Трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! расчыняе свае дзверы для ўдзельнікаў конкурснай праграмы. Ад 27 красавіка пачынаецца прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Фестывалю.
Трэці фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! расчыняе свае дзверы для ўдзельнікаў конкурснай праграмы. Ад 27 красавіка пачынаецца прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Фестывалю.
Да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах сёлетняга Фестывалю запрашаюцца як прафесіяналы ў галіне рэкламы і камунікацыі, так і пачаткоўцы і аматары, якія адчуваюць у сабе смеласць і моц ствараць і развівацца ў галіне беларускамоўнай рэкламы. Прыём працаў працягнецца да сярэдзіны чэрвеня.
Сёлета Фестываль памяняў свой стыль. Ён зрабіўся больш прамянёвым, шматколерным і разнастайным. Канцэпцыя стылю заснаваная на перакрыжаваннях колераў — разнастайных ідэяў, якія ў спалучэнні нараджаюць новыя і новыя. Абнавіўся і сайт Фестывалю adnak.by. На ім цяпер можна знайсці яшчэ больш цікавай і карыснай інфармацыі, паглядзець фота- і відэасправаздачы і зменшыць колькасць забабонаў у дачыненні да ўжывання беларускай мовы ў рэкламнай камунікацыі.
Мінулыя два фестывалі паказалі, што цікавасць да беларускамоўнага рэкламнага і камунікацыйнага прадукту расце. Колькасць удзельнікаў і працаў у параўнанні з Першым фестывалем павялічылася больш чым удвая —272 працы ад больш як 100 удзельнікаў.
“Даючы пачатак такой з’яве, як Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, мы імкнуліся стварыць пляцоўку для абмену досведам пашырэння ўжытку беларускай мовы ў рэкламе як якаснага камунікацыйнага інструмента. Пляцоўку, адкрытую для ўсіх. Гэта атрымалася. Фестываль зрабіўся трэндам, падзеяй, якой чакаюць. Ён аб’ядноўвае найлепшых беларускіх і нават замежных спецыялістаў у галіне культурніцкай і рэкламнай камунікацыі”, — адзначае каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.
Сёлета Фестываль працягне арыентавацца на некамерцыйную сферу — сацыяльна значныя і культурніцкія праекты, што дэманструюць прафесійным удзельнікам рэкламнага рынку і бізнэсоўцам эфектыўнасць прасоўвання тавараў і паслугаў па-беларуску. Гэта дапаможа залучыць іх у працэс пошуку новых крэатыўных ідэй і формаў камунікацыі, адкрыць новыя магчымасці ўжывання беларускай мовы ў рэкламе.
“Магчымасці беларускай мовы, на жаль, яшчэ недастаткова поўна выкарыстоўваюцца ў камерцыйнай рэкламе. Асабліва гэта датычыць прадуктаў і брэндаў, якія па сутнасці ментальна беларускія і маюць беларускамоўныя назвы. Шматлікія вядомыя беларускія кампаніі ўжо пайшлі гэтым шляхам і сёння атрымліваюць добры вынік”, — адзначыў кіраўнік праекту Marketing.by Сяргей Скараход.
Фестываль дазволіць па-іншаму паглядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, па-іншаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з пакупнікамі. Запаліць больш агню ў вачах рэкламістаў, каб убачыць больш яркіх і сучасных праектаў у розных кірунках і формах масавай камунікацыі.
Кульмінацыяй Фестывалю стане Вялікі фестывальны дзень, які пройдзе 5 ліпеня. Адукацыйная праграма Фестывалю будзе складацца з серыі майстар-класаў беларускіх і замежных прафесіяналаў у галіне рэкламы, а завершыцца дзень цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.
Адзначце 5 ліпеня ў сваім календары як дзень беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі. І сачыце за навінамі як на сайце Фестывалю (adnak.by), так і на сайтах арганізатараў (marketing.by, budzma.org) і інфармацыйных партнёраў.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся ў прэс-службу Фестывалю AD.NAK!:
Алесь Плотка,
Тэл.: (29) 394-82-04