Навошта шведскія пісьменнікі едуць у Беларусь.
Шведская пісьменніца з беларускімі каранямі Інга-Ліна Ліндквіст часцяком наведвае нашу краіну з майстар-класамі і выступамі. Яна пісьменніца-шматстаночніца. Дэбютавала, як паэт, прычым дзякуючы Іосіфу Бродскаму (але падрабязней пра гэта ніжэй!), піша дзіцячыя кнігі, раманы, аўтабіяграфічную прозу і нават п’есы. Працуе літаратурным крытыкам у самай буйной шведскай газеце «Aftonbladet» і вось ужо 13 гадоў выкладае ў адной з найбуйнейшых шведскіх школ для пісьменнікаў — Skrivarakademin. Акрамя гэтага яна маці траіх дзяцей і пытанні кшталту «Як вы гэта ўсё паспяваеце?» здаюцца ёй недарэчнымі. «Гэта жа Швецыя! Тут мужчыны па-роўну дзеляць з жанчынай усе хатнія клопаты «, — тлумачыць Інга-Ліна.
Да таго ж яна перакананая, што пісаць можна навучыцца і навучыць. І сведчаннем гэтаму з’яўляецца паспяховая дзейнасць іх папулярнай школы. Штогод там дэбютуе 10-15 маладых аўтараў у розных жанрах. Гэта людзі, якія прыйшлі ў школу без аніводнай публікацыі, а скончылі яе – з першай выдадзенай кніжкай.
{quote-1}
Тым не менш Інга-Ліна расставіла некаторыя кропкі над «і».
— У чым сутнасць пісьменніцкай школы Skrivarakademin?
— Гэтая школа была створана ў 1992 годзе калектывам пісьменнікаў у Стакгольме. І з самага пачатку ідэя была ў тым, што выкладаць там могуць толькі пісьменнікі. І дасюль гэта наш фірмовы знак — у нас выкладаюць толькі пісьменнікі і толькі ў тых жанрах, у якіх працуюць самі. Паэты вучаць паэтаў, пісьменнікі-фантасты выкладаюць фантастыку, драматургі выкладаюць тэатр і г. д. На самым пачатку, невялікі калектыў пісьменнікаў у невялікім памяшканні распрацаваў праграму і даваў курсы. У выніку курсы сталі папулярнымі і нас пад сваю апеку ўзяла адна вялікая арганізацыя – Аб’яднанне дзяржаўных універсітэтаў. Цяпер ў нашай школе ёсць свабодныя курсы, то бок курсы, у якіх за асобную плату можа ўдзельнічаць любы ахвочы. І ёсць два пісьменніцкія факультэты — рэальны і віртуальны. Яны функцыянуюць па прынцыпе звычайнага ўніверсітэта. Усе курсы платныя. У Швецыі гэта вельмі распаўсюджана. Розныя арганізацыі арганізоўваюць свае курсы.
— Курсы даступныя па коштах?
— Наогул, так, гэта даступна. Магчыма, менавіта нашыя курсы трошку больш каштуюць, чым астатнія. Але зазвычай гэта даволі прыймальныя кошты. А часам для дзяцей і пенсіянераў, напрыклад, зусім бясплатныя. Студэнтам робяць зніжкі. У нас такія курсы вельмі-вельмі папулярныя. Амаль усе шведы ходзяць на нейкія курсы: вучаць мовы, займаюцца танцамі, керамікай. А да нас прыходзяць, каб вучыцца пісьменніцкаму майстэрству. За два гады навучання слухачы школы паспяваюць прайсці розныя тэмы: прозу, паэзію, сцэнарый, аўтабіяграфічную прозу. З імі працуюць пісьменнікі, якія дапамагаюць зразумець літпрацэс у цэлым, яго механізмы, кніжны рынак. У межах курсаў ладзяцца сустрэчы з выдаўцамі, агентамі, крытыкамі, каб з усіх бакоў паглядзець на літаратуру. Школа ў нас вельмі вялікая. У год праз курсы праходзіць 500-600 чалавек. І зараз праз Саюз беларускіх пісьменнікаў мы спрабуем перадаць свой вопыт.
— Што вы самі выкладаеце ў школе?
— Я выкладаю там з 2000 года. У сувязі з тым, што я пісьменнік вельмі шырокага профілю, то я выкладаю шмат прадметаў: і прозу, і паэзію. Але мой асноўны блок – аўтабіяграфічная проза. Два гады я вучылася на факультэце драматургіі, таму магу выкладаць і драматургію. Я нават напісала дзве п’есы. Іх паставілі, але яны вельмі кароткія. Адна – пра нашу знакамітую паэтэсу Карын Бойе, якая жыла ў Берліне. Другая – больш дзіцячая, па матывах готландскіх казак.
{quote-2}
— Інга-Ліна, раскрыйце крыху таямніцу вашага дзяцінства. Ведаю, што вы нарадзіліся ў Барысаве і да 15 год там пражылі. Як вы апынуліся ў Швецыі?
— Наогул, нарадзілася я ў Вільнюсе, а ў Барысаў пераехала ў вельмі малым узросце. Таму можна сказаць, што я ўсё сваё дзяцінства правяла ў Барысаве. А ў Швецыю я патрапіла вельмі банальна: мая мама выйшла замуж за шведа, і мы пераехалі туды жыць. Мой бацька – беларускі мастак Уладзімір Кузьменка. Ён вучыўся у Мінскім мастацкім інстытуце. Потым пераехаў у Літву і там быў вельмі актыўны ў беларускай дыяспары. Калі ён працаваў у Беларусі, то шмат рабіў грамадскай працы: графіку ў дамах культуры і ўсё такое.
— Адкуль у вас такое незвычайнае імя?
— У метрыцы мяне так запісалі. Запісала мая бабуля. Чаму – ніхто не ведае. Мае бацькі хацелі, каб мяне звалі проста Інга. І бабулю адправілі ў ЗАГС, каб яна мяне запісала. Яна вярнулася з маёй метрыкай, у якой запісана – Інга-Ліна. Бабуля тлумачыла гэта тым, што Інга – вельмі кароткае імя, а раптам я стала б настаўніцай.
— І ў Швецыі вы пачалі пісаць па-шведску?
— З самага пачатку я пісала на рускай мове. І пераехаўшы ў Швецыю я пісала вершы па-руску.У мяне зусім не было ніякіх амбіцый друкавацца. Я проста пісала вершы. Але аднойчы здарылася вельмі цікавая гісторыя. Некаторыя свае вершы я паказвала іншым. І вось мая знаёмая перакладчыца з рускай мовы аднойчы была на сустрэчы з Іосіфам Бродскім, калі той прыязджаў у Стакгольм. Яна прачытала Бродскаму мае вершы, той сказаў, што гэта нешта вельмі незвычайнае, пацікавіўся, чые гэта вершы. Адзін шведскі рэдактар, які пры гэтым прысутнічаў, пазней патэлефанаваў і прапанаваў мне надрукавацца. Але ўсе мае вершы былі па-руску. Спакваля я прыйшла да таго, што стала сама сябе перакладаць на шведскую. І вось так, дзякуючы Іосіфу Бродскаму, з якім асабіста ніколі не сустракалася, я стала друкавацца па-шведску.
— А цяпер вы вершы пішаце?
— Не, таму што, калі не жывеш у моўным асяродку, вельмі складана пісаць вершы. Ды і мне стала нашмат цікавей пісаць раманы, я вельмі люблю расказваць гісторыі!
— Як у Швецыі ўспрымаюць літаратуру наогул? Ці запатрабаваная яна чытачамі? Ці падтрымліваецца дзяржавай?
— Літаратура ў Швецыі каціруецца вельмі высока. І многіх пісьменнікаў вельмі любяць. Прычым менавіта шведскіх пісьменнікаў. Там любяць чытаць сваіх. І там заўжды так было: сваю нацыянальную літаратуру прадаваць лягчэй, чым замежную. Канешне, у нас шмат чаго адбылося апошнім часам. Напрыклад, знакаміты шведскі бум дэтэктываў. Гэта вельмі ўплывае на літаратуру. Зараз усе пішуць дэтэктывы. Але ў нас вельмі шмат цудоўных пісьменнікаў, якіх, думаю, у Беларусі ведаюць: Чэрстын Экман, Свен Нурдквіст (аўтар гісторый пра ката Фіндуса), Пэр Улаў Энквіст, Томас Транстромэр (шведскі паэт, які атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2011 годзе), дзіцячая літаратура ў нас на вельмі высокім узроўні.
{quote-3}
Канешне, у нас таксама літаратура змагаецца з эканамічнымі праблемамі. І нашая сістэма падтрымкі літаратуры зараз стаіць пад пытаннем. Дзяржава вельмі цісне на Саюз пісьменнікаў. Але наогул сістэма такая: кожны раз, калі шведскую кнігу бяруць у бібліятэцы, на рахунак самога пісьменніка або Саюза пісьменнікаў налічваецца пэўная сума грошай. З пэўнай колькасці выдачы кніг грошы налічваюцца канкрэтнаму пісьменніку, а да гэтай колькасці – грошы паступаюць на рахунак Саюза пісьменнікаў. І потым гэтыя грошы размяркоўваюцца па літаратурных стыпендыях.
— То бок узяць кнігу ў бібліятэцы каштуе грошай?
— Не, чытачы бяруць кнігі бясплатна. А дзяржава налічвае за гэта грошы пісьменнікам. Такая дзяржаўная падтрымка.
— І гэта сістэма працуе?
— Так, яна цудоўна працуе. Людзі ходзяць у бібліятэку, бяруць кнігі. У нас пытанне развіцця і падтрымкі бібліятэк заўжды стаіць на парадку дня. Але гэтая сістэма падтрымкі пісьменнікаў знаходзіцца пад пагрозай. Мы сталі членамі еўрапейскай садружнасці, і там пачалі скардзіцца на тое, што быццам бы такім чынам мы дыскрымінуем пісьменнікаў іншых краін, таму што грошы ідуць толькі шведскім пісьменнікам. Але ад гэтага мы нібыта «адбіліся». Сказалі, што “не-не, мы абараняем сваю нацыянальную культуру, вы нас не чапайце”. І ЕС ад нас адчапіўся. Праўда, цяпер дзяржаўнае кіраўніцтва хоча ўрэзаць усё гэта, але мы змагаемся. Проста сёння мяняецца яшчэ і тэхніка. Кнігі ў бібліятэках бываюць у розных відах. З’явіліся электронныя. І менавіта пытанне электронных кніг стаіць вельмі востра. Саюз пісьменнікаў і бібліятэкі ніяк не могуць дамовіцца наконт аплаты за карыстанне электроннымі кнігамі.
— Ці сочыце вы за беларускай літаратурай?
— Я сюды прыязджаю, таму стараюся сачыць, але гэта даволі складана. Я ніяк не магу зразумець, як у Беларусі робяць рэкламу літаратуры. Дзе я магу даведацца пра тое, якія кнігі выйшлі. Я жыву за мяжой і не ведаю, дзе мне шукаць навінкі. Напрыклад, у Расіі ўвесь час дасылаюць анонсы, калі я недзе купіла кнігу, то мне адразу пачынаюць дасылаць лісты пра новую прадукцыю. Тое самае ў Швецыі: разгортваеш газету, там безліч рэцэнзій. Амаль кожная кніга, якая выходзіць у Швецыі, рэцэнзуецца ў газетах. Любая кніга атрымлівае хоць адну рэцэнзію хоць недзе. А так як ёсць і электронныя версіі газет, то вельмі лёгка пра ўсё даведацца. І кнігі таксама прадаюцца праз інтэрнет. А як гэта адбываецца ў Беларусі, я не разумею. Няма такога агульнага доступу. Усё ідзе выключна праз знаёмых. Я ведаю, што Барыс Пятровіч піша, таму што яго творы перакладаюцца ў Швецыі, Алесь Пашкевіч, Анка Упала. Тыя, хто з намі падтрымлівае кантакты, пра тых мы ведаем. А пра астатніх мы нічога не ведаем. Я нават не ведаю, як пра іх даведацца. Таму і ладзяцца розныя праекты, каб распаўсюджваць беларускую літаратуру ў свеце.
Фота Алены КАЗЛОВАЙ.