназначна цяжка сказаць, што важлівей. Але серыі у нас раней практычна ніхто не рабіў, акрамя Андрэя Лянкевіча (каардынатар праекту World Рress Photo ў Мінску – Аўт.). Апошнім часам сітуацыя стала змяняцца.

WPP – гэта трагічна-пазнавальная выстава. Хаця ёсць і адносна светлыя фотаздымкі (Тыдзень моды ў Сенегале або радыёвядучая-манашка на Гаіці, напрыклад). Калі паглядзець усе здымкі і асэнсавана прачытаць тлумачэнні да кожнага, то ў галаве складваецца больш яскравае ўяўляенне пра тое, чым жывуць людзі ва ўсім свеце сёння, ад чаго пакутуюць, з чым змагаюцца. Гэта як быццам канцэнтраваная доза інфармацыі з тэлеканалаў Euronews, Discovery, і National Geographic разам узятых. Прычым калі я наведала галерэю Ў, то там было вельмі шмат ахвочых атрымаць гэтую дозу. Нягледзячы нават на тое, што фотаздымкі ўсіх пераможцаў WPP можна пабачыць на сайце worldpressphoto.org.

Интересно? Поделитесь с друзьями!
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Похожие статьи

Imaguru Video

Популярное